Выйшла першая частка трыб’юта «Ляпісу Трубяцкому»

15 ліпеня адбыўся рэліз першай часткі «Lyapis Crew: ТРУбьют», у межах якога музыкі з розных краін запісалі свае версіі песень гурта «Ляпіс Трубяцкі». Гэты рэліз стаў вынікам вялікага краўдфандынгавага праекта, які распачаўся год таму на сайце Planeta.ru.

Міхалок

У межах праекта трэба было зрабіць кавер на любую песню «Ляпісаў» (у тым ліку да-"Капітальнага" перыяда) у сучаснай альтэрнатыўнай стылістыцы. Агулам на конкурс прыйшло каля 300 запісаў.

– Першапачаткова мы планавалі выдаць толькі 20 лепшых кавераў, – прызнаецца прад’юсар гурта Яўген Калмыкоў. – Але прыйшло столькі цікавых трэкаў, што давялося пашырыць праект. У выніку ён выйдзе ў трох частках, кожная з якіх будзе змяшчаць у лічбавай версіі па 25-30 кампазіцый. Усе тры часткі маюць умоўны стылістычны напрамак. У першай больш року, другая складалася з акцэнтам на ска-панк, трэцяя – на панк. Карацей, сумна нікому не будзе!

Сярод удзельнікаў праекта хапае вядомых артыстаў. У першай частцы можна пачуць песні «Ляпісаў» у выкананні Noize MC (Расія), Сяргея Бабкіна (Україна), гурта «Бумбокс» (Україна) і рэпера Басты (Расія). Ёсць на першай складанцы і шэсць калектываў з Беларусі: «Жнюв», «ТТ-34», «Пані Хіда», Exist-M, Kurt Roll і «Ворона». 

Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1

Ад сёння альбом "Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1" можна спампаваць у iTunes і паслухаць на "Яндэкс.Музыцы", а 28 ліпеня лэйбл Soyuz Music выдасць яго на CD. Другая і трэцяя часткі праекта выйдуць у канцы жніўня і верасня адпаведна.

Гурт «Ляпіс Трубяцкі» спыніць існаванне 1 верасня 2014 года. Развітальны тур пад назвай «Клоуна нет» будзе складацца толькі з чатырох выступаў: у Маскве (22 жніўня), Вільне (23.08),  Кіеве (26.08) і Санкт-Пецярбургу (27.08). Беларусы маюць магчымасць набыць квіткі і атрымаць бясплатныя візы на выступ у сталіцы Літвы. Падрабязнасці пра канцэрт.

13:07, 16/07/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0567 seconds.