Дзяржава выдаткуе мільярды на распрацоўку метадаў кантролю за Інтэрнэтам

Адразу некалькі новых сістэм па сачэнні за карыстальнікамі Інтэрнэту хутка будуць ўведзеныя ў Беларусі. Мільярды беларускіх рублёў улады плануюць выдаткаваць на распрацоўку комплексаў, што дазволяць запісаць кожны крок беларускага юзера ў Сеціве, прасачыць за крытычнымі выказваннямі на форумах і ў сацыяльных сетках, і ўрэшце рэшт ідэнтыфікаваць кожнага грамадзяніна. Дапаможа са шпіёнскімі напрацоўкамі і Расея, што плануе заняцца тэставаннем сваіх сістэмаў сачэння на заходніх суседзях.

Паводле недзяржаўнай арганізацыі Freedom House, Беларусь займае 69 месца ў рэйтынгу краін па свабодзе Інтэрнэту. Аўтарытэтная арганізацыя лічыць беларускі Інтэрнэт «несвабодным». Праўда, троху больш вольным за, напрыклад, кітайскі, кубінскі ці іранскі. Агулам восем краін паводле справаздачы Freedom House маюць горшую за беларускую сітуацыю са свабодай выказванняў, доступу і карыстання Інтэрнэтам.

Верагодна, беларускім уладам не дае спакою поспех у блакаванні Інтэрнэта Кітаю і Ірану, і бліжэйшым часам яны збіраюцца зрабіць усё, каб адваяваць у гэтых краін апошнія месцы ў рэйтынгу свабоды Інтэрнэту. Аб гэтым сведчаць дакументы, што апошнім часам прасачыліся ў Сеціва.

Інтэрнэт-тэлебачанне і беларускія «айдзі»

У пачатку 2012 году прэм’ер Мясніковіч унёс некалькі вельмі істотных правак у дакумент пад назовам «Мерапрыемствы па рэалізацыі Нацыянальнай праграмы паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на 2011–2015 гады».

Праграма паведамляе, што ўжо праз два-тры гады ў беларусаў мусіць з’явіцца партал «Уся Беларусь on-line», адзіны партал дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і комплекс «нацыянальнага інтэрнэт-тэлебачання».

Акрамя гэтага, ужо праз паўгода мусіць быць запушчаная адзіная сістэма ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб. Яшчэ праект называюць «смарт-карта». Маецца на ўвазе нешта падобнае да картак ID, што распаўсюджаныя ў большасці краін свету і замяняюць ў многіх выпадках пашпарты. На распрацоўку беларускага «айдзі» дзяржава збіралася выдаткаваць каля Br4 млрд. ці $500 тыс.

«Пуціна» засмокча ўсіх юзэраў?

Аднак найбольшую цікавасць выклікаюць пункты, з якіх вынікае, што дзяржава занялася стварэннем вялікай сістэмы маніторынгу інтэрнэт-кантэнту, а таксама абсталявання, што дазволіць сачыць літаральна за кожным карыстальнікам.

У прыватнасці, два гады і прыкладна Br3 млрд. $355 тыс. плануецца патраціць на «распрацоўку праграмна-апаратнага комплексу для даследавання і маніторынгу інфармацыйных рэсурсаў нацыянальнага сегменту глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт».

Спецыялісты каротка называюць гэта сістэмай маніторынгу кантэнту. На форумах з’явілася больш дакладнае апісанне гэтага комплексу. З яго вынікае, што спецслужбы з дапамогай яго збіраюцца маніторыць сайты і форумы, каб шукаць там узгадкі пэўных паняткаў і людзей. Аўтараў паведамленняў дапаможа ім ўсталяваць іншая сістэма, што атрымала кодавы назоў «Пуціна».

Паводле «Мерапрыемстваў па рэалізацыі Нацыянальнай праграмы», ужо сёлета беларускія праграмісты мусяць падараваць свету цуда-прыбор: «комплекс аналізу высокахуткасных сеткавых плыняў для аператыўна-вышуковай дзейнасці (шыфр „Пуціна“)».

Іншы дакумент, што прасачыўся ў Сеціва адразу пасля затрыманняў некалькіх мадэратараў палітычных суполак у VK, тлумачыць прызначэнне прыбору. «Пуціну» будуць ставіць (ці ўжо паставілі) на кожны вузел электрасувязі (адкуль падаецца сігнал на любы мабільны або хатні мадэм) кожнага правайдэра. Існуе меркаванне, што дзякуючы гэтаму механізму, спецслужбы Беларусі могуць атрымліваць практычна любыя звесткі пра дзеянні карыстальнікаў Інтэрнэту.

Прыбор «для аператыўна-вышуковай дзейнасці» мусіць перадаваць яго ўладальніку ўсю інфармацыю пра тыя сайты і пляцоўкі, якія наведваў карыстальнік, якую інфармацыю ён пісаў і пакідаў на іх, што рабіў і колькі агулам карыстаўся Інтэрнэтам. Сачыць патрабуецца нават за наведвальнікам публічных месцаў, дзе ўсталяваны «бясплатны Wi-Fi». Дакумент адзначае, што калі ідэнтыфікаваць карыстальніка наўпрост немагчыма, неабходна запомніць тэхнічныя дадзеныя кампутара, з якога ён ці яна выходзіў у Інтэрнэт.

Колькі будзе каштаваць «Пуціна», пакуль невядома. Аднак разам з «комплексам для даследавання і маніторынгу інфармацыйных рэсурсаў нацыянальнага сегменту глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт» і адзінай сістэмай ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб агульны кошт распрацовак для кантролю за беларускімі грамадзянамі можа перавысіць суму ў Br8 млрд. ці амаль $1 млн.

Прыкладна столькі ж плануе выдаткаваць расейская дзяржава на распрацоўку сістэмы маніторынгу за грамадскім меркаваннем у благасферы і сацыяльных сетках, а таксама комплесу па манімуляцыі гэтым меркаваннем. Як піша выданне «Коммерсантъ», выпрабоўваць сістэмы будуць на еўрапейскіх суседзях Расіі.

Большасць праграм і прыбораў мусяць быць распрацаваныя цягам наступных месяцаў і гадоў. Верагодна, яны дадуць уладам яшчэ болей метадаў сачэння за карыстальнікамі Інтэрнэту. І дазволіць Беларусі нарэшце заняць «пачэсны пасад між народамі» на самым дне рэйтынгу свабоды Інтэрнэту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0815 seconds.