У кожным нацыянальным парку Беларусі з’явяцца веладарожкі
Міністэрства спорту і турызму плануе размесціць роварныя і экалагічныя сцежкі ва ўсіх найбольш масавых зонах адпачынку вакол азёраў ці рэк. Акрамя гэтага ў Беларусі будзе развівацца іншыя віды транспартнага сервісу для турыстаў, у тым ліку воднага.
Такімі знакамі пазначаюць у Беларусі альтэрнатыўныя роварныя сцяжыны
Паводле словаў намесніка міністра спорту і турызму Чэслава Шульгі, з наступнага году ва ўсіх буйнейшых беларускіх зонах адпачынку з’явяцца роварныя сцяжыкі. Як перадае БелаПАН, мерапрыемствы па іх стварэнні ўжо запланаваныя.
У мінулым годзе было абвешчана аб адкрыцці пункту пракату ровараў у Белавежскай пушчы. Адміністрацыя пушчы кажа, што ў ёй цяпер можна скарыстацца чатырма роварнымі сцежкамі.
Альтэрнатыўную сетку роварных турыстычных шляхоў стварае недзяржаўнае Менскае роварнае таварыства. Сёлета арганізацыя пачала разведку і апісанне веламаршрутаў па ўсёй Беларусі.
Таксама з наступнага году турыстаў па Беларусі паспрабуюць вазіць на караблях. Як заявіў Чэслаў Шульга, плануецца таксама надаць увагу абсталяванню прыстаняў для перавозкі турыстаў. Новыя турыстычныя суда ў мінулым годзе з’явіліся ў Віцебску і Магілёве.
А пакуль найбольш дынамічны сектар турыстычнага рынку ў Беларусі — агратурызм. Цяпер у нашай краіне болей за 1 800 аграсядзібаў.