1 лістапада ў Інтэрнэце адбыўся рэліз альбома «Грай» гурта «Ляпіс Трубяцкі». Гэта першы ў гісторыі каманды цалкам беларускамоўны дыск, які змяшчае 10 вядомых трэкаў з новым мастэрынгам і 2 цалкам новыя песні — «Месяц» і «Сонейка».
«Гэты альбом не мае нейкай пэўнай канцэпцыі, — тлумачыць лідар «Ляпісаў» Сяргей Міхалок. — У ім ёсць сонечныя, яркія песні, а ёсць сумныя, журботныя, прасякнутыя настальгіяй. Яны былі напісаныя ў розныя перыяды майго жыцця і адлюстроўваюць усю палярнасць маіх поглядаў і эмоцый. А прысвяціць гэтую пласцінку я хачу тым людзям, якія ламаюць тандэтны, залізаны, тэлевізійна-малюнкавы вобраз беларусаў — гэткіх цярплівых, ціхіх, спакойных, працавітых, якія не любяць зменаў. Мы жадаем паказаць, што ёсць і іншыя беларусы — якія могуць быць дзёрзкімі, шумнымі, могуць не баяцця праяўляць сваю індывідуальнасць, якія не жадаюць пражыць сваё жыццё рахама і памяркоўна, а жадаюць быць волатамі, кіроўцамі сваіх лёсаў. Якія ў розных сферах жыцця ствараюць, змагаюцца, дасягаюць, здзіўляюць. Такіх людзей шмат, мы іх ведаем і альбом «Грай» — для іх і пра іх».
Адмыслова да выдання на складанцы «Грай» ужо вядомыя трэкі атрымалі новы мастэрынг ад Джасціна Штурца, які працуе на студыі Sterling Sound у Нью-Ёрку — і загучалі па-новаму.
«Джасцін працаваў над альбомамі Slipknot, Paramore і іншых вядомых артыстаў, ён вельмі круты прафесіянал, — распавядае Міхалок. — Я гэта зразумеў, калі пасля яго працы раптам пачуў у некаторых нашых старых песнях партыі, якія да гэтага наогул не было чуваць».
Паслухаць альбом можна праз сервіс сайта Tut.by:
Прэзентацыя альбома «Грай» адбудзецца ў Вільні, на стадыёне Siemens Arena, 30 лістапада. Напярэдадні гэтага канцэрта альбом будзе выдадзены на CD, вініле і адмысловых mp3-плэерах Lyapis Crew.