«Нашы кліенты — анарха-турысты»

Як у сучаснай Беларусі арганізаваць паспяховы бізнес на арганізацыі тураў па мясцінах антыкамуністычнага супраціву ды паўстання Каліноўскага. Generation.by паразмаўляў з Алесем Дуко, турфірма якога за апошнія гады звазіла паўтары тысячы беларусаў на замежныя канцэрты нашых гуртоў, тых самых, у якіх не надта атрымліваецца выступаць дома.

*** 

«Добры дзень, вас вітае Літоўскі правінцыйны камітэт, — усміхаюцца ў поўным турыстамі аўтобусе хлопцы, апранутыя як удзельнікі паўстання Каліноўскага. — У мэтах канспірацыі, калі спытаюць, кажыце, што вы турысты „ДэльфінГруп“».

Так пачынаецца вандроўка па мясцінах паўстання 1863-1864 з наведваннем поля бітвы пад Мілавідамі, гары Шыбельнай (дзе былі пакараныя паўстанцы), месца бітвы пад Косава, Палацу Пуслоўскіх і Сапегаў, Ружанскай сінагогі, Троіцкага касцёла і шматлікіх іншых гістарычных цікавостак. 

«Місія нашай турагенцыі — гэта знаёмства беларусаў з іх гісторыяй, абуджэнне нацыянальнага гонару. Мы не ўсялякія фізікі-хімікі, якія пайшлі на курсы экскурсаводаў і робяць экскурсіі. Яны не раскажуць, як праходзіла бітва пад Мілавідамі, напрыклад. Мы ў першую чаргу гісторыкі», — кажа заснавальнік і кіраўнік агенцыі Аляксандр Дуко. 

У блішэйшай будычыні плануецца яшчэ правесці гістарычныя вандроўкі па мясцінах Першай Сусветнай вайны, па месцах Рамуальда Траўгута (асоба не меньш значная для Беларусі, чым Кастусь Каліноўскі) з начоўкай у паўстанскім лагеры.

Турфірма Алеся Дуко за амаль чатыры гады звазіла каля паўтары тысячы беларусаў на замежныя канцэрты беларускіх гуртоў, тых самых, у якіх не надта атрымлівацца выступаць дома. Канешне, пераважная большасць з гэтых людзей ехала на «Ляпіса Трубяцкога».

Але ўпакаваць аўтобус прыхільнікамі гурта N ды адвесці іх ў кропку X для гісторыкаў з Дэльфін-груп паказалася занадта лайтовай ідэяй. Такім чынам было вырашана прагружаць муз-туры ў бліжэйшае замежжа экскурсійнай праграмай пра тое, якімі канкрэтнымі геаграфічнымі кропкамі Санкт-Пецярбург, Вільня і Кіеў кранаюцца беларускай гісторыі.

«Проста кудысьці вазіць — гэта не так цікава, не так у кайф. У большасці выпадкаў наведвальнікі рок-канцэртаў і слухачы экскурсій адна і тая ж публіка. Нашы кліенты — гэта людзі неабыякавыя і якім усё гэта цікава. У «Ляпісаў» ёсць песня пра анарха-турыстаў, дык вось нашыя кліенты — гэта тыя ж анарха-турысты, людзі, якія любяць рок-н-рол, свабоду і ўсё такое. Пераважная большасць — моладзь, такая крыху можа і прыпанкаваная, ёсць таксама людзі па сорак і пяцьдзесят, якія аказваюцца шчырымі фанатамі рок-музыкі» 

Тым часам бус з пасажырамі розных генерацый рушыў ва ўзнёслую эпоху змагароў за волю, смелых касінераў і мужных паўстанак. Так, аказваецца, нямала было і дзяўчын, што бралі ўдзел у паўстанні, ды не проста дапамагалі «біць маскаля», а на роўных з хлопцамі ваявалі супраць царскіх войскаў.

У Косаве прадстаўнікі Літоўскага правінцыйнага камітэту запрасілі паўстанскіх турыстаў-неафітаў да свайго паўстанскага лагеру з вогнішчам, частаваннем крупнікам ды геройскімі песнямі пад гітару.


Паўстанскі лагер з абавязковым каштаваннем крупніка


Істотны атрыбут вандроўкі — выкананне паўстанскіх песень

З мястэчкам Косава Алесь звязаны яшчэ з 2001 году. Тады, студэнтам БДУ, ён з паплечнікамі ладзіў валанцёрскія летнікі. Гістфакаўцы прыбіралі палац, насілі дрэвы ды прыцягвалі ўвагу да стану сядзібы Касцюшкі (тады яшчэ падмуркаў сядзібы), што знаходзіцца насупраць рэзідэнцыі Пуслоўскіх. Нават замахнуліся на «Косаўскі Woodstock», аднак абласныя ўлады такое захапленне музыкай на іх тэрыторыі не ацанілі і палацавы оўпэн-эйр застаўся толькі ідэяй. 


Крыж на месцы бітвы пад Мілавідамі, пастаўлены ў 1913 у гонар палеглых рускіх жаўнераў


Камень у гонар паўстанцаў 1863-1864 гадоў, якія бралі ўдзел у Бітве пад Мілавідамі


Касцёл Святой Троіцы ў Косава, пабудаваны ў 1877


Палац Пуслоўскіх у Косава, які з нядаўняга часу мае ружовы колер,
пабудаваны пры Вандаліне Пуслоўскім, што быў вядомы сваім вялікім кнігазборам


Сядзіба, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, знаходзіцца насупраць Палаца Пуслоўскіх у Косаве


Палац Сапегаў у Ружанах, куды прыбыў ЛжэДзьмітрый Першы для падрыхтоўкі літоўска-польскага паходу на Маскву ў 1603-1604 гадах


Палац Юндзілаў у Івацэвічах, якім належыў маёнтак у 18 стагоддзі, цяпер знаходзіцца на тэрыторыі раёнай бальніцы


Сучасны стан Ружанскай сінагогі, пабудаванай ў 18 стагоддзі


Алесь Дуко

Хачу арганізаваць вандроўку па мясцінах Слуцкага збройнага чыну. Цікава, што некаторыя казалі, што ідуць ваяваць за БНР, некаторыя ішлі і думалі, што ідуць ваяваць у армію Булак-Булаховіча, а былі тыя, якія казалі, што ідуць ваяваць у Семежаўскую армію. 

