«Прывід аўтара»: выйшаў 13-ы нумар часопіса «ПрайдзіСвет»

У новым нумары інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет» змешчаныя творы такіх знаных класікаў сусветнай літаратуры, як Франц Кафка, Джордж Оруэл, Чэслаў Мілаш, Жузэ Сарамагу, Эдгар Алан По, Томас Стэрнз Эліят, Іосіф Бродскі і інш. 

Эсэістыка, публіцыстыка, інтэрв’ю, нобелеўскія лекцыі, вершы, прысвечаныя асобе пісьменніка, працэсу стварэння мастацкага твора, чытанню і небяспекам, што яно часам прыносіць, былі абраныя рэдакцыяй як асноўная тэма новага нумару “Прывід аўтара”.

Некаторыя з тэкстаў ужо выходзілі раней у беларускім перыядычным друку, аднак у інтэрнэце дагэтуль не былі прадстаўленыя.

З прадмовы да нумару:

«Адны чытачы забываюць пра існаванне аўтара, ледзь загарнуўшы кнігу (а хтосьці — яшчэ да таго, як яе разгорне), іншыя ж могуць аўтара ўзненавідзець, закахацца ў яго ці да канца свайго жыцця з ім палемізаваць. І гэта няпраўда, што аўтар, які памёр гадоў так сто пяцьдзясят таму, не будзе ім адказваць.

…Таямніца, якой і аўтары, і іх прывіды дзеляцца нашмат больш ахвотна, — гэта рэцэпты напісання добрых вершаў ці раманаў альбо гісторыі пра свае заблытаныя стасункі з чытачом, ці з музай, ці з грамадствам. Адкрывацца гэтая таямніца можа па-рознаму — ад прыватных лістоў і дзённікаў да прадмоваў, пасляслоўяў і сур’ёзных літаратуразнаўчых артыкулаў.

У творах такога кшталту, як і ў іх чытачах, недахопу не было ніколі, бо і самі пісьменнікі, і іх прыхільнікі часам хочуць зразумець, як гэта — сесці і напісаць кнігу. Ці сесці і прачытаць кнігу. А часам нават самому твору робіцца цікава: як жа я зроблены?»

Часопіс выдаецца толькі ў электронным выглядзе. Азнаёміцца са зместам, а таксама пачытаць і спампаваць творы, прадстаўленыя ў 13-м нумары “ПрайдзіСвета”, можна на сайце часопіса.

13:27, 18/02/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0615 seconds.