Кроў і костка

Пра нясціплага музыку з гучным імём Кроў не чуваць ужо некалькі гадоў. У сярэдзіне 2000-х ён прыцягнуў увагу праз хіп-хоп праект «Чырвоным па Белым» і шэраг сінглаў, што выйшлі на вядомых зборніках кшталту «Песьні свабоды». Падрыхтаваўшы некалькі альбомаў у 2004-2007 гадах, ён амаль знік з беларускай музычнай сцэны. Затое заснаваў некалькі праграм на польскіх «Белсаце» і «Радыё Рацыя». Як цяпер жыве стваральнік калісьці аднаго з самых гучных хіп-хоп праектаў Беларусі? 

«Толькі калі ты ведаеш сваю мову, ты і ёсць беларусам»

15 гадоў таму мае бацькі разам са мною і братам эмігравалі з Заходняй Беларусі ў Польшчу. У 15 год давялося па-новаму будаваць жыццё. Можна было апалячыцца. Але цяжэй было знайсці ў сабе беларуса, што я і зрабіў.

У гэты момант я пачаў сумаваць па краіне, дзе засталося ўсё. Тады і пачалася любоў да беларускай мовы. Пайшла яна галоўным чынам ад бацькі, які заўсёды цікавіўся гісторыяй, заўсёды быў супраць рэжыму, які паўстаў у 1994 годзе.

Цяпер я са сваім сынам размаўляю выключна на беларускай мове. Ведаю, што наўрад ці яна яму спатрэбіцца. Разумею, што, хутчэй за ўсё, расейская яму больш патрэбная будзе, у працы напрыклад. Нягледзячы на гэта, я размаўляю з ім на мове сваіх продкаў, каб ён разумеў, што ён беларус. Бо толькі калі ты ведаеш сваю мову, ты і ёсць беларусам. Жонка з сынам размаўляе па-польску, а мае ж бацькі — па-расейску.

Пасля школы я вучыўся на міжнародных фінансах, але не скончыў. Я не заўсёды пагаджаўся з настаўнікамі і часта з імі сварыўся. Калі ж твой настаўнік не аўтарытэт для цябе, вельмі цяжка навучацца і захапляцца навукай.

Пра «Чырвоным па Белым» і «Кроў»

Мой брат Slavko рабіў музычныя біты, гуляўся з гэтым, а я вырашыў аднойчы пачытаць пад гэта верш Купалы. Пазней я паспрабаваў напісаць свае тэксты і зачытаць. Пачаў запісваць свой голас на слухаўкі з мікрафонам, тыя, што зараз выкарыстоўваюцца для размовы праз Skype. Пазней брат наклаў мой вакал на сваю музыку, і атрымалася mp3, якое мы выклалі ў Сеціва. Неўзабаве на мяне выйшаў Зміцер Падбярэзскі, вядомы беларускі музычны крытык, якому я даў сваё першае інтэрв'ю для Радыё Свабода. А потым пайшло-паехала.

У 2004 годзе я яшчэ не быў добрым рэперам. Гэта было нешта зусім новае, цікавае, таму для людзей гэта было «Ваў». Першы наш альбом, які мы выклалі ў Інтэрнэце, сцягнулі 50 тысяч чалавек.

Мяне завуць «Кроў», бо ў мяне ў жылах цячэ беларуская кроў, як бы недарэчна гэта цяпер не гучала. Акрамя гэтага, crow з ангельскай — крумкач, які для мяне адыгрываў ролю татэму. Пазней хлопцы з хіп-хоп асяроддзя пачалі мяне зваць «Амбасадар», бо я вельмі шмат, як на беларускага рэпера, канцэртаваў па Еўропе. Напачатку мне вельмі дапамагалі мае сябры, рэперы з Польшчы і нямецкі журналіст Інго Пэц.

Спачатку ў гурце «Чырвоным па Белым» былі я і брат Slavko. Потым з'явіўся «Палкоўнік» — мой добры сябра, з якім мы пісалі і перакладалі тэксты. Напрыклад, вядомы пераклад песні гурта «Тартак» «Не жадаю» — ягоная праца. Пазней ён адышоў ад ЧпБ, і да нас далучыўся дастаткова вядомы польскі DJ Spox, які пачаў рабіць для нас інструменталы. Потым далучыліся Realize i Zeman з гурта «Імператар» і Jaycop, які ўдзельнічаў у стварэнні альбому «Крывавы Сакавік». Такім складам з 5 чалавек мы першы раз выступілі ў Польшчы, на фестывалі «Беларускі андэрграўнд ў Варшаве».