Ёсць планы зрабіць вандроўку па мясцінах «Зялёнага дубу». Пасля Слуцкага збройнага чыну, ягоныя ўдзельнікі і іншыя беларусы працягвалі яшчэ весці антыбальшавіцкую барацьбу да сярэдзіны 20-х гадоў. Была такая беларуская сялянская партыя «Зялёны дуб», якая дзейнічала амаль на ўсёй прасторы БССР. І, напрыклад, Юрка Моніч і Лукаш Семянюк да 1924 года трымалі ў руках Барысаўскі павет. І ёсць даклады бальшавіцкіх камісараў, якія сведчаць аб тым, што яны баяліся савацца за межы Барысава, бо было небяспечна для жыцця. 

Права на памылку 

Бывае такое, што ноччу спіш, сніш сны — і як папрэ, прачынаешся і пачынаеш запісваць. Апынулася, што не ўсё можна рэалізаваць, але ідэю вазіць на рок-канцэрты спраўдзіў.

Калі ты працуеш на некага, можаш схалявіць, можаш нават больш зарабіць часам. Калі працуеш на сябе, не маеш права на памылку. Гэта гульня з буйнымі стаўкамі, яна цікавая, азартная, гэтая канкурэнцыя, усялякія цёркі. Вельмі прыемна бачыць задаволеных турыстаў і казаць, што гэта мая фірма і я гэта зрабіў.

60% беларускамоўнай шляхты 

Пішу кандыдацкую дысертацыю пра культурнае жыццё шляхты ў 18-19 стагоддзі. Культурны феномен 19 стагоддзя — гэта тое, што не было адукацыі на Беларусі па-польску нават, не кажучы пра беларускамоўную. А шляхта стварала таемныя школкі, за імі ганяліся жандармы. Былі і беларускамоўныя школы, на пачатку 19 стагоддзя іх было дзесьці з дзясятак. Перапіс 1897 году паказвае, што 60% шляхты на пытанне аб роднай мове, адказалі, што родная мова — беларуская. І гэта пра нешта кажа, не гледзячы на ўсялякія паланізацыі. 

«Я рыцарь, защищайтесь»

Мы ўсе ведаем пра гістарычную анімацыю. У асноўным гэта паняцце асацыюецца ў нас з сярэднявечнымі рыцарамі. Не раз быў сведкам таго, як некаторыя "рыцары-аніматары" лыка не вяжуць па-беларуску. Маўляў, «Я рыцарь Франсуа дэ Бульён, защищайтесь» на фоне Мірскага замка. На наш погляд, гістарычная анімацыя — не значыць вырадзіцца, якую-небудзь фігню спароць і сказаць усім, што так трэба. Гэта ні ў якім разе не закід у чыйсці бок. Пераапранацца ў строі пэўнай эпохі і ставіць нейкія сцэнкі не галоўнае, галоўнае —  дапамагчы людзям адчуць гэтую эпоху.

Апалітычная гісторыя 

Сапраўдная гісторыя апалітычная. Так было, мы распавядаем, як было. Былі хібы, і мы распавядаем, чаму паўстанне прайграла.

«Тут спыняўся Пётр Першы»

Пачынаючы з XVI стагоддзя нас душылі і рэзалі. У XVII стагоддзі наогул, жах. Не лепш і XVIIІ-е — Паўночная вайна. Мала таго, што шляхта паміж сабой білася, па Беларусі хадзілі шведскія, саксонскія, расейскія войскі, дык яшчэ і Пётр I прыйшоў у Сафійскі сабор і такі кажа: «Что у вас тут такое? Вы что? Не православные?» А яму ўніяцкія манахі: «Ой, паночку, не разумеем, мы ўніяты». — «А вы что, не Москве подчиняетесь?».— «Не». Ну і ён наўпрост у саборы шабляй іх і парубаў, пасля загадаў засыпаць пораху і знесці сабор, той самы, які будаваў Усяслаў Чарадзей. Тое, што мы маем цяпер, гэта перабудова. А ў Полацку і па сённяшні дзень ёсць «Домік Пятра першага» (дарэчы, не факт, што ён у ім спыняўся). XIХ стагоддзе — суцэльная чарада паўстанняў, змоваў, спробаў узняць паўстанне. XX стагоддзе — рэвалюцыі, дзве вайны, БНР, Слуцкі збройны чын, Саюз вызвалення Беларусі, «Чорны кот». Вайна працягвалася да сярэдзіны 50-х гадоў, у Белавежы замах на Хрушчова, здзейснены польскімі партызанамі і, па такіх вельмі патрыятычных звестках, з удзелам беларускіх партызанаў. 

Не толькі каб зарабіць 

Я думаю, бачна, што нас прэ ад гэтага. Робім усё гэта не толькі, каб зарабіць, але ж і каб прынесла карысць, у першую чаргу Беларусі. Хочацца, каб больш людзей даведаліся і ганарыліся сваёй гісторыяй.

Фота: Юля Сакалоўская


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0482 seconds.