Беларусь — Тыбет. Чатыры Шляхетныя Праўды Лабсанга Сангая

Лабсанг Сангай
Лабсанг Сангай. Фота AP

Сідхартх Гаўтам пакінуў Чатыры Шляхетныя Праўды, у якіх выклаў будысцкую версію шляху да вызвалення. Праз 2 500 гадоў пасля заснавальніка Будызму прэм’ер-міністр Тыбецкага ўраду ў выгнанні Лабсанг Сангай (Lobsang Sangay), выпускнік Гарварду і тыбецец, які ніколі не быў у Тыбеце, сустрэўся са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні. Пра Беларусь і Тыбет адною моваю казалася ўпершыню.

Тыбет быў акупаваны Кітаем у 1950 годзе. Цягам некалькіх год ім аднак кіравалі традыцыйныя будыйскія ўлады. Але пасля паўстання 1959 году Далай-лама і яго акружэнне вымушаныя былі эміграваць на поўнач Індыі разам з тысячамі бежанцаў.

Лабсанг Сангай — кіраўнік Тыбецкага ўраду ў выгнанні, які быў абраны 27 красавіка 2011 году ў выніку сусветнага галасавання дыяспары. Дагэтуль урад у выгнанні ўзначальваў Далай-лама XIV, які ў пачатку 2011 году публічна абвясціў, што тыбецкі народ мусіць узначальваць выбарная асоба.

Праўда Першая. Мова

«Цяперашні стан рэчаў у Тыбеце вельмі падобны да сітуацыі ў Беларусі. Тыбецкая мова практычна не ўжываецца, нягледзячы на тое, што, згодна з Канстытуцыяй, мова павінная ўжывацца ва ўсіх афіцыйных дакументах. На практыцы ж шмат хто не прызнае існаванне тыбецкай мовы. Практычна на ўсіх узроўнях адукацыі выкарыстоўваюць кітайскую. Ва ўніверсітэтах часта выкладаюць на ангельскай або кітайскай.

Я лічу, што гэта вялікая праблема Тыбету, бо тое, натуральна, шлях да поўнай асіміляцыі. Калі дзеткі растуць у кітайскамоўным асяродку, яны пачынаюць думаць як кітайцы, а потым становяцца кітайцамі. Усё пачынаецца з культурнай асіміляцыі, а пасля народ проста знікае».

Праўда Другая. Эміграцыя

«Сотні і нават тысячы тыбетцаў з’язджаюць у Індыю, каб атрымаць адукацыю. Шмат людзей жадаюць навучацца ва ўніверсітэце або атрымаць рэлігійную адукацыю, а таму едуць у вялікія краіны побач: Кітай або Індыю. Шмат хто вяртаецца, але не ўсе. Вялікі адсотак з’язджае ў Еўропу або ЗША, таксама па адукацыю. У Тыбеце ж улады асцерагаюцца людзей з-за мяжы.

Існуе шмат забаронаў. Напрыклад, нельга называць хваробы ў тэлефонных размовах. Здараюцца такія выпадкі, калі сын з Бостана тэлефануе маці ў Тыбет, пытае, як яе здароўе. А яна можа толькі адказаць, «старая хвароба» альбо «новая хвароба», бо нельга распавядаць пра хваробы за мяжу. Усе лініі праслухоўваюцца. Некаторыя сем’і выдумляюць свае шыфры, каб нармальна размаўляць па тэлефоне.

Радуе, што змешаныя шлюбы паміж тыбетцамі і кітайцамі вельмі рэдкія, гэтаксама як і шлюбы паміж індыйцамі і тыбетцамі. У Тыбеце бяруцца шлюбамі з прадстаўнікамі свайго народу. Таму, мне здаецца, мы здолеем захаваць нацыю».

Праўда Трэцяя. Старэйшы брат

«Праблемам навакольнага асяроддзя ў Тыбеце надаецца вялікае значэнне. Чаму? Таму што Тыбет займае другое месца пасля Арктыкі і Антарктыкі па запасах лёду. Справа ў тым, што краіны, якія знаходзяцца побач, маюць праблемы з пітной вадой. Кітаю і Індыі недастаткова чыстай вады для людзей і жывёлы. А ў нас вялікі рэзерв вады і лёду. Акрамя гэтага, Тыбет таксама валодае запасамі золата, вугалю і мінералаў.

Таму Кітай зацікаўлены ў акупацыі Тыбету. Такім чынам, Кітай атрымлівае магчымасць карыстацца нашымі рэсурсамі».

Праўда Чацвертая. Акупацыя

«За апошнія 50 гадоў Тыбет быў акупаваны 9 разоў. Калі вы абараняеце правы чалавека ў Тыбеце, вы будзеце арыштаваныя. Калі вы выступаеце за захаванне свабодаў чалавека — вы пойдзеце у турму. Сёння ў Тыбеце можна пабачыць, што свабода чалавека адмаўляецца, а людзі літаральна просяць пра большую свабоду.

Але ідэю забіць нельга, таму мы і існуем — урад Тыбету ў выгнанні. Мы працуем на дэмакратычных прынцыпах, і нашая мэта ёсць стварэнне незалежнага Тыбету, дзе людзі змогуць жыць вольна.

Сумна, але я ніколі ў сваім жыцці не быў у Тыбеце, мне не дазволена знаходзіцца ў Тыбеце. Але я ганаруся Тыбетам і пакуль жыву, буду рабіць усё для гэтай зямлі і гэтых людзей. На момант, калі мяне абралі кіраўніком ураду, я ўжо 16 гадоў пражыў у ЗША. Але я пакінуў усё: маю працу, маё звыклае жыццё. Я пакінуў усё гэта, таму што адчуваю сябе тыбетцам. Я зарабляю 300 еўра у месяц. Чаму я зрабіў так? І не толькі я, але і ўся мая каманда? Мы маем людзей, якія атрымалі выдатную адукацыю: Ель, Калумбійскі ўніверсітэт. Але ёсць нешта большае, чым грошы і дастатак. У нас ёсць наша годнасць, наш гонар. Тое, што мы Тыбетцы, нашая вера ў будучыню».

Пастскрыптум. Выйсце

«Мы нарадзіліся, і мы памрэм. Ніхто не зможа пазбегнуць гэтага. Ва ўлік возьмецца толькі тое, што мы зробім падчас жыцця. Мне сумна, калі я разумею, што ў Тыбеце ўсё не так добра, як хочацца. Але я маю магчымасць паўплываць на гісторыю. Беларусы і тыбетцы маюць такую магчымасць: зрабіць сваё грамадства лепшым.

Памятайце: вы нарадзіліся, і вы памрэце. Вашы машыны, тэлефоны, кампутары — гэта ўсё памрэ разам з вамі. Але вы можаце ўнесці нейкія змены у грамадства, бо ў вас ёсць мазгі. Канешне, вы можаце выкарыстоўваць іх, каб руйнаваць, а можаце з іх дапамогай будаваць. У залежнасці ад таго, што вы абярэце, вы зможаце змяніць увесь свет! Будызм — рэлігія аптымістычная. Я спадзяюся, што мы — як тыбетцы, гэтак і беларусы, абярэм шлях да незалежнага і дэмакратычнага праўлення, якое зробіць увесь свет крыху лепш».


Яна Ляшковіч 12:30, 14.06.2013 | Ёсьць такія людзі |




comments powered by Disqus
 
In 0.0446 seconds.