«Ляпіс Трубяцкі» адкрыў уласнае інтэрнэт-радыё

У Сеціве пачало вяшчанне Радыё Lyapis Crew — музычная радыёстанцыя для прыхільнікаў, сяброў і аднадумцаў гурта «Ляпіс Трубяцкі». 

У эфіры Радыё Lyapis Crew 24 гадзіны ў суткі гучаць галоўныя хіты галоўнай беларускай каманды, каверы на «ляпісаўскія» песні з праекта «Lyapis Crew:ТРУбьют»», які рыхтуецца да выпуску, і самыя гарачыя рок-, ска-і рэгі-баевікі з усяго свету, узятыя з асабістых плэйлістоў удзельнікаў групы. Важным элементам эфіру таксама з'яўляюцца вершы Сяргея Міхалка, якія даўно сталі неад'емнай часткай канцэртаў «Ляпіса Трубяцкога». 

«Мне здаецца, што ў нас атрымалася сучаснае і нясумнае радыё, — кажа прэс-аташэ «Ляпісаў» у Расіі Аляксандр Бергер. — Я думаю, што яно будзе цікавым не толькі фанам групы і — ужо не ведаю, на жаль ці на шчасце — сапраўды яе перажыве». 

Радыё Lyapis Crew можна слухаць на афіцыйным сайце гурта «Ляпіс Трубяцкі» па адрасе: radio.lyapis.com, на старонцы групы «ВКонтакте», на сайце Planeta.ru, а таксама ў дадатку TuneIn. 

Гурт «Ляпіс Трубяцкі» распадзецца 1 верасня 2014. Развітальны тур «Ляпісаў» пад назвай «Клоуна нет» будзе складацца ўсяго з чатырох выступаў: у Маскве (22 жніўня), Вільні (23.08), Кіеве (26.08) і Санкт-Пецярбургу (27.08). Беларусы, якія жадаюць наведаць выступ у сталіцы Літвы, могуць атрымаць бясплатныя візы.

10:56, 07/07/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0578 seconds.