У Літве таксама прапануюць увесці размеркаванне медыкаў

У літоўскай правінцыі, гэтак сама як і ў беларускай, не хапае дактароў. Нягледзячы на значна вышэйшыя за беларускія заробкі, літоўская моладзь атрымлівае адукацыю і імкнецца адразу ж з’ехаць альбо застацца ў буйным горадзе. Пачалі раздавацца нават прапановы ўвесці прымусовае размеркаванне, як у Беларусі.


Фота Коммерсант

У Літве маладыя дактары могуць разлічваць на заробак у $1 880 у месяц, дадатковую кампенсацыю ў $18 тыс., службовы аўтамабіль і жыллё, для дзяцей — дзіцячы сад па-за чаргой, піша delfi.lt. У Беларусі стаўка інтэрна ў шпіталі ў сярэднім $230.

Аднак спецыялістаў усё роўна не хапае, сярэдні ўзрост працуючых значна перавышае 50 гадоў.

«Тут мы не можам канкураваць з замежнымі краінамі. Таму я цалкам згодны з прапановай міністра аховы здароўя [Літвы] зрабіць больш жорсткім парадак, каб тыя, хто вучыўся бясплатна, адпрацавалі за адукацыю — працавалі па размеркаванні», — кажа, да прыкладу, дырэктар бальніцы Мажэйкяйскім раёне Літвы Альбінас Ліджус.

«Маладыя людзі павінныя якіх тры гады тут адпрацаваць, а за гэты час, можа, створаць сям’ю, можа, прызвычаяцца да месца, дзе пачалі працаваць самастойна», — кажа доктар.

Зрэшты, у шпіталі спадара Ліджуса размеркаванне ўжо фактычна існуе. Бальніца аплочвае выпускнікам навучанне ў ардынатуры, што каштуе каля $26 тыс. у год. За гэта маладыя дактары вымушаныя адпрацоўваць у шпіталі 7 гадоў.

Цікава, што адраджэнне прымусовага размеркаванне ў Беларусі пачалося менавіта з медыцынскіх ВНУ. Адносна ж будучых медыкаў у Беларусі прапануюцца ўжываць найбольш строгія абмежаванні і тэрміны адпрацоўкі. У прыватнасці, Лукашэнка нядаўна заявіў, што добра было б увесці размеркаванне і для медыкаў-платнікаў.

comments powered by Disqus
 
In 0.0603 seconds.