З першага дня навучання першакурснікам БДУІР патлумачылі, за каго варта галасаваць

Навучанне першакурснікаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі пачалося з сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты. На лінейку ў гонар пачатку навучальнага году завітаў дэпутат палаты прадстаўнікоў і былы прарэктар універсітэту Віталь Бусько. Першакурснікаў заклікалі падтрымаць «нашага выпускніка».


Віталь Бусько ганарыцца сваім унівэрсытэтам. Фота Юліі Сакалоўскай

31 жніўня ля пятага навучальнага корпусу БДУІР адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае пачатку навучальнага году. Акрамя кіраўніцтва ўніверсітэту перад першакурснікамі Факультэту інфармацыйных тэхналогій і кіравання выступіў былы прарэктар універсітэту і кандыдат у дэпутаты па ўсходняй выбарчай акрузе № 107 у Менску Віталь Бусько. Апошнія чатыры гады спадар Бусько кіраваў камітэтам палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах.

Кандыдат у дэпутаты нагадаў, што ён выпускнік універсітэту (па адукацыі Бусько інжынер-электрык), і заклікаў студэнтаў прыйсці на выбары ў парламент, што адбудуцца 23 верасня. Вядоўцы лінейкі ў сваю чаргу заклікалі першакурснікаў «падтрымаць нашага выпускніка на выбарах».

Акрамя Бусько па Усходняй выбарчай акрузе балатуюцца шэсць чалавек, сярод якіх ёсць прадстаўнікі партый БНФ, КПБ і ЛДП. Два месяцы таму Бусько быў абвінавачаны ў датэрміновай агітацыі пасля таго, як на Лагойскім тракце, частка якога ўваходзіць ва Усходнюю выбарчую акругу, з’явіліся плакаты з ягонымі віншаваннямі з нагоды 3 ліпеня.

Болей фота з пачатку навучальнага году ў БДУІР: 

Будучыя праграмісты пачалі навучанне ў БДУІР з афрыканскіх танцаў і гіганцкіх флэшак

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.