Светламузыка: фатографы vs. светлавікі

Мастак па святлу Віктар, які працуе на асноўных канцэртных пляцоўках Менску, распавёў Generation.by, што даўно чакае, калі ж нарэшце фатографы і музыканты адважацца падыйсці да яго перад канцэртам.

Мне вельмі цікавае меркаванне фатографаў

Я заўсёды гляджу здымкі пасля канцэрту, але там бывае часам такі колер, якога я нават не маю. Праглядаю максімальна ўсе фотарэпартажы дзеля сябе, каб зразумець, як выглядае мая праца на здымках. Увогуле мне вельмі цікава меркаванне фатографаў і не толькі недзе ў інтэрнэце, а падыдзіце і выкажыце яго светлавікам. 

Але мала хто падыходзіць і кажа. Яны чамусьці падыходзяць толькі рэчы свае пакінуць. Самае парадаксальнае, чаму нам людзі прыносяць рэчы? У Re:Public працуе камера захоўвання, а людзі прыносяць нам. 

Ёсць фатографы, якія здымаюць толькі твары. І людзі, якія заходзяць глядзець здымкі, яны бачаць толькі твары музыкаў, яны не бачаць атмасферу. То бок, на фотаздымку мусіць быць паказана атмасфера канцэрта, якое там было святло і г.д. А ёсць яшчэ фатографы, якія здымаюць увесь час з аднаго ракурсу. Яны становяцца справа, ім зручна, яны ўвесь рэпартаж там і робяць.

Мы ўсе працуем дзеля таго, каб астатнім падабалася. Што гук, што святло, што фатографы. Усё дзеля таго, каб людзі прыходзілі і атрымлівалі асалоду. Але ж мы таксама не можам зрабіць так, як патрэбна фатографам, у нас таксама ёсць пэўныя абмежаванні, якіх яны не разумеюць. Напрыклад, калі мы выконваем просьбу гурта і пакідаем цемру. А для фатографа важна зафіксаваць твар, а не атмасферу. Гэта напэўна праблема недзе ў іншым «вось я такі круты, схаджу здыму», а калі не атрымалася, значыць нехта вінаваты.  

Я наогул лічу, што цяпер у Re:Public дастаткова нядрэннае святло. Там зараз новае абсталяванне і я не ведаю ніводнай больш пляцоўкі, каб яна перакрыла Re:Public у плане святла. 

«Хто гэта?! Выключыце хутчэй гэтага чалавека!» 

Але ёсць моманты, дзе я адмыслова пакідаю цемру, таму што музыка гэтага патрабуе. Ёсць моманты, дзе ёсць святло, проста трэба пачакаць. А фатограф яшчэ бывае фоткае цемру і пакуль ён перабягае ў іншую кропку, святло запальваецца, а ён не ловіць момант, бо перабягаў у іншае месца, становіцца і потым зноўку выключаецца святло. Трэба разумець, што гэта не тэатр, гэта канцэрт. Альбо некаторыя гурты самі просяць, каб на твары нічога не свяціла, каб было кантравое святло, а вінаватымі мы заўсёды аказваемся. 

Фатографы яшчэ любяць стаць у куток сцэны і здымаць, а ў нас там прыбор стаіць, і ён сваёй пятай кропкай перакрывае яго цалкам, і карцінка атрымліваецца няпоўная. А яму ж усё роўна на гэта. Музыкант яшчэ можа стаць, таму даводзіцца нават за сцэну часам бегаць і казаць. 

Яшчэ вельмі раздражняе, калі «прафесіяналы» прыходзяць з вялізарным прамянём на здымачы і падсвечваюць усё яскравым белым святлом, перабіваюць мне катастрафічна ўсе колеры і потым крычаць, што здымкі лайно. Неяк выступаў Мамонаў, там прасілі, каб ён у цемры быў. Дык з’явіліся людзі, уключылі гэтыя свае белыя прамяні. Ён сядзіць, маўляў, хто гэта, выключыце хутчэй гэтага чалавека. Калі ў вас прафесійная здымка ідзе, прыйдзіце загадзя, мы разам выбудуем святло. Так БТ працуе, яны прыязджаюць, сядае чалавек, трымае аркуш паперы ў руцэ, і ўсе астатнія глядзяць, якое святло на твары, якое на паперы і наладжваюцца. А ў нас прыходзяць, ніхто ні з кім не дамаўляецца, пачынаецца канцэрт і ўключаецца гэтая белая «пушка» і ўсё. 

Мы таксама не будзем бегаць за кожным музыкантам і казаць: «Давайце што-небудзь зробім»

Святло стаўлю звычайна па сваіх эмоцыях, па ўражаннях. Кожная музыка нясе ў сябе нешта. Неяк спрабую дапоўніць яе. Праслухоўваю папярэдне толькі, калі самі музыкі хочуць чагосьці дамагчыся. Таму што, калі гурт не хоча чагосьці зрабіць, то груба кажучы, чаму мы мусім гэта рабіць? У нас кожны дзень канцэрт, калі нам слухаць? Тыя, хто просіць, мы з імі звычайна сустракаемся, я выслухоўваю, чаго яны хочуць. Потым праз тыдзень паслухаўшы іх музыку, яшчэ раз сустракаемся і я кажу, як тое можна ажыццявіць і як я гэта бачу. Для большасці гуртоў гэта яшчэ адзін чарговы канцэрт і ніхто загадзя пра гэта не задумваецца чамусьці. А мы таксама не будзем бегаць за кожным музыкантам і казаць: «Давайце што-небудзь зробім». 

З беларускіх гуртоў толькі неяк B:N, калі выступалі ў «Рэактары» прасілі пэўнае асвятленне, і нядаўна Naka сказалі, што ім патрэбна тэатральнае святло. А для астатніх гэта проста яшчэ адзін чарговы канцэрт. Ці можа яны не ведаюць, што так можна. У нас ніколі не было, каб музыкі папрасілі, а мы сказалі ім: «Не, ідзіце адсюль». У асноўным, калі нехта падыходзіць прасіць, яны не ведаюць, пра што прасіць, кажуць проста: «Пагуляйцеся як-небудзь са святлом, каб было прыгожа». Ну мы стаім і усміхаемся. Дык скажыце, маўляў, пад гэтую песню чырвоным колерам падсвяціць, пад гэтую зялёным, а яны кажуць: «А так можна?». Мне ж наадварот прасцей будзе, калі вы мне напішыце, чым самому думаць, пад якую песню які колер уключаць.  

Бывае таксама выбудоўваеш святло, малюеш крыжыкі на сцэне, кажаш: «Прыйдзі сюды, стань»,  а яны банальна не прыходзяць на гэтыя месцы. Усё адно адыдзе кудысьці, у яго там драйв, яму не да таго. 

Звычайна галоўнае для музыкаў — наяўнасць дым-машыны, каб дымець, дымець і каб усё было ў дыме. А ёсць музыкі, якія лічаць дым-машыну спецэфектам і кажуць: «Не, нам, толькі адзін раз за песню падыміць і ўсё». А справа ў тым, што без дыму любое святло будзе плямачкай недзе на падлозе. Ім пачынаеш тлумачыць, што гэта патрэбна для святла, а яны: «Не, не, не». 

Бывае слухачы куплялі мне піва, маўляў, дзякуй, усё спадабалася. У клубе «Реактор» светлавікі знаходзіліся каля бара, таму неяк нават на Gods Tower спрабавалі спаіць увогуле: «Давай вып’ем, крута». 

Фота: Юля Fox


Наста Darteco 17:00, 08.05.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0464 seconds.