«Кожныя сто грам — гэта мінус шэсць дэцыбелаў»

Неадпаведныя пляцоўкі, няўмелыя аранжыроўкі, сквапныя арганізатары... Што ўсё ж такі так часта перашкаджае добраму гуку на беларускіх канцэртах? Generation.by разбіраўся ў пытанні, а таксама ў асаблівасцях прафесіі разам з менскімі гукарэжысёрамі Уладам і Эльдарам.

Канцэртны гук. Інструкцыя для пачаткоўцаў

Рэкамендуецца да прачытання асабліва тым, хто на канцэрце любіць паслэміцца пад сцэнай, а на выхадзе паскардзіцца на гук. Не сакрэт, што самы лепшы гук — каля гукааператарскага пульта, самы кепскі — каля сцэны.

Музыкі на сцэне чуюць свой гук з комбікаў, гук астатніх музыкаў — з манітораў (чорныя штуковіны, што стаяць на краю сцэны). Для кожнага з музыкаў (у ідэале) стаіць свой манітор і ідзе свая маніторная лінія (то бок унікальны для кожнага гук, баланс гучання інструментаў). Тое, што яны чуюць з манітораў, не прызначана для слухачоў. Таму людзі, што слэмяцца пад сцэнай, часцяком могуць не чуць, напрыклад, вакал, а чуць гук з манітора вакаліста, дзе ў ідэале ягоны вакал адсутнічае. Тое, што мусіць чуць слухач, сыходзіць з парталаў (калонкі, што стаяць па баках ад сцэны). А паколькі сцены некаторых клубаў «голыя», то гук, што зыходзіць з парталаў, «разбіваецца» аб голыя сцены і слухачы яшчэ чуюць вынік гэтага ўдару, то бок глухі гук.

Гук сыходзіць з мікрафонаў, ідзе ў пульт, там ён праходзіць праз частотны карэктар і дынамічны карэктар і потым выходзіць у парталы. Звычайна музыкі на сцэне не чуюць агульны вынік іх працы, які чуе слухач, але пры наяўнасці на сцэне прастрэлаў (тыя ж парталы, толькі для музыкаў) гэта робіцца магчымым. Праўда такое рэдкасць на канцэртах беларускіх гуртоў.

Тым, хто хоча пачуць словы і музыку, варта ісці бліжэй да гукароў, тым, хто паслэміцца — да сцэны. Спалучыць гэта на большасці канцэртах амаль немагчыма. 

Адкуль бяруць у гукарэжысёры 

Што трэба скончыць, каб стаць гукарэжысёрам?

Эльдар: Гэтай спецыяльнасці у Беларусі не навучаюць. У мяне ёсць знаёмы, які скончыў Акадэмію музыкі, дык ён не ведае, што на пульце круціць і якія кнопачкі ціскаць, каб было чуваць інструменты.

Улад: Толькі на ўласным досведзе. 

А веды, якія неабходна мець? 

У: Фізіка не перашкодзіць. 

Э: Музычная адукацыя таксама дапамагае.

Гукарэжысёр, гукааператар, гукатэхнік. Растлумачце розніцу.

У: Гукатэхнік — чалавек, які павінен ведаць, што куды падключыць, каб працавала. Гукааператар — чалавек, ведае асновы гучання, які можа пры наяўнасці гукаўзмацняльнага комплексу зрабіць так, каб усё працавала і было чуваць. Гукарэжысёр — чалавек, які пры наяўнасці ўсіх ведаў можа стварыць пэўны настрой на сцэне.

А вы кім сябе лічыце?

Э: Пэўна гукарэжысёры :)

У: Спадзяюся, што ў мяне атрымліваецца часам рабіць працу гукарэжысёра. 

Чаму на канцэртах бывае кепскі гук

Ёсць прымаўка «калі канцэрт удаўся — значыць добрыя музыкі, калі не ўдаўся — кепскія гукарэжысёры», так?

У: Ну так, стрэлачнік, калі ёсць, на каго спісаць. :)

Э: Калі кепскі канцэрт, гукар не ведае, што круціць і наогул ён глухі, а, калі добры канцэрт, значыць выдатны гурт выступае. Так заўсёды было. 

Здаралася, што слухачы падыходзяць і кажуць, маўляў, вакал мацней зрабі, ці яшчэ што-небудзь такое?

У: Гэта нармальна.

Э: Заўсёды. Кожны раз падыдзе хтосьці і скажа абсурдныя нейкія рэчы. Напрыклад, падыдзе і спытае: «А вось, чаму, калі я стаю пад самай сцэнай, мне дрэнна чуваць вакал?» 

Вы самі перасоўваецеся па залі, калі працуеце?

У: Заўсёды.

Э: Абавязкова, бегаю на танцпол і слухаю, што там за гук.

Многія часта скардзяцца, што ў нас на канцэртах жудасны гук, чаму?

У: Бюджэт мерапрыемства не дазваляе выканаць райдэр.

