Art Detected — новы «дэтэктыўны» нумар «ПрайдзіСьвету»

«Art Detected» — пад такой назвай выйшаў дзевяты нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет».

Стваральнікі выданьня паспрабавалі ня толькі аспрэчыць думку, што дэтэктыў — нізкі жанр, але і на прыкладзе новага нумару прадэманстраваць: крымінальныя гісторыі бываюць цікавыя і запатрабаваныя інтэлектуаламі. Больш за тое, адзін з аўтараў нумару Даніэль Клугер сьцьвярджае: гэта самы ўзвышаны і нават самы паэтычны літаратурны жанр.

Ці так гэта, рэдакцыя часопіса запрашае пераканацца саміх чытачоў. Іх увазе — сур’ёзная клясыка: гісторыі пра зноў папулярнага Шэрлака Холмса ад Артура Конана Дойла, пра айца Браўна ад Гілбэрта Чэстэртана, апавяданьні Агаты Крысьці, Эдгара По, Э. Т. А. Гофмана, Вольгі Такарчук, Інрыд Ноль і іншых.

Але востры розум — гэта не толькі разгадваньне загадак і замілаваньне таямніцамі, гэта яшчэ ўменьне сьмяяцца зь сябе і сваёй сур’ёзнасьці. Дэтэктыўныя пародыі з радзела «Бясчынства, сэр!» прадстаўленыя творамі Брэта Гарта, Жана Жыраду, Рэкса Стаўта, Аркадзя Аверчанкі і інш.

Таксама новы «ПрайдзіСвет», магчыма, зможа выправіць недахоп айчынных дэтэктываў. Парады знаных майстроў крымінальнага жанру дапамогуць дэтэктыўшчыкам-пачаткоўцам напісаць свой беларускі раман. А парадамі з перакладчыкамі дэтэктыўнай літаратуры дзеліцца багеміст і ня толькі Сяргей Сматрычэнка.

Калі ж чытаньне надакучыць, праверыць веды пра самага знакамітага ў сьвеце Шэрлака холмсазнаўцы змогуць спэцыяльнай тэставанкай.

І яшчэ адна прыемная нечаканасьць 9-га нумару: усе тэксты зь яго можна спампаваць у фарматах .pdf і .mobi, а значыць, прачытаць ня толькі на сайце, але і ў электронных кнігах.

Нясумнага вам чытва і мастацкіх загадак!

21:00, 27/03/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.