А дзе людзі?

Мне, як пераважна гарадскому жыхару, заўсёды было цікава пабачыць і адчуць на сабе сапраўднае жыццё вёскі. Каб з водарам сена, свежым малаком ды іншай рамантыкай. Таму на сутыку лета-восень з радасцю і прыемным прадчуваннем выправілася ў вёску Здзітава ў госці да Тані — у «мірны час» прыгажунькі-студэнткі Акадэміі кіравання, а ўлетку — працавітай дачкі гаспадарлівых бацькоў.

Першае ўражанне: «А дзе людзі»? — Адзіны, хто падаваў прыкметы жыцця, быў певень, які старанна выводзіў сваю песню. Стаю я каля прыпынку з надпісам «Здзітава» і не разумею, куды я трапіла, навокал ніводнага чалавека. Толькі сабакі, пеўні, козы, качкі ды іншыя прадстаўнікі жывёльнай гаспадаркі.

Дачакалася сяброўку і пачала распытваць яе пра тое, што тут наагул ёсць. Дом культуры, пошта, крама, школа, амбулаторыя і калгас. Так што жыць можна. Дом Культуры, ён жа клуб і бібліятэка. Дыскатэкі тут бываюць па пятніцах і суботах, моладзь прыязджае нават з суседніх вёсак. Амаль усе ў дровы п’яныя.

«Хлопцы прыязджаюць, каб набіць твары адзін аднаму і пазнаёміцца з дзяўчынамі. Для дзяўчын гэта асноўнае месца, каб даведацца пра навіны ў вёсцы, хто з кім муціў, хто каго біў і, вядома ж, знайсці сабе кавалера. Наш клуб – добрае месца збору плётак і абмеркавання іншых.

Каб нармальна адпачыць, моладзь ездзіць у суседнія гарады. Добра, што не вельмі далёка раённы горад Бяроза і туды можна выехаць у свет. Пасядзець у прыемнай кавярні і патанчыць».

Не ва ўсіх ёсць машына, і пераважная большасць падлеткаў могуць дазволіць сабе толькі суседнію вёску. Слабыя перспектывы ды іншыя мясцовыя фактары часта падбіваюць моладзь сябраваць найпеш з бутэлькай.

У бібліятэцы толькі кнігі для школьнікаў, бо, як высвятлілася, моладзь старэйшага ўзросту не чытае абсалютна. Апалітычнасць як лад жыцця і абсалютная адсутнасць цікавасці да таго, што адбываецца навокал.

У школе вучыцца менш за 100 чалавек. У гэтым годзе ледзь набралі першы клас. Адукацыя цалкам на беларускай мове. Шмат прыязджае сюды маладых настаўніках, але больш чым на два гады яны не застаюцца і пасля адпрацоўкі радыя рвануць у месцы паперспектыўней. Да таго ж на заняткі сюды яны мусяць ездзіць з бліжэйшых гарадоў.

Наступнай кропкай наведвання быў як раз такі мясцовы калгас. Пакуль ішлі, пабачылі некалькі мужыкоў, якія мацавалі дах. Што пацешыла, па ўсёй вёсцы не было заўважана ніводнага алкаша. Амаль у кожным двары жанчыны корпаліся ў агародзе. Мы не сустрэлі ніводнага лайдака ці чалавека, які б проста сядзеў каля плота і адпачываў ці тым больш загараў пад парасонам. Пераважная большасць насельніцтва працуе ў калгасе, атрымлівае свае 2 мільёны і вядзе ўласную гаспадарку, за кошт якой і жыве. Прайшлі праз галоўныя брамы калгасу, нас ніхто не спыніў. Некалькі разоў праходзілі каля адміністратыўнага будынку, але мы так і засталіся без увагі. Калгас як калгас, вельмі шмат стагоў сена, адпаведны пах, да якога даволі хутка звыкаешся, брудныя каровы, каровіны аладкі, у якія я такі уступіла, і горы зерня. Усё даволі прыстойна і чыста. Дарэчы, не так даўно сюды прыязджаў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

«Тут быў такі шухер! Уся вёска шушукалася. Прайшоў Мясніковіч па калгасу, усё паглядзеў і пытае: “А дзе людзі? Можа ў каго з іх пытанні да мяне ёсць, можа паскардзіцца на што хочуць?” А людзей не было. Іх усіх загрузілі працай, забаранілі выходзіць з памяшканняў і ні ў якім разе не трапляцца на вочы адміністрацыі. Бо самае страшнае было б, каб нехта на штосьці паскардзіўся. Бо пасля праблем не абярэшся. Тут меркаванню іншых надаюць вельмі шмат увагі, бо усе адзін аднаго ведаюць. З зернем у нас усё добра, а ў астатнім ёсць куды імкнуцца».

