Творчы вэрхал Кацярыны Пытлевай і Дзіты Карэлінай ў галерэі «Ў»
Творчы вэрхал адбываўся ў галерэі «Ў». Нагодай для гэтага стаў арт-вечар, прысвечаны прэзентацыі кнігі вершаў вядомай беларускай спявачкі, ды-джэя, тэлезоркі Кацярыны Пытлевай «Внутренности» і спектакля Дзіты Карэлінай «Ad Libitum» , падрыхтаваным разам з яе пяцігадовай дачкой Марленай.
Так супала, што менавіта ў гэты дзень Дзіта Карэліна яшчэ і адзначала дзень народзінаў, таму свята атрымалася падвойнае.
Памяшканне галерэі з цяжкасцю змясціла ўсіх ахвочых наведаць творчы вечар. Сярод публікі былі людзі абсалютна рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, ад 16 і да 60 год. Пры вялікай колькасці людзей, вечар аказаўся з ўтульнай атмасферай, якую стваралі расстаўленыя на падлозе свечкі і водар духмяных рэчываў.
Пад столлю супакоена гойдаўся матуз шыбеніцы, дзяўчына сядзела на падлозе і раскідвала ва ўсе бакі фота. «Ad libitum» у перакладзе з лацінскай значыць «па жаданні», «па ўласным меркаванні», што дае акторам не толькі свабоду ў дзеяннях, але і прымае любую імправізацыю.
Спектакль Дзіты Карэлінай упершыню паказалі ў Менску, дагэтуль ён быў прэзентаваны ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Сюжэт праводзіць паралелі паміж дзяцінствам і фармаваннем асобы, уздымае пытанні любові і нянавісці, прымушае задумацца аб шчасці мацярынства і правільным жыццёвым выбары. Мяжы паміж дачкой і маці не было, акторы мяняліся ролямі, адначасова прымяраючы на сябе два гэтыя вобразы. Маленькая акторка захапляла сур’ёзнасцю сваіх фразаў і паспяховай імправізацыяй.
Пасля шчырых апладысментаў, кветак і антракту пачалася прэзентацыя кнігі «Внутренности».
«Чаму, чаму мы робім прэзентацыю разам з Дзітай»? – пытае Кацярына Пытлева ў гледачоў і адразу дае адказ:
«Усё не проста так. Дзіта натхняе мяне, я натхняю яе. Менавіта яна натхніла мяне на напісанне кнігі. Бывае ж такое, сустракаюцца людзі і яны даюць адзін аднаму такі штуршок, які не змог бы даць ніхто іншы. Доўгі час я друкавала свае вершы ў інтэрнэце пад псеўданімам, але зараз я ёсць я. Для кагосьці гэта адкрыццё, для кагосьці не. Для кагосьці лягчэй выплакацца, для кагосьці выказаць гэта так, як мне. Галоўнае – гэта эмоцыі».
У раскіданым навокал восеньскім лісце, з вершамі і сентыментальнымі песнямі ішла прэзентацыя. У тэкстах аўтаркі кожны знаходзіў сябе. Адна з наведвальніц, не вытрымаўшы ўласных эмоцый, якія ўзрушвалі песні і вершы Кацярыны Пытлевай, пусціла скупую слязу.
Праз некалькі дзесяткаў хвілін людзі стаялі ў вялікай чарзе за кнігамі, а Каця ўжо давала адказы на пытанні журналістаў, што акружылі яе з усіх бакоў.
«Самае складанае было адабраць вершы за перыяд 17-18 гадоў маёй творчасці. Але большая частка сярод прадстаўленых вершаў была напісана не так даўно. Самы ранні з іх напісаны ў 18 гадоў, – кажа Пытлева. – У кнізе сабраныя вершы, якія адлюстроўваюць мой погляд на знешні свет. У першым раздзеле змешчаныя вершы, звязаныя з усведамленнем рэчаіснасці. Другі раздзел называецца «сэрца»: пра любоў і, часцей, не любоў, пра дробязі, якія ўпрыгожваюць нашае жыццё. Усе вершы, уся творчасць ідзе звонку, таму і назва адпаведная. Інакш сваю кнігу я не магла б назваць. Гэта кніга – мой своеасаблівы дзённік. Там захаваныя мае хваляванні і эмоцыі».