Крызіс у ЕГУ: афіцыйная экспертыза пацвердзіла неправамернасць дзеянняў кіраўніцтва

ЕГУ

Рашэнне літоўскай кантралюючай інстанцыі абвяргае заявы адміністрацыі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (Вільня) аб правамернасці яе дзеянняў, што прывялі універсітэт да зацяжнога крызісу. Кантралёр па акадэмічнай этыцы і працэдурах задаволіў пададзеную Сенатам ЕГУ скаргу аб парушэннях у дзеяннях кіраўніцтва універсітэта. Заяўніком выступіў сябра Сената Андрэй Ралёнак.

Атрыманы 30 красавіка афіцыйны адказ ад кантралёра па акадэмічнай этыцы і працэдурах канстатуе парушэнні кіраўніцтвам ЕГУ ў асобе Кіроўнай рады пяці артыкулаў універсітэцкага Статута. Парушэнні мелі месца пры прыняцці рашэнняў, звязаных з кіраваннем універсітэта і зменамі яго арганізацыйнай структуры, а таксама пры правядзенні і конкурсу на выкладчыцкія пазіцыі.

Андрэй Ралёнак, сябра Сената ЕГУ:

«Скарга складалася з некалькіх пунктаў. Першы — Кіроўная рада стварала пазастатутныя выканаўчыя ворганы накшталт Выканаўчага камітэта Кіроўнай рады і Выканаўчай рады, якім дэлегавалася прыняцце ключавых кіраўнічых рашэнняў. Другі — ёй была парушаная працэдура правядзення конкурсу на замяшчэнне выкладчыцкіх пасадаў у пытанні стварэння конкурснай камісіі (гэтым павінен быў займацца Сенат). Наша скарга была цалкам задаволеная».

Кантралёр рэкамендуе Кіроўнай радзе адклікаць рашэнне ад 25 студзеня 2014 года аб фармаванні конкурснай камісіі па адборы выкладчыкаў, а таксама прывесці свае дзеянні, што звязаныя са зменамі ў кіраванні і структуры універсітэта, у адпаведнасць са Статутам ЕГУ. Лагічным следствам гэтай рэкамендацыі павінна стаць адмена шэрагу ўжо прынятых рашэнняў — ад увядзення пазіцыі правоста (першага прарэктара) да правядзення і вынікаў конкурсу на 17 выкладчыцкіх пазіцый, абвешчанага 13 студзеня 2014.

Кантралер рэкамендуе рэктару ЕГУ праінфармаваць Усеагульны сход саўладальнікаў (GAPO) аб выяўленыных парушэннях.

На думку кантралёра, «устаноўленыя парушэнні акадэмічнай этыкі і працэдуры павінны быць ліквідаваныя неадкладна». Інфармацыю аб выніках ён чакае ад Анатоля Міхайлава да 2 чэрвеня 2014 года.
Рашэнні кантралёра маюць рэкамендацыйны характар, але ў выпадку іх невыканання пытанне можа быць вырашанае праз суд.

Андрэй Лаўрухін, сябра Сената ЕГУ: «Гэта рашэнне выклікае аптымізм — значыць, усё, што было, гэта не вынік нашага групавога ўяўлення (як гэта спрабуе прадставіць адміністрацыя). У нас на руках ужо ёсць дакумент, які пацвярджае абгрунтаванасць нашых патрабаванняў».

Зварот да кантралёра па акадэмічнай этыцы і працэдурах — не адзіная спроба беларускіх выкладчыкаў адстаяць свае правы ў дзяржаўных інстанцыях Літвы. На 2 траўня ў Вільні прызначанае папярэдняе судовае слуханне па справе аб звальненні старшыні Сената ЕГУ прафесара Паўла Церашковіча, які звярнуўся ў судовыя інстанцыі 5 сакавіка 2014 года.

Даведка

Кантралёр па акадэмічнай этыцы і працэдурах — дзяржаўная кантралюючая інстанцыя, дзейнасць якой рэгулюецца Законам Літоўскай рэспублікі аб навуцы і адукацыі (арт.18). Кантралёр прызначаецца Соймам Літвы і падсправаздачны яму. Зварот да кантралёра быў зроблены Сенатам ЕГУ 28 лютага 2014 г. Непасрэднай падставай для звароту сталі, па меркаваньні Сената, неаднаразовыя парушэнні кіраўніцтвам ЕГУ Статута універсітэта і іншых унутраных дакументаў у працэсе прыняцця кіраўнічых рашэнняў і падрыхтоўкі конкурса на замяшчэнне выкладчыцкіх пазіцый.

Яшчэ па тэме:

UPD 07.05.2014 16:50

ЕГУ даслаў Generation.by каментар юрыста, па які звярнулася адміністрацыя універсітэта пасля рашэння Кантралёра

«На падставе вынікаў праведзенага намі грунтоўнага аналізу мы рэкамендуем Універсітэту аспрэчыць рашэнне Кантралёра Літоўскай Рэспублікі па акадэмічнай этыцы і працэдурах. Рашэнні кіраўніцтва Універсітэта, на падставе якіх праводзіўся і быў паспяхова завершаны конкурс на замяшчэнне прафесарска-выкладчыцкага складу, цалкам адпавядаюць палажэнням Статута ЕГУ і Закону Літоўскай Рэспублікі па навуцы і адукацыі. Пастанова Кантралёра выходзіць далёка за рамкі пытанняў этыкі і даследуе адміністрацыйныя пытанні, што відавочна перавышае паўнамоцтвы чыноўніка», — мяркуе юрыст Dovile Aukstuolyte з адвакацкай канторы «ECOVIS Мішкініс, Квайнаўскас і партнёры».

comments powered by Disqus
 
In 0.0789 seconds.