Э: 70% гука таксама залежыць ад самой аранжыроўкі, і ёсць музыкі, якія ўвогуле не разумеюць, што гэта такое і як гэта складваецца. Яны пішуць свае партыі, а яны паміж сабой не супадаюць. Напрыклад, бас і бас-бочка граюць грув. У бас-гітары адзін грув, у бас-бочкі іншы, адрозніваецца адной-дзвюма нотамі ў рытме. Адначасовы гук гэтых рыфаў дае нам уражанне, што бас лажае. 

У: З-за недахопу аранжыроўкі таксама часта перашкаджаюць адзін адному, напрыклад, клавішы і гітара. Гэта вельмі распаўсюджаная памылка. Паасобку гучыць віртуозна, а разам не спалучаюцца. І пры тым, напісалі гэта музыканты з абсалютным слыхам.

А памяшканне? 

У: Так, чатыры асноўныя нашы пляцоўкі (Канцэртная зала «Мінск», Палац Спорту, Палац Рэспублікі, Re:Public) мякка кажучы не падыходзяць для канцэртаў. 

Э: Хаця, калі будзе шмат абсталявання і добры гукар — будзе файны гук. Калі будзе як у райдары, то бок 15 Вт на галаву, то і гук будзе не вельмі. Бывае, што напісана 15-25 Вт, арганізатар заўсёды скажа: «Робім 15».

У: Мы, напрыклад, калі першы раз працавалі ў замку Рытэрбург, там былі вельмі дрэнныя акустычныя ўмовы: голыя сцены, камень і жалеза. І калі ў нас быў вольны час, мы зацягнулі сцены аксамітам, то бок заглушылі залю. З таго моманту там усе выдатна гучаць. 

А што з Re:Public, на які ўсе ўвесь час скардзяцца?

Э: Сцены там даюць аб сабе ведаць, але калі паставіць узмацняльнікі і гукара, які чуе, будзе нармальна. Там тупа не хапае гуку, а не хапае гуку, таму што ёсць дамова паміж замоўнікам і пракатчыкам на пэўны цэннік, стандартны склад абсталявання. Калі там вялікія канцэрты, туды давозяць абсталяванне, бо даплачваюць грошы. 

«Хоць панкі і ўблюдкі, але з імі цікава працаваць»

Канфліктуеце з музыкамі?

Э: Быў адзін выпадак. Мы працавалі ў клубе, натуральна, што маніторы на сцэне працуюць цішэй за парталы. І я не магу яму даць больш у маніторах, таму што занадта маленькая сцэна і мікрафон будзе патрапляць у манітор, будзе заводзіцца і свістаць. І ён такі кажа: «Я чую, што майго вакалу ў залі болей чым на сцэне», на што Ўлад адказвае: «Ну дык гэта лагічна». Яшчэ было, што ў вакаліста зоркавая хвароба, а на самой справе ён не ўмее спяваць і працаваць з мікрафонам. Я яму гэта выказаў, ён устаў на дыбы, не зразумеў, як такую «зорку» паставілі на месца. Але звычайна, калі я бачу патэнцыял, я заўсёды імкнуся дапамагчы. 

У чым асаблівасць працы на акустычных канцэртах?

Э: Самае галоўнае тут перакрычаць барабаны, і не чым-небудзь, а ў першую чаргу вакалам, каб было словы чуваць. Калі будзе бубнач з кучай жалеза, ніхто нічога не пачуе, якія б моцныя маніторы не былі. 1,5 кВт — самая вялікая магутнасць манітораў.

У: Кожны музыка на сцэне павінен мець сваю асобную маніторную лінію. Калі музыкаў пяць, то робім пяць ліній. 

Э: Бывае просяць дзесяць, робім дзесяць. 

У:  Сэнс акустыкі вялікай магутнасці, каб у ідэале парталы гучалі не больш чым на палову. 

І яно так і выконваецца?

У: Ну не надта :)

Хто наладжвае комбікі?

Э:  Вось дарэчы праблема, у нас нідзе не навучаюць музыкаў, як працаваць з комбікам. Але калі граматныя музыкі прыязджаюць, то яны самі паварочваць яго так, як яму трэба ці просяць так, як яму трэба. Ведаю гурт, які выходзіць на сцэну і за сем хвілін ужо гатовы граць у добрым гучанні. У іх досвед працы з комбікамі, яны добра граюць, чуюць адзін аднаго. Калі я бачу, што гурт дасведчаны і граматна працуе з абсталяваннем, то я ім ужо давяраю ў нейкіх дробных пытаннях.

Граматна?

Э: Ну напрыклад. Вельмі шмат металёвых нашых каманд, якія нагледзеліся кліпаў амерыкосаўскіх бэндаў, дзе фронтмэны сціскаюць мікрафон і крычаць у яго. Заціскаць мікрафон таксама трэба ўмець. Бо калі ён заціскае мембрану, я не магу дастаць яго вакал і мікрафон свішча, да таго не дае дыхаць мембране. 

