10 брэндаў піва для беларускіх патрыётаў

У пачатку сакавіка менскі рэстаран-бровар «Друзья» прапанаваў сваім наведвальнікам новы гатунак – пад назвай «Статут 1529». Generation.by натхніўся нагодай, каб прыгадаць, якія яшчэ патрыятычныя назвы адзначыліся ў гісторыі беларускага піва. 

  1. «Няміга».
    Мінскі піваварны завод «Беларусь» (цяпер піўзавод «Аліварыя»).

Спіс пачынаецца з гэтага піва, бо летапісная гісторыя Менску пачыналася менавіта на Нямізе. Раку і дадзены гатунак піва мы ўжо не можам убачыць, але цалкам верагодна, што некаторыя людзі ў апошняе дзесяцігоддзе 20-га стагоддзя пілі «Нямігу» на месцы, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач. Так, у той час яшчэ можна было піць на вуліцы.

  1. «Белорусское».
    Брэсцкі камбінат безалкагольных напояў.

Ну як жа без піва «Белорусское». Пад такой назвай амаль кожны больш-менш буйны завод на пачатку 90-х выпускаў свой гатунак піва, але менавіта гэта варыяцыя этыкеткі асабліва цікавая, бо яно з пагонькай. Моцны аргумент, каб дадаць яго да нашага спісу.

  1. «Тутэйшае».
    Маладзечанскі піўзавод.

Маладзечанскі піўзавод, які дажывае свае апошнія тыдні-месяцы, з дня на дзень будзе зачынены. За сваю гісторыю гэты завод вырабіў шмат розных гатункаў піва, у тым ліку і «Тутэйшае», якое ў кагосьці можа асыцыявацца з творам Янкі Купалы, а для некаторых проста з нашым, з беларускім.

  1. «Шляхецкае».
    Гродзенскі піўзавод.

Піва «Шляхецкае» ад Гродзенскага піўзавода, ні бровара, ні самаго піва ўжо не існуе. У свой час дадзены піўны напой даваў магчымасць кожнаму беларусу хоць на нейкі момант адчуць сябе шляхтай. Праўда думаецца, што шляхта не піла такога піва, аб чым яна магла толькі шкадаваць. 

  1. «Князь Рагвалод».
    Полацкі піўзавод.
    «Князь Вітаўт»,
    «Князь Гедымін».
    Лідскі піўзавод.
    «Князь Альгерд»
    Віцебскі піўзавод.

Набор князёў ад розных піўзаводаў даволі разнастайны: і Гедымін, і Альгерд, і Вітаўт, нават першы полацкі князь Рагвалод ёсць. Вельмі вока рэжа «Ольгерд», але кажуць, што піўзаводы рабілі этыкеткі па-расейску, каб піва можна было ў Расію экспартаваць, пакінем гэты на сумленні Віцебскага піўзавода.

 

  1. «Скарынаўскае».
    Полацкі піўзавод.

Было б вельмі дзіўна, калі полацкія півавары на зварылі б піва «Скарынаўскае». А так атрымалася цудоўнае цёмнае піва шчыльнасцю 13% і каларыйнасць 43 ккал, бялку на 100 г. усяго 0.7 г, а вугляводаў 5.8 г. Галоўнае, каб людзі не забывалі спажыць да адзначанай даты. Гэтае цудоўнае піва разам са Скарынай засталіся ў нашай гісторыі.

 

  1. «Граф Чапскі».
    Мінскі піваварны завод «Беларусь» (цяпер піўзавод «Аліварыя»).

Гатунак «Граф Чапскі» выпускаўся менскім заводам з 1993 па 1999, некалькі апошніх год яго зноў пачалі вырабляць. Пры падрыхтоўцы «Чапскага» выкарыстоўваецца ядловец. Яно было названа ў гонар аднаго з ранейшых уладальнікаў завода – графа Карла Эмірыкавіча Гутэн-Чапскага, які быў у 1890—1901 гарадскім галавой ў Менску і ў 1894 адкрыў свой прыватны піваварны бровар «Богемия» (цяпер піўзавод «Аліварыя»). 

  1. «Батория».
    Гродзенскі піўзавод.

Для Гародні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый – даволі значная асоба. Пры Баторыі кожны трэці сойм праходзіў уГародні. У ВКЛ замест гаспадарскага суда як вышэйшай судовай інстанцыі былі зацверджаныя шляхецкія выбарныя трыбуналы. Сваю рэзідэнцыю Стэфан Баторый трымаў у Гародні, уСтарым замку, дзе і памёр. Таму нядзіўна, што такое піва выраблялася менавіта ў Гародні, ды і сам піўзавод стаяў пад сценамі Старога замку.

  1. «Машэка».
    Магілёўскі піўзавод.

Добра, што ў свой час нашы піўзаводы называлі піва ў гонар сваіх лакальных герояў, сапраўдных ці не. Вось Машэка – герой беларускага народнага падання, змагар супраць сацыяльнай несправядлівасці, высакародны разбойнік. Паводле падання, каля магілы забітага Машэкі ўзнік горад Магілёў, а потым ужо ў Магілёве ўзнікла піва «Машэка». 

  1. «Навагрудскае».
    Навагрудскі піўзавод.

Лакальнае піва з рэгіянальнага піўзавода ў Наваградку. Піва «Навагрудскае» выраблялася на стыку стагоддзяў і было зусім слабым (2.8 % спірту), у адрозненне ад Навагрудскага замку, які ў XIV—XVI быў адным з самых магутных на беларускіх землях.

Выявы этыкетак з архіву сайта nubo.ru


Віктар Контар 15:00, 19.03.2015 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0465 seconds.