Новая рэформа беларускай адукацыі ўдарыць найперш па беларускамоўных школах

Учора кіраўнік Беларусі паабяцаў узняць заробак настаўнікам. Сёння міністр адукацыі патлумачыў, што грошы на гэта знойдуць у закрытых школах. Такіх можа аказацца каля паўтысячы.

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што ўжо да наступнага году ў Беларусі будзе значна скарочаная колькасць школаў. Дакладныя лічбы стануць вядомыя ў лютым, але ўжо цяпер вядома, што ў першую чаргу пазбавяцца ад школаў, якія завуць малакамплектнымі (дзе навучаюцца меней за 50 вучняў), а таксама ад шэрагу ўстаноў, што засталіся з савецкіх часоў.

«Прызнаем немэтазгодным захоўваць вячэрнія школы, потым — вучэбна-вытворчыя камбінаты», — заявіў міністр. Паводле яго слоў, неабходна таксама вырашыць праблему з напаўняльнасцю класаў.

У 2012 годзе ў Беларусі ўжо значна скарацілася колькасць школ. Тады былі закрытыя 114 (у 2011 — 128), а рэарганізаваныя 96 школ. Агулам за 5 апошніх гадоў колькасць такіх устаноў зменшылася на 460, саміх навучэнцаў стала менш на 228 тысячаў чалавек. Цікава, што за тыя самыя 5 гадоў у Беларусі акрыліся толькі 34 новыя школы.

Шанцы захавацца ў мінулым годзе мелі толькі тыя вясковыя школы, што знаходзіліся ў аграгарадках, «за ракой», альбо бліжэйшая школа знаходзіцца далей, чым у 15 км. Такіх агулам апынулася амаль паўтысячы. Але настроі ва ўрадзе кажуць аб тым, што менавіта з гэтымі школамі расправяцца ў першую чаргу, каб знайсці грошы на ўтрыманне іншых.

У буйнейшым горадзе краіны толькі 2% школьнікаў вучыліся па-беларуску


Колькасць абітурыентаў, што здаюць беларускую на ЦТ, пастаянна змяншаецца. Новая рэформа ЦТ стане апошнім цвіком у труну беларускамоўнай адукацыі ці прымусіць здаваць абедзве мовы ўсіх?

Цяперашняя рэформа можа апынуцца надзвычай балючай. Менавіта вясковыя школы застаюцца апошняй цвярдыняй беларускай мовы ў сістэме адукацыі.

У 2010/2011 гадах па-беларуску навучаліся толькі 19% школьнікаў. Яны пераважна хадзілі ў вясковыя школы (толькі 2.1% вучыліся па-беларуску ў Менску). Пры гэтым паводле афіцыйнай статыстыцы Мінадукацыі, два гады таму 52.1% агульнаадукацыйных установаў краіны працавалі на беларускай мове.

Тое ж і з асобнымі прадметамі. Да прыкладу, гісторыю Беларусі па-беларуску там вывучаюць 20–25%. У гарадскіх школаў такіх вучняў не болей за 5%. Тое ж самае і з геаграфіяй Беларусі: у вёсках 56% вучняў праходзяць прадмет на мове тытульнай нацыі, а ў гарадскіх школах гэты паказчык нашмат меншы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0722 seconds.