Зміцер Вайцюшкевіч упершыню заспявае для беларусаў у Вільні (+бясплатныя візы)

6 чэрвеня ў Вільні адбудзецца канцэртная прэзентацыя новага альбома Змітра Вайцюшкевіча «Наша песня» – гэта будзе першы «выяздны» выступ артыста для беларускай публікі з бясплатнай візавай падтрымкай.

Вайцюшкевіч
Адзін з апошніх перад забаронай вялікіх выступаў Змітра Вайцюшкевіча. Менск, 13 студзеня 2011 году

Зміцер Вайцюшкевіч – адзін з галоўных прадстаўнікоў сучаснай беларускай нацыянальнай песні. На яго рахунку паўтары дзясяткі альбомаў канцэртных праграм на вершы беларускіх паэтаў – Камоцкага, Барадуліна, Някляева, Бураўкіна ды іншых. А таксама замежных (японскіх, шведскіх, польскіх) паэтаў у перакладзе на беларускую. Шмат хто нават жартуе, што дзеля прапаганды беларускай паэзіі і мовы Вайцюшкевіч зрабіў больш, чым міністэрства культуры.

Праз актыўную грамадзянскую пазіцыю Зміцер двойчы (у 2004-2007 і 2011-2014 гадах) трапляў у неафіцыйныя спісы «забароненых» музыкаў, чые выступы ў Беларусі, а таксама эфіры на радыё і тэлебачанні, сустракаюць усе магчымыя перашкоды, а таму фактычна немагчымыя. У кастрычніку 2014 Вайцюшкевіч даў першы за 3,5 гады (пры гэтым аншлагавы) сольны канцэрт, але пасля гэтага яшчэ два выступы ў Мінску былі сарваныя. Праз адсутнасць іншых магчымасцей для сустрэчы з беларускай публікай, музыка вырашыў даць першы ў сваёй кар’еры «выяздны» канцэрт у Вільні. Выступ адбудзецца ва ўтульнай зале Дома польскай культуры, разлічанай на 500 гледачоў.

– Плануем вялікую двухгадзінную праграму з двух аддзяленняў. Першае – прэм’ера новага альбома на вершы беларускіх паэтаў. Другое – найлепшыя песні розных гадоў, – распавядае Вайцюшкевіч. – Гэта будзе прыгожы выступ поўным складам WZ-Orkiestra. Нягледзячы на ўсе знешнія абставіны, падтэкст канцэрта, як і альбома, будзе пазітыўны, лірычны і жыццесцвярджальны. Вясна ж на двары!

Квіткі з правам на візавую падтрымку (аднаразовая віза без консульскага збору са спрошчаным наборам дакументаў, тэрмін дзеяння з 5 да 7 чэрвеня ўключна) паступяць у продаж 4 траўня ў 10.00. Набыць іх можна толькі ў «Тэатральнай касе» по адрасе: Мінск, вул. Калініна, д.5. Там жа адбываецца рэгістрацыя на падачу дакументаў ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі (Мінск) і Генеральным консульстве (Гродна). Апошні тэрмін падачы – 29 траўня. Квіткі без візавай падтрымкі ўжо можна набыць у сістэмах Kvitki.by (Беларусь) і Bilietai.lt (Літва).

Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra – прэзентацыя альбома «Наша песня»

6 чэрвеня, Вільня, Дом польскай культуры. Адрас: Naugarduko gatve, 76. Пачатак у 19.00.

Кошт квіткоў: 400 тыс. руб. Інфалінія: (029) 636 56 16 і (029) 239 56 16. Дадатковая інфармацыя: www.cartadorog.by, www.zagranicy.by.

13:35, 28/04/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0562 seconds.