Вечарынку на Дзень студэнта ў Брэсцкай вобласці перарваў АМАП

Сёння міліцыя Берасця заявіла аб існаванні «групы маладых людзей у 170 чалавек, якія ладзяць „амерыканскія вечарыны“». Паводле міліцыі, вечарыны «ўяўляюць сабой збор моладзі ў арэндаваным памяшканні, дзе праводзіцца „тэматычная вечарына“, ці, па-простаму, дыскатэка».

Трапіць на такую тусоўку можна толькі па запрашальных і пры гэтым трэба быць асабіста знаёмым з кім-небудзь з удзельнікаў, піша «Брестская Газета».

Адна з такіх амерыканскіх вечарынаў пад назовам «Батан-паці» была спыненая на Дзень студэнта 17 лістапада ў санаторыі ў Жабінкаўскім раёне недалёка ад Берасця ў аздараўленчым цэнтры «Арляня».

Вечарыну рэкламавалі як «пякельную тусоўку» з бясплатным алкаголем, госцямі з Піцеру і Мінска, а таксама дыджэямі. Абяцалася шмат новых уражанняў і незабыўныя ўспаміны, а таксама фота-і відэасправаздачы, піша «Віртуальнае Берасьце».

На паці прыйшлі 126 чалавек, збольшага 18–19 гадоў. 70% з іх — студэнты, а каля 10% раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. Персанал у час паці адсутнічаў.

У некаторых прысутных былі канфіскаваныя рэчывы, падобныя на гашыш і марыхуану, а таксама прылады для іх ужывання з рэшткамі канопляў. Наведвальнікі патлумачылі, што кожны мог прынесці лёгкія наркотыкі на вечарыну, альбо набыць іх на месцы.

Таксама міліцыя сканфіскавала 16 літраў спіртазмяшчальнай вадкасці, якая знаходзіцца ў палімерных 5-літровых бутэльках. Агулам было закуплена 50 літраў такой вадкасці.

Цяпер жабінкаўская міліцыя праводзіць праверку па фактах незаконнага набыцця і распаўсюджвання алкаголю і наркотыкаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.