Басовішча наадварот

Высачэнныя сосны ў невялікім борыку мястэчка Гарадок выслухалі свой чарговы, ужо дваццаць чацвёрты фестываль Басовішча. «Музыку маладой Беларусі» гэтым разам падавалі пры свежай камфортнай тэмпературы, прадувалі лёгкім ветрам, палівалі цёплым дажджом ды халодным півам у няспыннай трансляцыі працэсу на вялізныя экраны.

«А колькі там людзей збіраецца?» — цікавіцца кіроўца паўпустога аўтобусу, што ўпершыню вязе беларускія гурты на фестываль у Польшчу. З яго магнітолы гучыць Науцілус Пампіліус і іншыя братнія поп-ідалы тэлевізару 90-х, а за спіной едуць два дзясятка беларускіх музыкантаў, якія ціха пацягваюць суграваючыя напоі або гучна спяць.

«Колькі там людзей?» — пытанне, якое ставіць у тупік рэгулярных наведнікаў культавага фестывалю маладых беларусаў. Назва «Басовішча» гучыць як агромністая музычная фабрыка, раскінутая не менш як па футбольным полі ці аэрадроме. На справе ж слухачы фэсту змяшчаюцца на двух дзясятках драўляных лаваў ды танцполе памерам з баскетбольную пляцоўку.

Басовішча шмат гадоў прыцягвае да сябе не шырокім размахам шматтысячнага опэн-эйру, а ўтульнай атмасферай лясной паляны. На якую традыцыйна нібы не згаворваючыся з’язджаюцца сябры і аднадумцы з розных бакоў усходняй мяжы Еўрапейскага Саюзу. У такім фармаце пытанне пра колькасць клапоціць хіба што гандляроў фэсту, ахову ды іншы staff. Больш істотна для наведнікаў: «А ці быў Гэты сёлета?». Але са з’яўленнем трывалых сувязяў сацыяльных сетак, сюрпрызаў больш не будзе.

Каментары пад статусам у Facebook «Хто сёлета збіраецца на Басы?» вызначаюць у матывацыі ехаць/не ехаць часцей значна болей нават за лайн-ап фестывалю. А страчаная магчымасць апынуцца за адным сталом з алдовымі зоркамі беларускай музыкі, выпіць разам піва, прыгнятае многіх заўзятараў мацней, чым адсутнасць гэтых музыкаў на сцэне новага Басовішча.

Сяброўская матывацыя з’яўляецца вырашальнай для традыцыйных наведнікаў фэсту, але новыя пакаленні прыязджаюць за новымі ўражаннямі. Візавы бар’ер аднак пакуль уражвае болей. Арганізатары фестывалю нават атрымаўшы падтрымку Міністэрства замежных справаў задоўга да фэсту, гэтым разам ізноў не паспелі наладзіць уцямны працэс афармлення візаў для наведнікаў Басовішча у польскіх консульствах.

«Яны здаецца не разумелі, калі я звяртаўся да іх па-беларуску, бо актыўна зрэагавалі толькі на польскую фразу, што паспрабаваў уставіць у словы паміж песнямі», — здзіўлена распавядаў адзін з хэдлайнераў новага пакалення Басовішча Зміцер Vinsent пасля свайго выступу. На апошнім канцэрце Вінсэнта ў менскім клубе Re:public збіраўся натоўп ціноў і студэнтаў, якія спявалі хорам цэлыя куплеты. На Басовішча гэты натоўп, на жаль, не трапіў. Маладыя жыхары Падляшша слухалі беларускіх зорак з асцярожнай цікаўнасцю. 

Ангельскамоўны беларускі гурт The Toobes, які закрываў сёлетні фестываль, дабраўся да Гарадка з Захаду. Ён хутка знайшоў паразуменне з публікай новага Басовішча. На шматлікіх канцэртах у Польшчы хлопцы не толькі адшліфавалі свой прафесіяналізм. Лідэр гурта Стас Ламакін у прамежках паміж песнямі ўпэўнена звяртаўся да аўдыторыі «Фестывалю маладой беларускай музыкі» па-польску — аўдыторыя задаволена адказвала.

Сцэна новага Басовішча цяпер мае шыкоўнае святло, амаль бездакорную арганізацыю парадку выступаў і многія іншыя адладжаныя тэхнічныя дэталі, якіх так не хапала студэнцкаму фестывалю цягам многіх гадоў. Але ёсць пачуццё, што яна павярнулася ў адваротны бок. Сетка, якая падзяляла бэкстэйдж Басовішча-2013 і яго гледачоў, падзяліла нібы два фестывалі: выдатны густоўны сярэдняга ўзроўню еўрапейскі фэст і лясны сяброўскі пікнік у стылі вечару сустрэчы з выпускнікамі, на які не пусцілі малодшых студэнтаў, але і забыліся прыехаць многія з выпускнікоў.

У наступным годзе  месца сустрэчы плануецца тым самым і даты прыблізна тыя ж. Басовішча расце, лепей не забывацца.

Басовішча 2013 у двух фотарэпартажах


Юра Сідун 18:00, 22.07.2013 | Басовішча |




comments powered by Disqus
 
In 0.0456 seconds.