Студэнт БДАМ знайшоў чалавека, які варыць піва па ўласным рэцэпце, і атрымаў $2100

Студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Кірыла Сынкоў атрымаў 18 млн. рублёў ці $2 100 ад «Лідскага піва» за лепшую працу, прысвечаную вывучэння піўной гісторыі Беларусі. Узнагароджанне адбылося ўчора ў Менску.


Кірыла Сынкоў

Каля 100 чалавек сабраліся ў гатэлі Еўропа, каб даведацца імёны пераможцаў конкурсу «Піўны летапіс у цэнтры Еўропы», арганізатарам якога стала ААТ «Лідскае піва». У ягоных межах студэнты ВНУ шукалі факты, легенды, сямейныя традыцыі, рэцэпты, яркія падзеі — усё, што адносіцца да піўной культуры Беларусі ад Сярэднявечча да нашага часу.

Хваляванне і мокрыя далонькі суправаджалі чаканне вынікаў, бо пераможца конкурсу мусіў атрымаць 18 000 000 рублёў. Зала замерла ў чаканні. Пераможцам конкурсу стаў Кірыла Сынкоў, студэнт БДАМ. Хлопец не толькі раскапаў невядомыя факты пра піўную гісторыю, знайшоў саматужных півавараў з уласнымі рэцэптамі, але і ілюстраваў працу малюнкамі з подпісамі па-беларуску.

«У працы я імкнуўся паказаць народнасць гэтага напою, паказаўшы гісторыю не броварнага, а саматужнага піваварэння, — кажа Кірыла. — Агульнымі высілкамі мы (дапамагалі выкладчык і сябры) знайшлі чалавека, які да сённяшніх дзён сам варыць піва па ўласным унікальным рэцэпце. Цяпер я разумею, што Беларусь мае даўнія піўныя традыцыі і еўрапейскую культуру спажывання алкагольных напояў».

Акрамя асноўнага пераможцы, журы абрала двух лаўрэатаў, якія атрымалі па 6 млн. рублёў. Гэта Ян Юрыс з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта з працай «Як піва Слонім выратавала» і Мацвей Шаўчэнка з ГрДУ з працай «Човен, бочак піва да вяселле Ягайлава».

Таксама былі вылучаныя чатыры адмысловыя намінацыі за адмысловы ўнёсак у напісанне «піўнога летапісу» Беларусі. Журы конкурсу ацэньвала працы па некалькіх крытэрах, перавагу сярод якіх мелі «ўнікальнасць знойдзенай інфармацыі» і «асабістая зацікаўленасць аўтара».

«Студэнты сапраўды „раскапалі“ індывідуальныя, малавядомыя традыцыі, нанова адкрылі культуру піцця нашых продкаў. Уся інфармацыя, якую мы атрымалі на конкурс, ляжа ў аснову „піўнога летапісу“ Беларусі», — пракаментаваў вынікі спаборніцтва Аўдрыюс Мікшыс, што цяпер кіруе «Лідскім півам».


Частка працы Кірылы: інтэрв'ю з чалавекам, што дагэтуль варыць піва па ўласным рэцэпце

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.