«Гэта каб азэрбайджанцы не стралялі па машынах, — тлумачыць адзін з армянскіх спадарожнікаў пра пясчаныя насыпы. — А вунь нашы хлопцы сядзяць», — ягоны палец указвае кудысьці ў бок гор, па вяршынях якіх праходзіць мяжа паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, дзе бачныя агнявыя кропкі і некалькі салдатаў, што варушацца ў іх.
Алесь Герасіменка вярнуўся з вандроўкі ў Армэнію, дзе хаваўся ў гарах ад 40° сьпёкі і водараў гарадзкога сьмецьця, піў маладое віно з плястыкавых бутэлек і хадзіў дарогамі качэўнікаў. Як атрымалася так, што армяне засталіся армянамі нават праз два з паловай тысячагодзьдзі чалавечай гісторыі пасьля стагодзьдзяў акупацыі і шматлікіх спробаў асыміляцыі?
* * *
Ад самага пачатку нашага падарожжа па Армэніі я марыў пабачыць гару Арарат. Яна валодала нейкай неймавернай прыцягальнасьцю для кожнага армяніна. Яе выяву можна сустрэць па ўсім сьвеце ў самых інтымных прасторах армянскіх сем’яў, напрыклад, у спальнях над ложкамі армян. Імём гары названыя самыя розныя месцы і рэчы, якія тычацца армян: ад рэстаранаў па ўсім сьвеце да сокаў і сасісак на паліцах маленькіх крамаў прыгараду Ерэвану. Аднак у тую раніцу, калі мы вышлі з начнога тбіліскага цягніка на ерэванскім вакзале, летняе неба гораду было зацягнутае дымкай, і Арарату было не відаць. Я ня ведаў, у якім баку я магу пабачыць яго, таму ўсю дарогу да хостэлу праз цэнтар гораду я аглядаўся па баках у надзеі пабачыць засьнежаную вяршыню. Аднак бачыў толькі тыповыя для спадчыны савецкай імпэрыі сталінскія пяціпавярховікі сьпякотнага і шумнага гораду на мяжы Ўсходу і Захаду.
Армянскую апантанасьць старазапаветным прычалам Ноя, Араратам, можна параўнаць бадай толькі з апантанасьцю ўласнай моваю і альфабэтам, створаным яшчэ ў чацьвёртым стагодзьдзі нашай эры. Празь некалькі гадоў пасьля таго, як Армэнія стала першай дзяржавай у сьвеце, што прыняла хрысьціянства ў якасьці афіцыйнай рэлігіі. Гэтыя крокі вызначылі далейшы лёс гэтага народа, аднаго з самых старажытных у сьвеце. Галоўнае пытаньне, якое захапляла мяне ўвесь час знаходжаньня ў гэтай краіне, з кожным днём усё болей і болей, пакуль перада мной адкрываліся дзівосы антычных храмаў і сярэднявечных цьвярдынь і манастыроў, шматлікіх каменных крыжоў хачкараў і постаці людзей, якія жывуць сярод іх, палягала ў здольнасьці гэтага народу захавацца. Застацца армянамі. Пранесьці сваю армянскасьць праз стагодзьдзі акупацыі, рэпрэсій і прыродных катаклізмаў. Як атрымалася так, што армяне засталіся армянамі нават праз два з паловай тысячагодзьдзі чалавечай гісторыі?
Прывакзальная плошча галоўнага гораду краіны ператвораная ў стыхійны рынак. Тут пэрсікі прадаюцца па 100 драм ці 20 эўрацэнтаў, а кіляграм вінаграду каштуе ня болей за палову эўра. Навакольныя вуліцы поўныя машын і людзей. Машыны, праўда, тут збольшага савецкія ці расейскія, а грамадзкі транспарт складаюць выключна «Газэлі» і нешматлікія ўкраінскія жоўтыя «Багданы». Некалькі тралейбусаў марудна паўзуць па галоўных вуліцах, але яны выглядаюць хутчэй як аскепкі савецкай эпохі, чым спроба разнастаіць мэтады перавозу пасажыраў.
Тратуары ёсьць збольшага толькі ў цэнтральных раёнах гораду, гэтаксама як і сьвятлафоры зь пешаходнымі пераходамі. На ўскраінах пешаходы вырашаюць праблему перасячэньня трасаў самастойна. Аднак і на цэнтральных вуліцах, дзе рух быццам рэгулюецца, многія кіроўцы не зьвяртаюць увагі на чырвонае сьвятло. Не ратуюць нават камэры рэгістрацыі, разьвешаныя на многіх скрыжаваньнях у цэнтры.
Цэнтар Ерэвану поўны гарэзьлівых скульптураў, на якіх выяўленыя самыя нечаканыя героі: ад старажытных сьвятых мудрацоў да тлустых калюмбійскіх катоў. Хаця гэта парадная прыгажосьць галоўнай часткі гораду застаецца ў мінулым, як толькі ты трапляеш у двары, дзе адразу за цэнтральнай плошчай хаваюцца шэрыя напаўзруйнаваныя трушчобы, зь дзьвярэй якіх выглядаюць пяцігадовыя дзяўчыны зь нячэсанымі валасамі.
Паліцыі шмат, але яшчэ болей, здаецца, вайскоўцаў. Грамадзтва ўвогуле выглядае моцна мілітарызаваным. Час ад часу сустракаюцца бігборды з ваяўнічымі выявамі, падобнымі да рэклямы міліцыі ці службы ў МЧС у Беларусі.
Ерэван быў моцна перабудаваны з прыходам савецкай улады. Кажуць, што архітэктар Таманян, які ў час службы на расейскую арыстакратыю зваўся Туманавым, намаляваў плян гораду сваёй мары. Цяпер ягоная скульптура зь непрапарцыйна вялікімі рукамі стаіць у цэнтры гораду на вуліцы.
Адным з канцоў гэта вуліца ўпіраецца ў адно з буйнейшых у сьвеце сховішчаў старажытных рукапісаў матэнадаран. Будынак толькі нядаўна завершаны і ягоныя цыкляпічныя памеры нагадваюць пра армянскую жарсьць да ўласнай мовы і гісторыі.
Скульптура стваральніка гораду ў самым ягоным цэнтры
Кажуць, што на сьвітанку савецкай эпохі бальшавікі зьвярнуліся да вядомага філёляга. Яны хацелі, каб ён перапрацаваў альфабэт і такім чынам паскорыў асыміляцыю армян. Ён адмовіўся. Яны зьвязалі яго і палілі яму твар цыгарэтамі, але ён стаяў на сваім. Тады яны зьвярнуліся да іншага філёляга і сталі катаваць і яго. Апошні ўрэшце здаўся. Праз гады ён захварэў і страціў магчымасьць размаўляць. Ён напісаў першаму філёлягу з просьбай прыехаць. Зьявіўшыся, той засьпеў свайго старога калегу паміж жыцьцём і сьмерцю. Яму ўручылі запіску.
«Калі ласка, — прасіў хворы, — прабач мяне…»
«Я дарую табе, — сказаў першы філёляг. — Але гэта нічога ня значыць. Хутка ты будзеш у сьвеце іншым. Што ты скажаш, калі сустрэнесься тварам да твару са сьвятым Мэсропам?» [стваральнікам армянскага альфабэту]
Сьвяты Мэсроп сьцеражэ ўваход у наноў адбудаваную скарбніцу армянскай культуры матэнадаран
«Тбілісі добрае месца. Толькі бруднае. І азэрбайджанцаў шмат. Яны сядзяць на вуліцы і ядуць хлеб і кавуны», — кіроўца таксі на поўдні Армэніі бескампрамісны ў адносінах да галоўных апанэнтаў ягонай краіны ў Карабаскім канфлікце.
У армян асаблівае стаўленьне да суседніх народаў. Яны прэтэндуюць на пазыцыі найбольш старажытных насельнікаў Паўднёвага Каўказу, ад таго армянскія мапы ў музэях улучаюць тэрыторыю ў разоў дзесяць большую за цяперашнюю Армэнію. Найбольшай трагедыяй, вядома, пасьля страты Арарату, выглядае недаступнасьць зямель вакол возера Ван — цяпер даволі пустэльнай тэрыторыі на ўсходзе Турцыі, дзе месьцілася адна са старажытных сталіц Армэніі Ані. Пасьля таго, як у 1915 годзе дзесяткі тысячаў армян былі забітыя ці выгнаныя адсюль турэцкімі пашамі (большасьць гісторыкаў згодныя з тым, што тыя падзеі варта называць генацыдам), вакол возера Ван зьявілася нямала курдаў, якія самі ўжо прэтэндуюць на незалежнасьць ад Анкары. З туркамі армяне змагаліся стагодзьдзямі. Межы з гэтай краінай і дагэтуль зачыненая, бо Турцыя стала на баку мусульманскага Азэрбайджану ў час карабаскага канфлікту.
Блякада азэрбайджанцамі («а калісьці былі найлепшыя сябры» — кажуць армяне) армянскай мяжы пачалася ў апошнія гады савецкай імпэрыі. Тады, у год зьнішчальнага сьпітацкага землятрусу, што забіў больш за 25 тысячаў чалавек, недаступнасьць большасьці камунікацый неверагодна моцна ўдарыла па армянскай эканоміцы. Калі ж да блякады далучылася Турцыя, такія рэчы, як бэнзін ці любое іншае паліва, многія тавары сталі папросту недаступнымі для армян. Зьнікла цэнтральнае ацяпленьне, і кожны ўласнымі сіламі вырашаў, як яму і ягонай сям’і ня зьмерзнуць у даволі халодныя мясцовыя зімы. З вокнаў шматпавярховікаў пачалі зьвешвацца трубы печак, з паркаў і лясоў пачалі зьнікаць дрэвы, лаўкі, якія адпраўляліся ў гэтыя печкі.
Блякада існуе і дагэтуль, аднак пытаньне паліва вырашанае празь іранскі газ. Цяпер жоўтыя трубы, па якім ідзе ратавальная сумесь, аблытваюць амаль кожную армянскую вёску. А месца «лепшых сяброў» занялі раней ненавісныя расейцы (напрыканцы 80-х папулярнай была тэорыя змовы, паводле якой сьпітацкі землятрус загадаў арганізаваць Гарбачоў, каб дапячы армянам, што стваралі надта шмат праблем для Масквы). Аднак надалей, пакуль мусульманская Турцыя падтрымлівала братоў па веры з Азэрбайджану, праваслаўная Расея рабіла нямала для хрысьціянскай Армэніі.
У іншых суседзяў армянаў — грузінаў — свае лепшыя сябры. Армяне зь невялікім зьдзекам называюць іх «амэрыканцамі». Яны па-добраму зайздросьцяць лепшым, чым у Армэніі, грузінскім дарогам, даволі пасьпяховай барацьбе прэзыдэнта Саакашвілі з карупцыяй. І ўсім гэтым троху наіўным намаганьням краіны стаць гэткай каўказскай Эўропай з дапамогай Злучаных Штатаў.
Дворык у Тбілісі
На старым аўтобусе Львоўскага аўтазаваду, што гадоў пяць таму цалкам зьніклі зь беларускіх дарогаў, мы ўзьбіраемся ўверх па сэрпантыне ад сьпякоты Ерэвану бліжэй да сонца і самай высокай гары Армэніі — «чатырохгаловага» Арагацу. Ля мястэчка Бюракан аўтобус ужо чакаюць некалькі таксістаў. Яны прапануюць нам даехаць да возера, што знаходзіцца на 1 000 мэтраў вышэй і на 22 кілямэтры далей ад гэтага месца за 40 эўра. Мы адмаўляемся. Група францускай моладзі просіць перакласьці іх пытаньне да 10-гадовага армянскага хлопчыка, што ехаў з намі ў аўтобусе і застаўся зь цікаўнасьці да замежнікаў на прыпынку:
«Дзе знаходзіцца лыжная база?»
«Ве-е-е-ельмі далёка», — хлопец усьміхаецца. Пальцы ягонай рукі паказваюць кудысьці ў бок вяршынь зь плямамі ледніка на іх.
«А дзе горнае возера?» — задаю ўжо пытаньне ад сябе.
«Вельмі далёка».
Мы разумеем, што адказы хлопца падрыхтаваныя па навучаньню старэйшых мужчын, што зарабляюць на падвозе турыстаў. Два палякі дамаўляюцца з уладальнікам прыдарожнай крамы, які, падаецца, камандуе тут усім, што да возера іх завязуць за 14 эўра. Яны шпарка сядаюць у машыну. Французы адпраўляюцца ў бок гары самастойна. Болей мы іх не сустрэнем. Верагодна, і яны злавілі машыну на гэтых сьпякотных сэрпантынах.
Мы ж дастаем старую савецкую тапаграфічную мапу і адпраўляемся шукаць дарогі качэўнікаў, пазначаных на ёй перарывістым пункцірам. Сьцяжынка губляецца ў кустоўі, і мы некалькі гадзін блукаем па ім, пакуль не знаходзім лыжную трасу. Ніякай турбазы тут ужо даўно няма: бачна, што савецкі праект адбудовы курорту ў гэтых месцах завершыць не пасьпелі, ад лыжнай трасы засталася разьбітая каляя ды некалькі бэтонных слупоў. Адсюль мы знаходзім турыстычную сьцяжынку, што прыводзіць нас да сядзібы качэўнікаў: смуглых невысокіх людзей, што асобна ад іншых жывуць тут летам, каб пасьвіць скаціну. Яны выглядаюць даволі беднымі, аднак працы ў іх дакладна хапае. Са зробленага на хуткую руку хлява выглядаюць сотні вялікіх і маленькіх галоў скаціны: каровы, авечкі, козы. Калі праз дзьве гадзіны мы спусьцімся да горнай ракі Амбэрт, качэўнікі выганяць свае статкі на схілы гораў. Яны запоўняць іх у пошуках нешматлікай зялёнай травы. А мы будзем ляжаць, стомленыя, ля сьцен тысячагадовай цьвярдыні Амбэрт. Яе калісьці адбудавалі армянскія князі, каб мець тут лецішча. Цяпер Амбэрт стаў вельмі папулярным накірункам у шматлікіх турыстаў з усіх краін.
Да мяне падыходзіць худы армянін сярэдніх гадоў. Ён кажа, што яго клічуць Гога.
«Вы адкуль?»
«Зь Беларусі».
«Я бываў у тых месцах ня так даўно. Заблукаў, калі вёз шчэбень у Пецярбург. Вам падабаецца Армэнія?»
«Так».
«Дзе вы спыняецеся ў Ерэване?»
«У хостэле».
«Калі хочаце, можаце спыняцца ў нас. Вось нядаўна былі госьці з Узбэкістану, раней — з Масквы. У нас вялікі дом».
«Дзякуй».
Ён кажа, што яму трэба ўзяць мяса для сьвята з машыны. «Сустрэнемся наверсе», — Гога паказвае ці то ў бок крэпасьці, ці то ў бок Арагацу. Мы не разьвітваемся, але больш ня бачымся.
Да вечара мы ідзем па дарозе ў бок гары. Тут ужо няма кустоў — толькі лугі. Гэтым карыстаюцца шматлікія качэўнікі, лягеры якіх разьбітыя амаль на кожным кілямэтры дарогі. Іх статкі, троху птушак ды зьмеі складаюць адзіных насельнікаў гэтых пустэльных зямель. Час ад часу па разьбітай дарозе праносяцца чатырохпрывадныя «Нівы» і чорныя «жыгулі», што вязуць гальлё для качэўнікаў ці запозьненых турыстаў да гары. Цёмнаскурыя дзеці качэўнікаў вітаюць нас, усьміхаючыся.
Калі сонца сядае за небасхіл, мы знаходзім сярод камянёў месца для намёту. Уначы чуваць, як качэўнікі гоняць апошніх кароў дадому, а сабакі брэхам вітаюць рэдкія машыны, што езьдзяць па адзінай тутэйшай дарозе. На раніцу добры таксіст давязе нас бясплатна апошнія дзесяць кілямэтраў шляху да возера. Высьветліцца, што савецкая мапа нас падманула: мы спадзяваліся дасягнуць возера ў той жа вечар, аднак адлегласьці аказаліся ў два разы большыя за тыя, што мы ад пачатку пралічылі па мапе.
