Беларусь vs Weissrussland

Беларусь у сьвеце далёка не паўсюль «Беларусь». Вайсрусланды і іншыя B(y)elOrusSian’ы моцна ўкараніліся і нават прарасьлі ў некаторых краінах сьвету.

Швэдзкія палітыкі заклікаюць свой урад афіцыйна ўжываць слова Belarus замест Vitryssland. А міністар замежных спраў Мартынаў вучыць нямецкіх журналістаў, што краіны Weissrussland няма. Каго яшчэ варта навучыць «Belarus» любіць, паспрабаваў разабрацца Алесь Герасіменка.

Апошні віток высьвятленьня, «як правільна казаць» пачаўся пасьля таго, як у адрас некаторых афіцыйных швэдзкіх структур прыйшоў ліст ад групы скандынаўскіх беларусаў. Яны прапанавалі разгледзець пытаньне аб зьмене афіцыйнага швэдзкага назову Беларусі. Аўтары пасланьня заўважылі, што дзейсны назоў Vitryssland, які ў літаральным перакладзе значыць «Белая Расія», прыніжае сувэрэнітэт Беларусі. Удзельнікі ініцыятывы жаляцца на тое, што з-за гэтага недарэчнага назову швэды ўвесь час блытаюць іх з расейцамі.

Беларусаў падтрымала адна з апазыцыйных партый Швэцыі, якая падрыхтавала ляканічны зварот:

«Надышоў час зьмяніць назву апошняй эўрапейскай дыктатуры».

Швэдзкія ўлады ўжо ў другі раз разглядаюць пытаньне назову Беларусі. Упершыню гэтае пытаньне падняў швэдзкі дэпутат Урбан Алін у 1996 годзе, але пацярпеў паразу.

Цяпер пытаньне паднімаецца самімі беларусамі пры падтрымцы амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. Ініцыятары кампаніі таксама зьвярталіся за падтрымкай да амбасады Беларусі ў Стакгольме, але атрымалі адмову.

І гэта ня першы і, бадай, не апошні прыклад такога слоўнікавага супрацьстаяньня.

«Родина моя…»

«We are not Weissrussland, we are Be-la-rus», — заўважыў аднойчы кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў. Ветлівая заўвага нямецкаму журналісту была зробленая ў час прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне, калі той ужыў слова Weissrussland — даволі распаўсюджаную ў нямецкіх СМІ назву краіны.

Паглядзім, якія яшчэ эўрапейскія краіны дагэтуль выкарыстоўваць абсалютна не падобныя да афіцыйнай назвы краіны варыянты.

Як высьветлілася, такіх сем штук. У большасьці зь іх прынятымі застаюцца варыяцыі на тэму Белай Расіі (Нямеччына, Аўстрыя, Вугоршчына, Нідэрлянды, Данія, Швэцыя і Нарвэгія).

Што да астатніх, то шмат эўрапейскіх краін называюць нашу краіну на расейскі манер «Белоруссией». Сярод іншых, дарэчы, вылучылася Латвія, якая ўжывае варыянт Baltkrievija. Але гэта не ўвасабленьне мары адэптаў вяртаньня да нашых крывіцкіх каранёў. Проста Balts перакладаецца як «белы», а Krievija — гэта Расея.

«Частка Расеі, проста чамусьці белая»

Так дзе ж яна, Белая Русь? Рэдактар ангельскамоўнага блогу Generation.bY Тацяна Хома, якая зараз вучыцца ў Вене, ня раз сутыкалася зь лягічнай праблемай: шмат хто ў ЭЗ лічыць, што Беларусь — гэта проста правінцыя Расеі.

«Тое, што Беларусь не асобная дзяржава, можна часам пачуць ад людзей, якія мала знаёмыя з гісторыяй і палітыкай усходняй Эўропы, — кажа Тацяна. — Калі людзі дрэнна ведаюць, што там з савецкім саюзам адбылося, то робяць высновы з назову. І калі назоў Weißrussland, то робіцца адпаведнае заключэньне, што Беларусь — частка Расеі, проста чамусьці белая. Пытаньне пра незалежнасьць Беларусі я чула нават ад аднаго швайцарскага прафэсара, які перапытаў, ці Беларусь ёсьць ўсё яшчэ часткай Расеі».

