Даследчык з амерыканскага ўніверсітэта шукае ў Беларусі беларускамоўных студэнтаў для інтэрв’ю

Выкладчык Брандайскага ўніверсітэта (ЗША) Курт Вулхайзер ладзіць даследаванне «моўных аўтабіяграфій» беларускамоўнай моладзі.

«Па спецыяльнасці я лінгвіст, — піша па беларуску спадар Вулхайзер у звароце да Generation.by, — зараз пачынаю новы праект — параўнальнае даследаванне «моўных аўтабіяграфій» і моўнага ўзусу беларускамоўнай і ўкраінамоўнай студэнцкай моладзі. Запрашаю студэнтаў мінскіх, віцебскіх і гомельскіх ВНУ прыняць удзел у гэтым даследаванні. Мяне цікавяць не толькі асобы, якія выраслі ў беларускамоўных сем'ях і пастаянна выкарыстоўваюць беларускую мову з ранняга дзяцінства, але таксама і «новыя беларускамоўныя», г. зн. тыя, хто выхоўваліся ў рускамоўных сем'ях, але свядома перайшлі на беларускую мову як асноўны сродак зносін».

Тым, хто прыме ўдзел у даследаванні, будзе прапанавана далучыцца да групы з 5-6 чалавек (узростам 18-25) для абмеркавання розных пытанняў, якія тычацца вопыту жыцця беларускамоўных людзей у сучаснай Беларусі.

«Групавыя інтэрв'ю будуць запісвацца на кампутары, але будуць прынятыя меры для забеспячэння прыватнасці вашых адказаў», — адзначае даследчык.

Generation.by ужо пісаў пра першую пробную анкету амерыканскага лінгвіста ў мінулым годзе - цяпер адбываецца працяг даследавання. Удзельнікі групавых інтэрв'ю таксама запрашаюцца прыняць удзел у апытанні праз інтэрнэт, якое будзе праводзіцца ў верасні гэтага года. Матэрыялы інтэрв'ю, разам з дадзенымі апытання, будуць выкарыстаныя для навуковых дакладаў і артыкулаў у галіне сацыялінгвістыкі.

Курт Вулхайзер правядзе інтэрв'ю ў Мінску 9-11 жніўня, у Віцебску 14-15 жніўня, і ў Гомелі 17-18 жніўня.

«Калі вы жадаеце прыняць удзел у гэтым даследаванні (у інтэрв'ю і/альбо апытанні), калі ласка, напішыце мне па адрасе: cwoolhis@brandeis.edu. З нецярпеннем чакаю Вашага адказу!» - звяртаецца амерыканскі даследчык.

comments powered by Disqus
 
In 0.0627 seconds.