Беларускую мову могуць прыбраць з ЦТ

Міністэрства адукацыі вырашыла зэканоміць на ЦТ. Ведамства збіраецца значна скараціць колькасць прадметаў цэнтралізаванага тэставання, спалучыўшы ў адным тэсце беларускую і расейскую мовы, а ў іншым — гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю і грамадазнаўства.

Аб жаданні пазбавіцца ад некаторых прадметаў на ЦТ заявіў у самым пачатку навучальнага году міністр адукацыі Сяргей Маскевіч:

«Я лічу, што неабходна зменшыць колькасць прадметаў на цэнтралізаваным тэставанні, згрупаваць спецыяльнасці па накірунках, каб іх больш уніфікаваць», — казаў Сяргей Маскевіч. Ён прывёў у прыклад гісторыю (не ўдакладняючы, сусветную ці гісторыю Беларусі ён мае на ўвазе), якая «па сутнасці тая самая спецыяльнасць, што і грамадазнаўства».

«Пытанні дублююцца, а здаюць як два прадметы. Ёсць над чым папрацаваць і што ўніфікаваць. Думаю, у новай рэдакцыі правілаў прыёму гэтыя змены знойдуць адлюстраванне».

Мінус 5 тэстаў

Цяпер Мінадукацыі агучыла вынікі працы: з 14 прадметаў на ЦТ верагодна застануцца толькі 9. А тэсты па фізіцы і матэматыцы; хіміі і біялогіі; расейскай і беларускай мовах; сусветнай гісторыі найноўшага часу, гісторыі Беларусі і грамадазнаўству спалучаць разам. Такую інфармацыю перадалі interfax.by супрацоўнікі БДУ.

Да прыкладу, тэст па расейска-беларускай мове можа выглядаць прыкладна гэтак:

«У адным тэсце 50% заданняў будзе па расейскай мове, а іншыя 50% — па беларускай».


Колькасць абітурыентаў, што здаюць беларускую на ЦТ, пастаянна змяншаецца. Новая рэформа ЦТ стане апошнім цвіком у труну беларускамоўнай адукацыі ці прымусіць здаваць абедзве мовы ўсіх?

Аднак, «як Мінадукацыі хоча інтэграваць іншыя навучальныя прадметы», педагогам незразумела.

Скептычна ставяцца да новай рэформы і ў рэгіянальным цэнтры тэставання і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Там ужо праводзілі эксперыменты з падобнымі спалучанымі тэстамі.

«Калі інтэграваць прадметы ЦТ, то для пачатку трэба перагледзець падыходы да навучання дзяцей у школах: трэба навучыць іх, як веды аднаго прадмета можна перанесці на праверку ведаў па іншаму», — кажуць у Рэгіянальным цэнтры.

Галоўны агучаны аргумент для такога скарачэння дысцыплінаў — надта вялікі кошт правядзення тэстаў. Сусветную гісторыю сапраўды здаюць вельмі мала чалавек. Сёлета такіх было 1.74 тысячы. Грамадазнаўства здавалі болей за 9 тысячаў абітурыентаў, гісторыю Беларусі — у 2 разы болей.

Што да плюсаў рэформы, то ў яе выніку магчымасці абітурыентаў па выбары спецыяльнасці мусяць пашырыцца, сцвярджаюць у БДУ:

«Пасля праходжання цэнтралізаванага тэставання і атрымання на рукі сертыфікатаў ЦТ колькасць спецыяльнасцяў, на якія абітурыенты змогуць падаваць дакументы, вырасце ў разы. Гэта згуляе толькі на руку тым, хто паступае ў ВНУ», — кажуць прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0667 seconds.