Гукавы тэрарызм і сьвята гораду

Яўген Бузоўскі схадзіў на канцэрт Napalm Death у Менску, дзе сабраліся аматары растаптаць сваю агрэсію на танцполе. Пад вострапалітычныя матывы агрэсіўных адэптаў здаровага ладу жыцьця з Вялікабрытаніі Яўген разважае пра выбар. Які адбываецца пакуль зоркі сьвецяць усё гэтак жа прафэсійна, а мы расьцем, танчым, жэнімся, сьпіваемся, або наадварот — назаўжды «завязваем».

Гурт Napalm death — добры прыклад, каб паказаць, што музыка — гэта ўсяго толькі сродак данесьці свой сьветапогляд. У кожнага свая песьня, яна ня мае каштоўнасьці «сама па сабе». Музыка — форма, яе трэба напаўняць. Чым запоўніш свой HMR, толькі тым ён і будзе. Дысторшн — яшчэ не паказчык пэўнай ідэалёгіі, гэта гукавое казытаньне нэрвовай сыстэмы, а ў якіх напрамках казытаць, вырашае выключна сам суб’ект. Выбар.

14 верасьня. Сьвята гораду Мінску, і тут таксама выбар (ён паўсюль): пасядзець дома (субота ж), пакаўбасіцца «ў горадзе» (там эстрада) ці схадзіць на метал-канцэрт (напрыклад, на канцэрт культавых Napalm Death). Так, выбар, выбар… Ён паўсюль, так.

Бірмінгемскі квартэт Napalm death быў заснаваны яшчэ ў далёкім 1981-м, як раз у часы скону панк-року і росквіту вострасацыяльнага, каляпалітычнага хардкору. Ня дзіўна, што менавіта гэтае і стала галоўным ідэалягічным стрыжнем гурту.

Па існасьці, Napalm death за сваю больш чым 30-гадовую гісторыю застаецца фактычна панк-гуртом, у сэнсе ідэалёгіі. Яны не пяюць пра «цмокаў» і «магічны крышталь». Іх «цмокі» сядзяць у парлямэнтах — палітыканы і падобныя.

Napalm death — гэткая шчырая бескампрамісная кампанія. Пры гэтым, што вельмі важна і цікава, большую папулярнасьць (ва ўсякім разе ў нас) гурт мае сярод металістаў, а панкаў на канцэрце амаль няма. Стрэйтэйджэраў (як самі «напалмы») ва ўсякім разе тут ня бачна. Зусім наадварот, неяк кідаюцца ў вочы, скажам так… не зусім цьвярозыя аднагодкі. Ім, можа, ня так важны мэсыдж гурта, ім важна, што гэтую музыку яны любілі ТАДЫ. Такі выбар, ён зноўку, ён паўсюль.

У якасьці «разагрэву» — гурт EXEGUTOR. У калектыве добрыя інструменталісты і гук (часам нават лепей, чым пасьля ў Napalm death). Спробы вакаліста сувора рычаць і адначасова быць уласным канферансье ўспрымаюцца неадназначна.

І без таго затрыманы пачатак сэту Napalm Death цягнецца, як дзікі горкі мёд, але яны ўсё ж пачалі, і тыя, хто гэтага так доўга чакаў, кінуліся на танцпляц растоптваць агрэсію. Думкай у неба, пыл да столі. Тут як хто: некаторыя ўзгадваюць сваё дзяцінства, ім добра, нейкая глямурная пара цалуецца на канапе…

Дзіўна гучыць, але «напалмы»-вегетарыянцы ў гэты вечар выдалі стоадсоткавае бездакорнае «мяса», без ГМО, вялікімі порцыямі і сырое. Калі б музыка была падобная да чалавека, то так, Napalm death — гэта, канешне, мяса. Ні што іншае, нават ня сала — МЯ-СА!

Увогуле, Napalm death ідэю гукавога тэрарызму давялі да абсалюта. Не дарма, сябры мае, вакаліст «напалмаў» Mark «Barney» Greenway засвяціўся ў праекце з назвай Extreme Noise Terror. Усё тут лягічна і натуральна.

Пра «Barney» пагаворым асобна, бо даволі цікавы гэта чалавек. Першае — зьнешнасьць. Уявіце сабе ангельскую сярэднюю школу кшталту як у “Another brick in the wall” ад Pink Floyd. Дык «Барні» мог бы там стаць правадыром пакрыўджаных вучняў, змагаром за іх правы. Такія асацыяцыі. Тут усё: позірк, «акуратная» анціхэвіметал-прычоска, а галоўнае — погляды!

На сцэне «Барні» тузаецца, быццам стаіць у ледзяным душы і кажа гучнае «бррррр». Голас, яшчэ раз голас! Рык! Вакал. Калісьці гэты «дзікі роў» быў для мяне другім зь любімых (першым быў Dave Gahan, такія яны былі, шалёныя дзевяностыя).

Зараз і Napalm death, і Depeche Mode у нас ужо пабывалі. Мы засьведчылі — яны амаль не мяняюцца. Яны на то і «зоркі», што звышпрафэсійна робяць сваю справу, сталыя, надзейныя, як швэйцарскі гадзіннік. Пад рух стрэлак якога мы расьцем, танчым, жэнімся-выходзім замуж (на выбар), сьпіваемся ці наадварот — назаўжды «завязваем», а яны застаюцца ў сваіх 40-45 год усё тымі ж, са сваім разуменьнем праўды, са сваім выбарам.

Яны ТАК разумеюць навакольле, нехта — супрацьлегла ім. І калі нашыя напрамкі ўсё ж неяк сыходзяцца, мы разам, у чадзе дысторшну ці, наадварот, па-асобку ў цішыні. Enjoy the silence. «Barney» ці Dave Gahan.

Выбар. Мы спаўзаем пад ўласназарыганую барную стойку ці сумуем, праціраем «офісныя» акуляры і б’ем сябра па плячы («кхе-кхе, дружыыыышча!»), узгадваем былую маладосьць і «Альтэрнатыўны тэатр», а яны змагаюцца за правы жывёл і за «вольныя прафсаюзы».

І вось так, усім «каўгасам» разам мы ляцім да непазьбежнага абсалюту, гукавога, маральнага, светапогляднага. Кожны на свой лад, з «цяжкімі» гітарамі, ці з эстрадай сьвята гораду, ці ў цішыні. У адпаведнасьці са сваім выбарам, які ніхто не адбірае і ад якога не адверцішся, і гэта цудоўна!

Фота: Станіслаў Шляхціч


Яўген Бузоўскі 12:38, 17.09.2013 | Калонка Яўгена Бузоўскага |




comments powered by Disqus
 
In 0.043 seconds.