«Галоўны аргумэнт апанэнтаў паўсюднага ўжываньня Belarus — у беларускай мове мы таксама перакладаем назовы іншых краін. Мой адказ заўсёды такі: называць Беларусь Белай Расеяй — значыць не ўсьведамляць і адмаўляць палітычныя зьмены ў бок незалежнасьці, якія адбыліся ў краіне за апошнія 20 год». 

Тацяну гэта справа так дапякла, што яна напісала цэлы маніфэст, які скончыла заклікам «вы зробіце беларусам вялікую паслугу, калі будзеце ўжываць больш прымальны для нас назоў нашай краіны і тлумачыць гэта тым, хто ўсё яшчэ выкарыстоўвае састарэлы варыянт». Дарэчы, зьвярніце ўвагу на камэнтары да публікацыі, пазнавальная рэч.

«Але занадта настойлівымі і вельмі пурыстычнымі ў дачыненьні традыцыі іншых моваў мы ня маем права быць», — кажа дарадца Аляксандра Мілінкевіча ў міжнародных пытаньнях Аляксандр Лагвінец.
«Зь іншага боку, варта было б было дастасоўваць да сёньняшніх рэаліяў назву краіны. Старыя назвы накіроўваюць ў каляніяльнае мінулае Беларусі, і больш правільна было называць нашу краіну Belarus альбо іншымі вытворнымі, якія зьвязаныя з гістарычнымі традыцыямі».

Цяпер сталіца Джорджыі — Тбілісі

Мы не самотныя ў слоўнікавым змаганьні. Нашу суседку па былой імпэрыі — Грузію — цяпер паліткарэктней называць Джорджыяй. Прынамсі, з такімі зваротамі грузінскі ўрад нядаўна пачаў зьвяртацца да ўрадаў некаторых краін.

Грузія заклікае замест запазычанага з расейскай «Грузія» выкарыстоўваць у афіцыйнай перапісцы ангельскамоўны варыянт Джорджыя. Альбо, у найгоршым разе, Георгія, як гэта робіць, напрыклад, Ізраіль. Тое, што Джорджыя — гэта яшчэ і амэрыканскі штат, дае вялікую глебу для жартаў.

Невялікі рэйтынг вядомых перайменаваньняў краін быў бы няпоўны без шматпакутнай М’янмы альбо Бірмы. У пэўны момант хунта, якая ўжо дзесяткі год руліць краінай, вырашыла, што прыйшоў час пазбавіцца ад каляніяльнай спадчыны і назвацца больш самавіта. З тых часоў М’янма гучыць горда, але не паўсюль. Былая мэтраполія Вялікабрытанія не прыняла перайменаваньне, спаслаўшыся на тое, што зроблена яно было нелегітымным урадам. Таму на BBC навіны прыходзяць з Бірмы, а па Эўраньюз паказваюць М’янму.

«Назоў краіны, гэта як назоў брэнду, — кажа Тацяна Хома. — Ён грае вялікую ролю, яго трэба рэклямаваць, важна стварыць пазытыўныя асацыяцыі. Таму б хацелася бачыць ад МЗС Беларусі праграму прасоўваньня сучаснага назову Беларусі ў замежных мовах».

Пакуль МЗС «сьпіць», выпраўленьнем сытуацыі заняліся ініцыятыўныя юзэры сацыяльнай сеткі Facebook, якія арганізавалі нядаўна адмысловую групу прасоўваньня сучаснага назову Belarus. У гісторыі гэтай сацыяльнай сеткі ўжо ёсьць прыклады пасьпяховага выкарыстаньня магчымасьцяў новых мэдыяў.

«Як бы нас не называлі звонку, самае галоўнае, каб у нас была моцная нацыянальная саматоеснасьць, і мы ведалі, чаго мы хочам і што ёсьць нашымі нацыянальнымі каштоўнасьцямі», — дадае Аляксандр Лагвінец.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.