Чыноўнікі распавялі, калі адменяць размеркаванне
З моманту ўвядзення прымусовага размеркавання ў канцы 90-х, чыноўнікі заўсёды казалі, што гэта дабро для маладога чалавека, бо дае «гарантыю першага працоўнага месца для выпускніка». Паступова рыторыка змянілася, і яны ўжо не хаваюць, што сістэма прымусовай працы маладых спецыялістаў створаная, каб затыкаць дзіркі там, куды дабраахвотна працаваць ніхто не ідзе.
Прымусовае размеркаванне выпускнікоў не дазваляе цалкам вырашыць кадравыя праблемы беларускіх рэгіёнаў. Хаця адмяняць яго пакуль усё роўна не збіраюцца. Аб гэтым заявіла прадстаўніца Міністэрства адукацыі Вольга Мушчынская.
Чыноўнікі працягваюць сцвярджаць, што «размеркаванне — гарантыя першага працоўнага месца для выпускніка». Хаця галоўнай прычыны існавання практыкі прымусовага размеркавання, забеспячэнне кадравых патрэбаў галін і рэгіёнаў, яны не хаваюць.
«Але трэба разумець, што ўсіх кадравых праблем вырашыць за кошт маладых спецыялістаў нельга, бо яны займаюць першасныя пасады, на высокія адразу іх ніхто не возьме», — заявіла галоўны інспектар аддзелу вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Вольга Мушчынская на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Яна нагадала, што з гэтага году пад размеркаванне трапляюць нават тыя выпускнікі, што 2 ці 2.5 гады вучыліся на бясплатным, а астатнюю частку навучання плацілі за яго самі. Акрамя гэтага інспектар заявіла, што Мінадукацыі збіраюцца пашыраць практыку мэтавай падрыхтоўкі кадраў. Выпускнікі, што рыхтаваліся па такіх праграмах, абавязаныя адпрацоўваць 5 гадоў. Аб гэтым перадае БелТА.
На пытанне аб тым, калі размеркаванне можа быць адмененае, прадстаўніца Мінадукацыі сказала наступнае:
«Размеркаванню быць, пакуль галіны і рэгіёны не скажуць, што інстытут размеркавання ім больш не патрабуецца, і свае кадравыя пытанні яны могуць вырашыць з дапамогай найму працаўнікоў на вольным рынку працы».