Гукі Беларусі: сірэна, дуда і метро

Беларусь сёлета ўпершыню далучаецца да вялікага еўрапейскага радыёмарафона, які пройдзе ў Дзень народзінаў мастацтва 17 студзеня. Марафон арганізаваны Еўрапейскім вяшчальным саюзам у межах святкавання моманту з’яўлення мастацтва. Каб абраць кампазіцыю, якая прадставіць Беларусь, дзяржаўнае радыё «Культура» наладзіла электра-акустычны конкурс «Фарманта», пераможца якога будзе гучаць у эфіры. Галоўныя ўмовы конкурсу: кампазіцыі мусяць адлюстоўваць Беларусь, а таксама павінны быць створаныя на аснове натуральных шумоў і гукаў вакол нас. Публічнае праслухоўванне прац, якія былі дасланыя на конкурс адбылося ў паўпустой канцэртнай залі Дома радыё. У паветры адчувалася, што на імпрэзу дайшлі толькі «абраныя». 

«Адна справа праспяваць песенку, іншая справа сесці і напісаць музычную кампазіцыю, арыгінальную, са сваёй драматургіяй, дзе будуць выкарыстоўвацца даволі незвычайныя для Беларусі элементы — гукі вакол нас. Гэта вельмі шмат працы і майстэрства. Менавіта з гэтае прычыны, мы маем не так шмат заявак на конкурс, гэта наўпрост у нас не распаўсюджана, на нашым аўдыёрынку такі накірунак увогуле не прадстаўлены», — тлумачыць Generation.by музыка, вядучы і адзін з арганізатараў конкурсу Віктар Кісцень.  

Агулам на конкурс даслалі 6 прац з сірэнай, музыкай дуды і плёскатам вады, гукамі з менскага метрапалітэну, а таксама ёсць сярод іх і гукавое апісанне вандроўкі ў электрычцы з Менску да Барысава.

«Я ўпэўнены, што далёка не кожны ведае, як гэта ездзіць у электрычках і якія сітуацыі можна там сустрэць. Таму я вырашыў паказаць гэту атмасфернасць»,  — кажа студэнт Мікіта, аўтар кампазіцыі «Зялёная зона».

Кампазіцыі ацэньвае журы па дзесяцібальнай шкале. Дарэчы сярод яго сябраў ёсць музыка Сяргей Пукст. Усе кампазіцыі, дасланыя на конкурс, а таксама імя пераможцы можна будзе пачуць у эфіры праграмы «Канцэртная зала» 18 студзеня на канале «Культура».   

Беларускае радыё сёлета ўпершыню зацікавілася задумкай радыёмарафона, які праводзіцца ўжо 50 гадоў 17 студзеня. Ён прысвечаны 1 000 050 годдзю мастацтва. 17 студзеня 1963 году французскі авангардыст і майстра перформансу Robert Filliou выказаў думку, што менавіта ў гэты дзень мільён гадоў таму з’явілася мастацтва. Чалавек узяў сухі грыб замест пэндзліка і абмакнуў яго ў ваду — так нарадзілася мастацтва, лічыў Filliou. Пасля смерці мастака ў 1987 годзе ягоныя сябры пачалі святкаваць Дзень народзінаў мастацтва, а  EBU (Еўрапейскі вяшчальны саюз) штогод у гэты дзень праводзіць радыёмарафон, у якім удзельнічаюць радыёкампаніі з розных краін Еўропы.

Фота: Юля Фокс

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0814 seconds.