Што да моладзі, то прыбіраць зерне, пасвіць кароў і ўпарадкоўваць свінняў для іх не вельмі вабна, заробкі тут мала дзе большыя за 1,5 мільёны, таму большасць імкнецца збегчы ў гарады. Тыя, хто застаецца, звычайна адразу заводзяць сям’ю і нараджаюць дзетак.

«У мяне аднакласніца ў 18 год нарадзіла першае дзіцё, а зараз вось другім цяжарная. Яе лёс ужо вызначаны. Яна шчаслівая. Вельмі шмат маіх сябровак павыходзілі замуж. Вучоба для іх не грае вялікай ролі».

Моладзь прыязджае сюды толькі летам, каб адпачыць на прыродзе ды пагрэцца на сонцы за хатаю.

«У вёсцы часта ладзяцца народныя фестывалі, прыязджаюць госці з Польшчы, Нямэччыны, іх вабіць наш фальклор. Шмат людзей прыязджае на дзень вёскі. Вуліцы жывуць. Усюды моладзь. Гульні ў футбол, валейбол, спевы, народныя танцы. І амаль няма п’яных. Дзень вёскі, дарэчы, не так даўно быў, наша сям’я на ім атрымала ўзнагароду за 2-е месца па аб’ёму надоя малака па раёну. Прыемна)))»

Дзіўнае месца, трапляеш нібыта ў мінулае. Вёскі не падуладныя часу. Толькі машыны, якія перыядычна з’яўляліся на дарозе, нагадвалі пра сучаснасць.

«А больш тут няма чаго і рабіць. Я амаль увесь час дапамагаю бацькам, бо ў нас вялікая гаспадарка: 10 свінняў, 3 каровы, конь, а птушак я увогуле пералічыць не магу. Бацькі прачынаюцца летам а 5 гадзіне, упарадкоўваць гаспадарку, а пасля едуць на працу. Калі б не гаспадарка, я не ведаю, як бы яны мяне вучылі на платным. З нашымі заробкамі гэта немагчыма проста».

Вельмі дзіўна было бачыць Таню ў яе новым амплуа. Бо ў Менску яна больш падобная на свецкую львіцу, чым на Таню-гаспадыню, вясковую дзяўчыну. І вельмі складана суадносіць гэтыя два вобразы.

«Я забыла, як гэта — адчуваць сябе прыгожай дзяўчынай. Хаджу тут амаль заўсёды ў гумовых ботах ці галошах, туфлі на абцасах не апранеш, бо на нашых дарогах можна ногі зламаць. Пазногці не адгадуеш і не нафарбуеш, бо вось цяпер тыдзень капалі бульбу і рукі сталі як у старой бабулі. Бывае вельмі хочацца ў Менск, каб адчуць сябе чалавекам».

У Менску Таня сабе ні ў чым не адмаўляе: заўсёды прыгожыя сукенкі, туфлі на абцасах, распушчаныя валасы і прыгожы манікюр – як норма жыцця. У вёсцы яна ператвараецца ў папялушку. Тут нормай жыцця становіцца штодзённая дойка кароў і справы па дому.

«Але я люблю вёску. Гэта месца, дзе ты можаш пабыць сам-насам са сваімі думкамі, разабрацца ў сабе. Мне вельмі падабаецца хадзіць у грыбы. Бывае, праўда, бамжоў страшна сустракаць, любяць яны там бадзярыць, але ў мяне з сабой заўсёды ножык. Ну ў Менску яны былі б дакладна бамжамі, а тут гэта як бы звычайныя жыхары вёскі, якія маюць дом і гаспадарку. Тут трошкі іншыя паняцці багацця і шчасця. Вельмі крыўдна, што вёска прыходзіць ў заняпад. Не ведаю, што патрэбна зрабіць, каб утрымаць тут моладзь. Шмат каму ўжо не хапае толькі чаркі і шкваркі».

Мы ўзялі па яблыку, уладкаваліся на лаве каля прыпынку, і пачалі чакаць мой аўтобус. Бліжэй да вечара, зрэдку нам пачалі трапляцца людзі. Хто на ровары, хто на возе, цягнулі яны мяхі з бульбай. Пачаўся сезон.

* * * 

Фота: Воля Гарапучык

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0669 seconds.