Нягледзячы на пажар, «Вольнае паветра» пройдзе ў Шаблях

У ноч з 1 на 2 ліпеня на знакамітым музычным хутары Шаблi Уладзіміра Шаблінскага на Валожыншчыне адбыўся пажар. У пажарнікаў не атрымалася выратаваць жылы дом, аднак іншыя будынкі, гэтак сама як і насельнікі сядзібы, не пацярпелі. Агенцтва «Шаблі» ўжо заявіла, што ўсе запланаваныя на хутары летнія мерапрыемствы адбудуцца.

Вольнае паветра
За апошнія 5 гадоў у Шаблях прайшлі дзясяткі музычных тусовак

Як раней паведамлялі прадстаўнікі МЧС, пажар на хутары адбыўся з-за недагляду за печкай, якую палілі ў жылой хаце. Менавіта яна, паводле агенцтва «Шаблі», пацярпела найбольш.

На лета на хутары традыцыйна былі запланаваныя розныя музычныя падзеі, у тым ліку вялікі фольк-фестываль «Вольнае паветра», які мусіў прайсці 24 жніўня. Паводле агенцыі, усе яны адбудуцца.

«Прыватнае прадпрыемства „Шаблі“ інфармуе сваіх дзелавых партнёраў, гледачоў фестывалю „Вольнае Паветра“ аб адсутнасці зменаў у гастрольна-канцэртным графіку агенцтва і выкананні сваіх абавязкаў у поўным памеры», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні агенцтва.

Вольнае паветра
Уладальнік хутару Уладзімір Шаблінскі

Тым часам актывісты ўжо заклікалі да падтрымкі ўладальніка хутару, былога дырэктара NRM і арганізатара многіх значных канцэртаў і фестываляў Уладзіміра Шаблінскага.

«У Шаблях усё згарэла, трэба дапамагчы разабраць, — паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбук журналістка Ганна Трубачова. — Патрэбныя будаўнічыя мяшкі. Усе, хто зможа сёння паехаць і дапамагчы, вы патрэбныя там».

Пазней Ганна паведаміла, што фізічная дапамога больш непатрэбная, але актывісты плануюць адкрыць дабрачынны рахунак для дапамогі ўладальнікам сядзібы.

Што чакаць на «Вольным паветры»

  • Калі: 24 жніўня
  • Хто: Feindrehstar, Kriwi, Re1ikt, Theodor Bastard, Namgar, Масуд Талібані і група Awindar

«Вольнае паветра» — адзін з самых міжнародных фэстаў гэтага лету, калі глядзець на канцэнтрацыю замежных гуртоў: беларускія гурты на ім рызыкуюць скласці меншасць. Асабліва ўлічваючы паходжанне пашпартоў большасці хэдлайнераў — гэта і немцы, і расейцы, і бураты, таксама, зрэшты, з Расеі. За пяць гадоў этна-фэст займеў нядрэнную рэпутацыю, якая дазваляе выдаць яму крэдыт даверу і размесціць ягонае імя ў спісе топавых фэстаў лета. Як яшчэ, калі і назоў такі рамантычны?

Болей інфы

comments powered by Disqus
 
In 0.0624 seconds.