У: Музыка таксама мусіць разбірацца і ведаць асновы гукарэжысуры. 

Э: Яшчэ музыкі любяць часта больш драйва панакручваць, лічыцца, што чым болей драйва, тым круцей гучаць будзе.

У: Таму гукар мусіць перад выступам залезці на сцэну і ўласнаручна праверыць інструменты. На малых пляцоўках 75% гучання робіцца менавіта на сцэне. 

Э: Бо ў маленькіх залах мы чуем музыкаў, а не парталы. А шмат бубначоў садзяцца і пачынаюць лупіць, яны не разумеюць, што ў маленькіх залах нічога не чуваць акрамя талерак у барабанах. І чым больш маладзейшы бубнач, чым болей адсоткаў таго, што ён пачне лупасіць. 

У: Менавіта з-за барабаннай устаноўкі просяць зрабіць цішэй. Мы нават неяк бралі ўсё выключалі і пыталіся: «Цішэй стала?» —«Не, не стала». — «Дык, усё, я ўсё выключыў». 

Як наогул працаваць, калі ўсе навокал бухаюць і весяляцца?

У: Крута. У нас праца і хобі супадаюць.

Э: Цікава. Тады адчуваеш, ці папёрла народу ці не папёрла, што рабіць, гучней ці цішэй. 

У: Мы лепей адпрацуем нейкі цікавы канцэрт за меншыя грошы, чым пратакольнае дзяржаўнае мерапрыемства. (Ёсць тры святы ў краіне, на якіх ніхто з пракатчыкаў гука і святла без працы не застаецца. Гэта святы гарадоў, Дзень Незалежнасці, Новы год. У такія часы ўсіх проста на часткі рвуць).

А цікавы канцэрт, гэта які?

У: Так склалася, што мне больш за ўсё падабаецца працаваць у андэграўндзе. Хоць панкі і ўблюдкі і абсталяванне ламаюць часам, але яны класныя людзі і з імі цікава працаваць.

Абсталяванне ламаюць?

Э: Зусім нядаўна вельмі вядомы гурт мікрафонную стойку паламаў. 

У: Вакаліст гурта проста быў у вобразе і пагнуў стойку. 

А з нейкімі поп-зоркамі айчыннай эстрады працавалі?

У: Час ад часу працуем з Анатолем Ярмоленкам. Ён дарэчы, калі мы з ім працуем, спявае ўжывую. Заўсёды ўражвае таксама Пётр Ялфімаў.

Э: Георгій Калдун таксама. Ён, напрыклад, калі выходзіць на сцэну пасля музыкаў, якія сябе не чулі ў манітор, заўсёды просіць, каб я яго цішэй зрабіў у манітор. 

Працавалі з замежныі гуртамі, моцна адрозніваюцца райдэры?

У: Усё альбо вельмі проста альбо вельмі складана.

Э: Можа быць такое, як у рускіх выканаўцаў, усё вельмі складана, але тое не мае сэнсу. 

«Кожныя 100г — гэта мінус 6дБ»

Вы ўжываеце алкаголь падчас працы?

Э: Не, ён моцна прыбівае слых.

У: Кожныя 100г — гэта мінус 6дБ. Што гэта за гукар такі, які неадэкватна рэагуе? Лічыцца, што большасць гукароў п’юць. Бывае, што гукар, які прыязджае з калектывам, ужо трошкі накатаны. Звычайна гэта далёка не ў лепшы бок адлюстроўваецца на гучанні. 

Э: Шмат было выпадкаў, калі гукар быў падпіты, і мы чуем, што ён не вельмі добра распазнае, дзе робіць гучней, а дзе цішэй. Ён жадае зрабіць мацней пачку, а робіць толькі гучней.

За колькі часу да канцэрта прыходзіце ў клуб?

У: Рэкорд — 40 хвілін, але звычайна за пару гадзін. 

Пастаянныя начныя канцэрты, гучная музыка — уплывае неяк на здароўе?

У: Кожны канцэрт — гэта кавалак здароўя. 

А сам гук на канцэртах шкодзіць?

У: Канешне, вельмі часта бывае, што на пляцоўцы моцны гук, тады я устаўляю берушы ў вушы. Калі пытаюцца, навошта я так раблю, кажу, што спрабую захаваць рэшткі слыху. 

Сакрэт ідэальнага гуку?

У: Ніякага сакрэту няма: выйдзі ў цэнтр залі ды паслухай. Ёсць пэўныя законы і правілы, але, каб рабіць асаблівае гучанне, ніякіх правілаў не існуе, рабі, што хочаш, але атрымацца павінна крута. 

Э: Трэба чуць, адчуваць, і трэба, каб падабалася тая справа, якой займаешся.

Фота: Юля Fox


Наста Darteco 16:44, 29.04.2013 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0505 seconds.