«Дзіцячы садок для дарослых» — новы кліп Ляпісаў



Здымкі відэа Lyapis Crew адбываліся ў канцы 2012 года ў Кіеве, на тэрыторыі заводу «Ленінская кузня». Намаганнямі Сцекаленка і яго каманды ў здымачны павільён была пераабсталяваная сапраўдная завадская сталовая, у якой на працягу 24 гадзін адбываліся даволі дзіўныя рэчы: ад ламання мэблі лютымі панкамі да спакушэння музыкаў чароўнымі чырлідэршамі.

«У гэтым кліпе паказаны нейкі вар'яцкі, фантастычны свет, але пры гэтым ён даволі дакладна апісвае тое, што адбываецца з групай "Ляпіс Трубяцкой" за сцэнай, — распавядае лідэр "Ляпісаў" Сяргей Міхалок. — Мы там дужаемся на руках, жартуем, спрачаемся, у кліпе ёсць і вясёлыя дзяўчынкі (куды ж без іх!), ёсць у меру слабаалкагольныя напоі, ёсць цыгарэты, ёсць нашы дзеці, ёсць нашы сябры па рэальным жыцці, карацей, гэта такі вясёлы дзіцячы садок для дарослых".

Сцены завадской сталовай, у якой адбываецца дзеянне кліпа, ўпрыгожаныя партрэтамі самых розных знакамітасцяў. Усіх гэтых людзей (і не толькі людзей) Міхалок лічыць сваімі настаўнікамі:

«Там і Брус Лі, і Юрый Гагарын, і Нестар Махно, і Ігі Поп, і Махатма Гандзі, і Маякоўскі, і Хэлбой ... У нас наогул светапогляд вельмі эклектычны, ён сплецяны з цалкам розных ідэй і натхнёны зусім рознымі людзьмі. Але што аб'ядноўвае ўсіх удзельнікаў гурта "Ляпіс Трубяцкой" — мы выхадцы з простых сем'яў, мы выраслі ў пралетарскім асяроддзі, ніколі не былі мажорамі і заўсёды паважалі працоўны клас, людзей, якія валодаюць нейкім рамяством. Асабіста мае погляды на жыццё сфармаваліся пад уздзеяннем анарха -камуністычных, лібертарна-камуністычных ідэй, і для мяне стыхійны анархізм працоўнага бліжэй і больш зразумелы за эстэцкі анархізм Дэвіда Боўі або Эндзі Уорхола. Пры ўсім пры гэтым мы простыя звычайныя людзі, не зануды, не манахі, мы можам і павесяліцца, і пажартаваць, таму ў кліпе і паказаны вось такі наш свет. І вось такая Lyapis Crew».

Кліп Lyapis Crew выйшаў напярэдадні аднайменнага тура гурта «Ляпіс Трубяцкой», які стартуе 1 сакавіка ў Казані і будзе доўжыцца, як мінімум, да канца 2013 года. 

11:49, 20/02/2013 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0045 seconds.