«Грузін ён увесь добры, таму што дрэнных мы парэзалі кінжаламі»

Грузія

22 гады таму, з распадам СССР Беларусь атрымала дзяржаўную незалежнасць. 22 гады таму атрымала яе таксама і Грузія. Але дзяржавы-аднагодкі мала чым падобныя. Іншы менталітэт, больш еўрапейская палітыка, адсутнасць дыпламатычных адносін з Расіяй – усё гэта характарызуе сённяшнюю Грузію. «Тут я адчуваю сабе, як у Эўропе – казаў пра краіну прэзідэнт Францыі Сарказі». У мінулую нядзелю ў Тбілісі адбылася інаўгурацыя Георгія Маргвелашвілі. Грузіны абралі новага, дарэчы, чацвёртага ў гісторыі незалежнай Грузіі, прэзідэнта. 

Зялёны ліхтар. Пра горад

«Дзяўчына, чаго чакаем, чаго на кантроль не падыходзім?» – чую незадаволены голас супрацоўніка мінскага аэрапорту. Падымаю вочы. На табло гарыць чырвоны ліхтар “Stop”.

«Чакаю, пакуль зялены ліхтарык загарыцца», — адказваю. Служачы смяецца.

«Перагарэў ліхтар, ужо два месяцы не працуе. Праходзьце!».

Так пачалося маё падарожжа ў Грузію.

Першае, што я пабачыла ў Тбілісі – гэта, вядома, аэрапорт. І, як Сарказі, адчула сябе ў Еўропе: сучасны мадэрновы аэравакзал значна адрозніваецца ад нашага роднага «Мінск-2». І адрозніваецца ў лепшы бок. Тут, напрыклад, не прыйшлося цягнуць цяжкі чамадан на другі паверх па лесвіцы. І ўсе ліхтарыкі працуюць.

Раніцай выйшла ў горад. У вочы кідаецца недахоп святлафораў і пераходаў. Шчыра кажучы, у Тбілісі іх увогуле практычна няма. Кожны едзе, як умее. Пешаход павінен заўсёды быць уважлівым, бо інакш вельмі рызыкуе трапіць пад машыну. Пасля некаторых выпадкаў пачала пільна сачыць за аўтамабілямі. Я рушыла ў напрамку цэнтра. Цэнтр Тбілісі выглядае прыгожа і па-еўрапейску: будынкі са шкла і металу ў стылі мадэрн уражваюць сваім маштабам. Туды-сюды ездзяць фунікулёры, бо палова гораду знаходзіцца на гары. Ёсць нават вулічныя шахматы. Давяршае ўсю гэтую прыгажосць знакаміты мост Міра – падарунак жыхарам сталіцы ад былога прэзідэнта Саакашвілі. Дарэчы, тбілісцы завуць мост «олвейсам», з-за характэрнай формы.

Трохі адыходжу ад цэнтра і трапляю ў нейкі двор. Тут ужо не ўсё так па-еўрапейску. Шчыра кажучы, Тбілісі, які схаваны ад погляду тыповага турыста, выглядае не так прывабна, але каларытна. Адразу бачыцца кантраст, які існуе і ў грамадстве. Побач з багатымі новенькімі будыначкамі знаходзяцца сапраўдныя трушчобы. Тут і старыя абадраныя сцены, і непафарбаваныя вокны-дзверы, і бялізна на вяроўках, і, як апафеоз, сохне на нітках чурчхела – нацыянальны грузінскі ласунак.

Пра ежу

Наогул, ежа ў Грузіі збольшага традыцыйная. У кафэ тут падаюць шашлык, хінкалі з розным начыннем, харчо, бараніну і, канешне, віно. Усе грузінскія стравы вельмі вострыя, нават тыя, што адносяцца да еўрапейскай кухні. Калі першыя дні ў Тбілісі я з захапленнем ела хінкалі і шашлыкі, то ў апошнія дні адзінаю маёю мараю стаў просты суп і бульба, пажадана без аніякіх прыправаў. Грамадскае харчаванне наогул вельмі папулярнае ў Тбілісі. Бывала, што нашай кампаніі з 5-7 чалавек не хапала месца сесці, і тады прыходзілася есці на балконе.

«Дзяўчынка, ці ты мяне спужалася?» Пра людзей

Грузіны – вельмі ветлівы і гасцінны народ. Хлопцы падміргваюць дзяўчатам яўна не грузінскай знешнасці на вуліцах, таксісты распавядаюць гісторыю свайго жыцця і спрачаюцца пра палітыку, жанчыны шмат пытаюцца пра Беларусь і жыццё тут, і нават грузінскі сабака настойліва лез проста ў аб'ектыў майго фотаапарата.

Акрамя ветлівасці, грузіны валодаюць незвычайным гумарам і адкрытасцю. Так, адзін грузінскі хлопец спрабаваў пазнаёміцца са мной. «Дзяўчынка, ці ты мяне спужалася?» – кажа. «Не пужайся, бо грузін увесь добры. А ведаеш, чаму? Таму што ўсіх злых грузінаў мы парэзалі кінжаламі».

Пра выбары

Пазнаёміўшыся трохі з краінай і яе жыхарамі, я, шчыра кажучы, чакала не вельмі чыстых па працэдуры выбараў. Але я моцна памылілася. Мы з калегай, міжнародныя назіральнікі, акрэдытаваныя ад арганізацыі Belarus Watch, агледзелі за дзень 16 выбарчых участкаў, і на ўсіх з іх працэдура выбараў, прапісаная ў заканадаўстве, выконвалася практычна дасканальна. Не было тут п’яных камісій, не было танцаў і спеваў падчас галасавання, не было сямейнага і групавога галасавання, нават у глухіх вёсках.

Адносіны да назіральніка – гэта тэма, што заслугоўвае асабістай увагі. Усе камісіі ставіліся да назіральнікаў з павагай, тлумачылі ўсё, што адбываецца на ўчастку, давалі ўсю неабходную інфармацыю. Некаторыя з камісіі нават размаўлялі з намі па-руску, не гледзячы на наяўнасць перакладчыка. Дазвалялі фатаграфаваць і здымаць відэа, саступалі месцы, з якіх найбольш добра відаць працэс… Агулам кажучы, назіральнік тут, у адрозненні ад Беларусі, не вораг, а сябра.

Падлік галасоў быў таксама вельмі адкрытым. Мяне, беларуску, нават абралі як адну з персон, што непасрэдна назіраюць падлік галасоў каля стала. Камісію не засмучала нават тое, што я не ведаю грузінскага алфавіту – проста дазволілі пасадзіць побач перакладчыка. На ўчастку, дзе мы назіралі падлік галасоў, было больш за 1300 галасуючых і кожны бюлетэнь, згодна з заканадаўствам, быў зачытаны ўголас.

Прыгажун. Паскрыптум

«Яна…Як я Вам?» – пытае мяне на гейце супрацоўнік аэрапорта Тбілісі.

«Прыгажун», – адказваю.

«Дзякуй. Спадзяюся, вам спадабалася мая краіна. Добрага палёту».

Так, мне вельмі спадабалася ваша краіна, Грузія. Спадабаліся адкрытыя добрыя людзі, спадабаліся празрыстыя выбары, спадабалася атмасфера свабоды. Толькі сум бярэ ад думкі, што мабыць, калі супрацоўнік аэрапорту Тбілісі прыедзе на выбары ў маю краіну, яны, хутчэй за ўсё, не спадабаюцца яму. 


Яна Ляшковіч 15:08, 21.11.2013 | Маршруты |




comments powered by Disqus
 
In 0.045 seconds.