Канцэрт Вайцюшкевіча забаранілі таксама ў Воршы

Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча быў запланаваны ў Воршы ў межах серыі імпрэзаў прысвечаных Дню народзінаў Караткевіча і мусіў адбыцца ў музеі пісьменніка. Але мясцовыя арганізатары даведаліся ўчора, што Вайцюшкевічу выступаць у іх нельга.

Вайцюшкевіч
Адзін з апошніх перад забаронай вялікіх выступаў Змітра Вайцюшкевіча. Менск, 13 студзеня 2011 году

Як паведамляе Orsa.eu, які спасылаецца на словы аднаго з арганізатараў, ініцыятыва забароны сыходзіла не ад мясцовых чыноўнікаў, а такі загад магло спусціць толькі больш высокае кіраўніцтва.

Сітуацыя ў Воршы вельмі нагадвае аналагічныя падзеі ў Полацку тыдзень таму. Там канцэрт Змітра Вайцюшкевіча быў забаронены загадам аблвыканкаму і арганізатарку нават паабяцалі звольніць з працы. Абедзве забароны адбыліся за дзень да запланаваных выступаў. Першапачаткова арганізатары канцэртаў не мелі ніякіх праблемаў з іх правядзеннем.

Зміцер Вайцюшкевіч трапіў у «Спіс забароненых» увесну 2011 году. Пераважная частка з пералічаных у ім артыстаў паступова атрымала магчымасць выступаць у Беларусі ізноў. Але неафіцыйныя забароны на выступы Змітра Вайцюшкевіча, а таксама гурта «Ляпіс Трубяцкой» застаюцца.

comments powered by Disqus
 
In 0.0733 seconds.