У Акадэміі кіравання пачалі рыхтаваць ідэолагаў-уладароў
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Беларусі пачала ў гэтым годзе навучанне па новай завочнай спецыяльнасці «дзяржаўная ідэалогія і кіраванне чалавечымі рэсурсамі».
Як паведамляе БелТА, перад выпускнікамі новай спецыяльнасці адкрыюцца вялікія кар’ерныя магчымасці. У ВНУ кажуць, што пасля перападрыхтоўкі «кіраўнікі і спецыялісты ўсіх формаў дзеяння» будуць гатовыя да працы ў галіне публічнай палітыкі, ідэалагічнай работы і кіравання чалавечымі рэсурсамі.
Будучым ідэолагам, якіх пакуль у Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі навучаецца толькі 25, мусіць знайсціся месца ў самых высокіх органах дзяржаўнага кіравання, КДБ, міліцыі і іншых сілавых структурах.
Акрамя гэтага слухачам спецыяльнасці абяцаюць удзел у навучальных гульнях, стажыроўкі ва ўладзе і вядучых СМІ. Навучанне будзе цягнуцца 1 год і 10 месяцаў. Другога дыплому аб вышэйшай адукацыі слухачы ідэолагі не атрымаюць.