«Ляпіс Трубяцкі» выпусціў альбом-казку надта падобную на рэальнасць

Гурт «Ляпіс Трубяцкой» прадставіў у Інтэрнэце новы альбом «Матрёшка». У яго ўвайшло 10 новых песень, а таксама кавер на песню гурта «Гражданская оборона» «Государство».



Гурт адзначае, што ўсе песні былі напісаныя задоўга да ўкраінскіх падзеяў. Аднак прыхільнікі праз дзень пасля публікацыі альбому змайстравалі неафіцыйны кліп на песню «Воины света» з кадрамі ўкраінскай рэвалюцыі. Кліп на адну з самых меладычных песень альбому разыходзіцца па сеціве з вялікай хуткасцю і за суткі атрымаў дзесяткі тысяч праглядаў.

UPD. 4 сакавіка з’явіўся афіцыйны  кліп гурта на песню «Воины света»:

Ляпис Трубецкой - Воины света / Lyapis Trubetskoy - Warriors of Light from Lyapis Trubetskoy on Vimeo.

Адначасова з выхадам альбому пачаўся новы тур «Ляпісаў», які таксама атрымаў назву «Матрёшка» — у яго рамках група наведае ўсе буйныя гарады Расіі і Украіны, а таксама Латвію, Літву, Эстонію, Казахстан, Польшчу, Чэхію, Германію, Ізраіль і іншыя краіны.

Заява анарха-сіндыката Lyapis Crew:

«Усе песні, якія ўвайшлі ў альбом «Матрёшка», былі напісаныя ў 2012 годзе, задоўга да ўкраінскага Майдана, расійскай Алімпіяды і іншых знакавых падзей, з якімі цяпер многія асацыююць нашу пласцінку.

«Матрёшка» — гэта не агітка, не прапаганда, не куплеты на злобу дня. Гэта музычна-фантастычны кібер-панк, гэта альбом-казка, прысвечаны нашай недалёкай будучыні. За час, які прайшоў з 2012 года, нейкія з песень ужо пачалі спраўджвацца , нейкія пакуль не спраўдзіліся — а спраўдзяцца ці не, залежыць ад нас сённяшніх, ад нашых учынкаў тут і цяпер.

Таму вядзіце сябе добра. Абараняйце слабых, змагайцеся з несправядлівасцю, адстойвайце сваё меркаванне, дапамагайце тым, хто трапіў у бяду, і не забывайце пра дзве самыя галоўныя рэчы, якія ёсць у нашым жыцці: сяброўства і каханне».

Рэліз альбому «Матрёшка» адбыўся 1 сакавіка 2014. Альбом выйшаў адначасова на CD, вініле, фірмовых плэерах Lyapis Crew, а таксама на iTunes і іншых лічбавых платформах.

Бясплатна паслухаць альбом можна на сэрвісе «Яндэкс Музыка»

22:00, 03/03/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.2062 seconds.