Прафсаюз ЕГУ: аб’яўлены конкурс парушае статут універсітэта
Рада прафсаюза працаўнікоў ЕГУ «EHUnion» распаўсюдзіла заяву ў сувязі з абвяшчэннем адкрытага конкурсу ў ЕГУ, у якой заклікае выкладчыкаў да байкоту.
Рада прафсаюза працаўнікоў ЕГУ «EHUnion» выказвае глыбокае шкадаванне ў сувязі з тым, што замест пошуку кампрамісу з акадэмічнай супольнасцю ўніверсітэта, адміністрацыя ЕГУ 20 лютага 2014 г. абвясціла аб правядзенні адкрытага конкурсу на замяшчэнне пазіцый прафесарска-выкладчыцкага складу. Следам за звальненнем прафесара П.У. Церашковіча, такія аднабаковыя дзеянні наносяць шкоду рэпутацыі і іміджу ўніверсітэта, маюць дэструктыўны характар. На дадзены момант ва ўніверсітэце працуюць больш за 240 выкладчыкаў. Заключэнне доўгатэрміновых працоўных дамоваў толькі з 17-цю не будзе спрыяць павышэнню якасці і прывядзенню дзейнасці ўніверсітэта ў адпаведнасць з нацыянальнымі і еўрапейскімі нормамі, як гэта заяўлена ў аб'яве аб пачатку правядзення конкурсу.
Абвешчаны конкурс і кадравая рэформа ў цэлым парушаюць Статут ЕГУ і дзейнае Палажэнне аб арганізацыі конкурсу на замяшчэнне пасадаў выкладчыцкага і навуковага складу ЕГУ № 30/2 ад 24.03.2010 г., закон Літоўскай Рэспублікі № XI-242 «Аб навуцы і адукацыі» ад 30.04.2009 г. і дыскрымінуюць пераважную большасць выкладчыкаў універсітэта. Дэ-факта конкурс праводзіцца на ўжо занятыя працоўныя месцы. Тое, што цяперашнія працоўныя адносіны з супрацоўнікамі аформленыя не ў адпаведнасці з законам, у дадзеным выпадку з'яўляецца віной працадаўцы. Акрамя таго, правядзенне конкурсу і ўнутранага адбору адначасова прадугледжвае і скарачэнне персаналу, якое праводзіцца не ў адпаведнасці з працоўным заканадаўствам ЛР, што з'яўляецца чарговым парушэннем.
Асобна варта таксама адзначыць, што нагрузка выкладчыкаў на наступны пасля конкурсу навучальны год зацвярджалася так званой Выканаўчай радай ЕГУ, наяўнасць і статус якой не прапісаныя ў Статуце ўніверсітэта.
Акрамя вышэйзгаданых парушэнняў, неабходна заявіць, што абвешчаны конкурс такім не з'яўляецца. Апісанні «вакансій» (патрабаванні да кандыдатаў) складзеныя пад канкрэтных выкладчыкаў. Профілі пазіцый, якія выносяцца на «конкурс», публічна не абмяркоўваліся ў акадэмічных дэпартаментах, а таксама не зацвярджаліся Сенатам, як таго патрабуюць дзейныя нормы. Вынікі гэтага мерапрыемства можна лёгка вызначыць да яго завяршэння, што пацвярджае сымуляцыйны і непразрысты характар абвешчанага «конкурсу».
Рада прафсаюза «EHUnion» ужо больш за год робіць неаднаразовыя спробы пачаць сацыяльны дыялог з адміністрацыяй універсітэта, прапаноўваў і прапануе спыніць разбуральныя дзеянні, што ажыццяўляе адміністрацыя, нармалізаваць (легалізаваць) існыя фактычныя працоўныя адносіны паміж працаўнікамі і працадаўцам. І толькі пасля гэтага, ажыццявіўшы шырокае абмеркаванне кадравай палітыкі ў цэлым і рэформы выкладчыцкага складу ў прыватнасці і атрымаўшы ўхвалу акадэмічнай супольнасці і яго прадстаўнікоў, ажыццяўляць правядзенне рэформы.
У існуючых умовах Рада прафсаюза «EHUnion» заклікае:
- патэнцыйных «пераможцаў» конкурсу не ўдзельнічаць у мерапрыемстве, якое парушае нарматыўныя акты;
- усіх выкладчыкаў ўстрымацца ад падачы заявак на ўдзел у «конкурсе», каб не легітымізаваць гэты працэс.
Ад нашых салідарных дзеянняў залежыць аднаўленне законнасці, сацыяльнай справядлівасці і акадэмічнай аўтаноміі ва ўніверсітэце. У найбліжэйшы час будуць прынятыя актыўныя дзеянні па абароне парушаных правоў выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта.