У VK узламалі і выдалілі папулярныя беларускія пратэстныя суполкі

Некалькі самых папулярных беларускіх палітычных суполак сёння былі ўзламаныя і выдаленыя з сацыяльнай сеткі VK пасля таго, як іх адміністратары былі затрыманыя міліцыяй і КГБ.

Былі ўзламаныя суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка», у якой налічвалася 37 тысячаў карыстальнікаў, і «Толькі ШОС», у якой было больш 15 тысячаў карыстальнікаў.

Як пазначыў у сваім профілі адзін з адміністратараў суполак Максім Чарняўскі, былі арыштаваныя Андрэй Ткачоў, Алесь Макарэвіч, Сяргей Артасоў і Раман Пратасевіч. Маладыя людзі займалі пасады мадэратараў у выдаленых суполках, а таксама ў сустрэчы «Ляпіс Трубяцкой — бясплатны канцэрт у Мінску». Паводле Чарняўскага, хлапцоў адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС пасля таго, як у хатах некаторых з іх адбыліся ператрусы з удзелам супрацоўнікаў КДБ.

Праблемы з папулярнымі пратэстнымі беларускімі суполкамі VK карыстальнікі сацыяльнай сеткі заўважылі днём, калі ўсе сталыя адміністратары разам былі пазбаўленыя правоў. Праз некалькі гадзін суполкі аказаліся недаступнымі зусім. Адна з выдаленых суполак, «Надакучыў нам гэты Лукашэнка», ужо створаная наноў.

У час масавых маўклівых вулічных пратэстаў у чэрвені 2011 году адміністрацыя Vkontakte выдаліла самую папулярную на той час беларускую палітычную суполку «Рэвалюцыя ў сацыяльных сетках». Пазней суполку аднавілі, аднак яна згубіла каля двух трацін сваіх падпісчыкаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1114 seconds.