Доза брытанскага пораху ад Napalm Death

Napalm Death in Minsk

Менск наведалі пачынальнікі грайндкору і экстрэмальнага хэві-мэталу брытанцы Napalm Death. Утвораны ў Бірмінгеме ў 1982 годзе на сёньня гурт зьяўляецца легендай у сьвеце жорсткай музыкі. Камандзе належыць рэкорд хуткасьці ўдарных — 20 удараў у сэкунду, а адна зь песень занесеная ў «Кнігу рэкордаў Гінэса» як самая кароткая ў сьвеце — яе працягласьць усяго 1,3 сэк. У менскім «Рэактары» было людна: татуяваныя даўгавалосыя мэталісты сьцякаліся кампаніямі павітаць куміраў юнацтва, фэны-падлеткі займалі стратэгічныя пазыцыі пад сцэнаю для экстрэмальнага стэйдж-дайвінгу.

Napalm Death in Minsk

Ад пачатку стварэньня Napalm Death іх музыка грунтуецца на вар’яцкай хуткасьці й жорсткасьці. Дэбютны альбом пад назовам «Scum» пабачыў сьвет у 1987-м. Дагэтуль яшчэ нікому не ўдавалася зьмясьціць столькі злосьці, агрэсіі і анархістычнага вар’яцтва ў ультра-кароткія трэкі. Так, рэкордная, самая кароткая песьня ў сьвеце 'You Suffer' цянгулася ўсяго 1,316 сэкунды. На другі дыск Napalm Death «From Enslavement To Obliteration» (1988), які замацаваў за гуртом статус музычных наватараў і пачынальнікаў грайндкору, увайшло 54 песьні, многія зь якіх доўжыліся па некалькі сэкунд. З больш доўгімі кампазыцыямі прыйшлі й першыя пазыцыі ў ангельскіх чартах.

Napalm Death in Minsk

Цяпер у дыскаграфіі Napalm Death 14 студыйных альбомаў, апошні зь якіх — «Time Waits For No Slave» — выпушчаны ў 2009-м.

А ў межах эўрапейскага турнэ гурт наведаў і Менск. Публіка доўга клікала герояў вечару на сцэну.

Барні, фронтмэн гурта, ня стамляўся прадстаўляць песьні, кожны раз выклікаючы шквал аплядысмэнтаў. Гурт вядомы сваімі антываеннымі пазыцыямі, музыкі змагаюцца за правы жывёлаў і адкрыта выказваюцца на сацыяльна-вострыя тэмы. Куміры канца XX стагодзьдзя выступаюць за здаровы лад жыцьця. Шмат мэталу, энэргіі ў музыцы, а з вадкага «допінгу» — толькі звычайная вада.

Napalm Death in Minsk

Стэйдж-дайвінг — неад’емная рыса ўсіх канцэртаў Napalm Death. Сьмелыя фэны няспынна скочуць са сцэны ў натоўп. У эмацыйным парыве туды ж учора кінуўся і Барні зь мікрафонам. Але тэхнікі пасьпелі перацягнуць рок-зорку назад на сцэну. На разьвітаньне музыкі па-сяброўску доўга ціснулі рукі гледачам і кідалі ў натоўп бутэлькі з вадой.

Napalm Death in Minsk

Ідучы на гэты канцэрт стомленай пасьля эмацыйна насычанага дня, я хвалявалася, каб Napalm Death не вынес мне мозг:) Але ажно прыемна, як лёгка думаецца пад іх жорсткую гучную музыку. У галаве ўсё ўпарадкавалася, але канцэрт скончыўся. Паўтары гадзіны — гэта ўсё ж занадта мала.

Napalm Death in Minsk

Прынамсі паглядзець, як выглядаюць на менскай сцэне пачынальнікі «грайндкору і экстрэмальнага хэві мэталу сярэдзіны 80-х», можна ў фотарэпартажы vojur’a, а для сьмялейшых — youtube з канцэртнымі запісамі й кліпамі.

tarka 16:00, 31/03/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0563 seconds.