«Мы былі абсалютна забароненымі»

ЧпБ мела такую складаную сітуацыю, што мы былі абсалютна забароненыя. Попыт на нашы альбомы быў вельмі вялікі, людзі набывалі іх з канцэртаў кілаграмамі, таму што іх нідзе не было ў крамах. Яны трапілі ў «Містэрыю Гука», але на наступны дзень іх сказалі зняць. Былі таксама шапікі ў пераходах, і прыватнікі адразу пачалі іх прадаваць. Гэта таксама забаранілі.

Таму склалася вельмі складаная сітуацыя, калі на альбомах зарабіць было немагчыма. Канцэрты таксама забараняліся. А жыць і хлеб набываць за штосьці ж трэба. Менавіта таму беларуская музыка ў вельмі кепскім становішчы. Гэта ўсё бізнес, праца, такая ж, як і іншыя. Мы можам быць рамантыкамі, пакуль маладыя...

Што стала з ЧпБ

Цяпер [у ЧпБ] засталіся я, Spox і Realize, але праектаў з ЧпБ на дадзены момант пакуль што няма. Кожны зараз займаецца сваімі сольнікамі, але з часам, думаю, зноўку возьмемся за ЧпБ.

Апошні альбом [ЧпБ «Крывавы сакавік»] мне цалкам падабаецца. Кожны трэк меў патэнцыял. Але збольшага ён быў вельмі недаацэненым. Ён быў адным з лепшых па якасці на тыя часы ў Беларусі. Бюджэт альбому разам з выдаткамі на прома склаў каля дзесяці тысяч даляраў.

Чаму мяне пяць гадоў ужо няма ў музычнай сферы? Няма часу сесці і заняцца гэтым, таму што гэта павінна быць праца твая, самая любімая праца. А трэба трымаць сям'ю: альбо ты з гэтага жывеш, альбо шукаеш працу. Цяпер мая галоўная турбота — здароўе сям'і і дзяцей.

Рэп — гэта трыбуна, спосаб выказаць свае погляды, каб цябе пачулі. Ты можаш напісаць кнігу, зняць фільм, альбо зрабіць праграму на тэлебачанні, што я таксама рабіў, а можаш пусціць гэта ў людзі праз рэп. Я казаў пра тое, што мне баліць, і мне якраз балела тое, пра што я спяваў.

Пра беларускі рэп і сутнасць беларусаў

Што тычыцца беларускага рэпу, дык я ніколі яго спецыяльна не слухаў, бо лічу, што калі слухаеш, ты нешта пераймаеш. Я заўсёды асцерагаўся гэтага. Здаецца, што Макс Корж пайшоў выдатнай сцежкай. Нейкі час таму слухаў яго трэк «Працоўны чацвер» і проста захварэў на яго. Ён стаў папулярным, бо знайшоў нешта сваё. Я нават з ахвотай запісаў бы з ім трэк. Калі атрымаецца, зраблю гэта ў недалёкай будучыні.

Мінула 10 гадоў ад пачатку маіх першых музычных спробаў. За гэтыя часы змяняліся асобы, з якімі я працаваў, каму я сімпатызаваў. Я быў напачатку ў масцы, але чамусьці ж пазней я яе зняў. Мне здаецца, што беларусы навучыліся за ўсе стагоддзі прыстасоўвацца. Чалавек увогуле такая істота, для якой гэта нармальна. Вельмі часта мы самі не разумеем, што можам вытрымаць. У гэтым я пераканаўся, гуляючы ў амерыканскі футбол, гульню вельмі жорсткую, з цяжкімі трэніроўкамі, выбітымі пальцамі. Але вытрымаць боль магчыма.

Нягледзячы ні на што, я застаўся з беларускім грамадзянствам, бо стараюся быць са сваёй радзімай і аддаць ёй усё, што магу. Кожны на гэтым свеце мае сваю ролю, і я проста выконваю сваю.


Аляксей Нарко 16:25, 02.05.2013 | Пакаленне Y |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0491 seconds.