На возеры мы сустракаем групу літоўцаў, якіх ад пачатку прымаем за расейцаў. Акрамя іх і нас на горным возеры зьбіраецца вялікая група армянскіх скаўтаў-піянэраў — «сяброў». У пэўны момант яны ўздымаюць рознакаляровыя сьцягі і зь песьнямі вялікім натоўпам у чалавек 50 выпраўляюцца на скарэньне найбольш даступнай з чатырох вяршынь Арагацу — Заходняга піку. Праз чатыры гадзіны пасьля адпачынку дабіраемся да яго і мы. Дарога даволі лёгкая, пратаптаная тысячамі турыстаў, якіх спакушае найвялікшая вяршыня Армэніі. Для таго, каб залезьці на яе, не патрабуецца ніякага альпінісцкага абсталяваньня. На заўтра на Паўночнай і самай высокай з чатырох вяршынь гары мы сустрэнем маладога француза, што ў кедах і са звычайным тапкам у руцэ забярэцца за некалькі дзесяткаў хвілін на гару. Гэтаксама спрытна за некалькі дзесяткаў хвілін ён зьбяжыць з гары, каб растварыцца ў вялізным кратэры Арагацу.
За дзень да гэтага прабіраемся ў кратэр і мы. Там мы спадзяемся стаць лягерам на ноч. Аднак нашым плянам перашкаджае вялізная хмара, што літаральна за некалькі сэкундаў ахутвае вяршыні кратэру. Бязхмарнае надвор’е зьмяняецца навальніцай. Маланкі зусім побач б’юць па абвугленых камянях даліны. Грукат ад іх шматкроць адгукаецца рэхам ад гор, пакрытых леднікамі. Пачынаецца град. Мы, ахутаныя смугой, караскаемся ўніз у даліну. Праз паўгадзіны дождж сканчаецца, зьяўляецца вясёлка і хутка мы засынаем у намёце на вышыні трох з паловаю кілямэтраў.
На другі дзень, забраўшыся на Паўночную вяршыню, мы выходзім у бок бліжэйшай вёскі. Ад яе, кажуць, можна лёгка даехаць да Ерэвану. Па дарозе мы сустракаем армяніна ў шыракаполым капялюшы. Такія носяць амаль усе мужчыны ў гэтай мясцовасьці, а таксама многія будаўнікі ў Ерэване. З мужчынам чатыры падлеткі. Мы бачылі іх раней на вяршыні — дзядзька вадзіў хлопцаў і дзяўчыну на экскурсію ў горы.
«Унізе ў нас ёсьць машына. Мы можам завезьці вас у Арагац», — прапануе дзядзька.
Мы адмаўляемся. Тады ён прапануе завезьці нас кароткім шляхам бліжэй да вёскі:
«Там ёсьць шлях. Будзе цяжка, але мы пройдзем».
Аднак праз паўгадзіны мы пачынаем шкадаваць, што пайшлі з гэтым дзядзькам. Ягоны шлях прыводзіць нас да вялізнага ледніка, што амаль стромка падае ўніз у даліну. Мужык спрытна скоча па ледніку, чаго не атрымліваецца ў падлеткаў — яны сасьлізгваюць уніз. Адзін няправільны крок, і ты можаш апынуцца на 200 мэтраў ніжэй у даліне ракі. Урэшце мы адмаўляемся ісьці зь ім і разварочваемся да вядомай нам сьцяжынкі.
На раніцу ў 10 кілямэтрах ад вёскі ля невялікай гідраэлектрастанцыі да нас падбягае малады армянін:
«Пайшлі, будзем адпачываць і сьвяткаваць», — армянін паказвае ў бок свайго месца працы, дзе ён, верагодна, самотна бавіць дні і ночы.
«Прабач, але мы сьпяшаемся».
На самым пачатку вёскі нас даганяе сівавалосы мужчына зь імём Сурэн. Ён прапануе давезьці нас да шашы на сваёй белай «Ніве». Ад шашы ходзіць шмат маршрутак да Ерэвану. Мы пагаджаемся, ня ведаючы, ці папросіць ён грошы.
«Адкуль вы?»
«Зь Беларусі».
«О, шмат гадоў таму я вазіў і прадаваў капусту ў Менску. Дзе вы жывеце ў Ерэване?»
«У хостэле».
Калі пад’язджаем да прыпынку маршрутак, ён паварочваецца да нас і кажа:
«Я жыву ў гэтай вёсцы. Будзьце маімі гасьцямі. Спыняйцеся ў мяне».
Мы зноўку адмаўляемся, бо спадзяемся на заўтра выправіцца з Ерэвану далей, у Сэван.
→ Пра таннае мясцовае віно, ноч у гарах, затоплены возерам гатэль, дзённае прывітанне з 90-х і начное эўрапейскае жыцьцё, пра вайну і легенды — чакайце ў другой, заключнай, частцы вандроўкі ў Армэнію.