Наста Палажанка. Ёсьць рэчы, якія мне даражэйшыя за дабрабыт, а яны знаходзяцца ў Беларусі

Наста Палажанка

Наста Палажанка ў 21 год ужо двойчы была асуджаная па палітычных крымінальных справах. Адзіная беларуская ляўрэатка міжнароднай жаночай прэміі за мужнасьць распавядае ў сэрыі інтэрвію Generation.by «Кім я стану, калі вырасту» пра шлях ад сьпявачкі да палітычнай актывісткі, пра супергерояў беларускай палітыкі і рынгтоны КДБ, пра людзей мінімумамаў і эўрапейскую спакусу, пра беларускамоўных выпендрёжнікаў і пра тое, ці турма лепей за эміграцыю.

Творчая дзяўчынка

У школе я была творчай дзяўчынкай. Памятаю, у 2004-м годзе, калі быў чарговы рэфэрэндум, у нас у актавай залі быў тыповы канцэрт. А мы зь дзяўчатамі сьпявалі B:N-аўскія сьпевы, яшчэ нешта перапявалі. Нас насьцярожана часам слухалі. Чаму сьпяваем па-беларуску? Але праблемаў не было з-за гэтага тады.

Пазьней мяне вымусілі сысьці з гэтай школы ў палове 11-й клясы і шукаць іншую.

Толькі беларускамоўная музыка

Беларускамоўная музыка пачала нешта ўнутры мяне зьмяняць. Я была шчыра зьдзіўленай, чаму мы не размаўляем па-беларуску, чаму наагул беларускую мову не чуваць нідзе. І я стала слухаць толькі беларускамоўную музыку вельмі доўгі пэрыяд - можа гадоў да 18-ці.

А пасьля, вядома, калі ты хочаш шукаць беларушчыну, ты знойдзеш у маладым ўзросьце Малады Фронт - людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Займаюцца нечым такім, што табе пакуль не зразумела, але, прынамсі, ты бачыш, што тут ёсьць пачуцьцё справядлівасьці, людзі нечага дамагаюцца, не жывуць у мітычным сьвеце. Самі ствараюць сабе жыцьцё, будуюць гісторыю.

Павінна даведацца ўсё

Мне было 14 год, я прыйшла 8 верасьня ў дзень сьвяткаваньня перамогі ў бітве пад Воршай у Купалаўскі сквэр. Там БПС сьвяткаваў, па-свойму :) Яны кідалі дроцікі ў галаву курыцы. Я падумала, гм, што гэта такое... Там раздавалі ўлёткі КХП-БНФ. Я пачытала, падумала: так, што-та ня тое :)

Першае маё знаёмства з гэтым усім сьветам не склала аніводнага пазытыўнага ўражаньня :) Усё было створана, каб я адышла і больш ніколі... Але я бачыла, што людзі размаўляюць, прынамсі, па-беларуску і яны ня могуць быць кепскімі, могуць быць трошку іншымі. І я павінна даведацца ўсё. Трошку далей стаялі пахіхіквалі маладафронтаўцы.

На мяне казалі, што я маленькая дзяўчынка занадта, але я засталася.

Выпендрёжнікі

Людзі, якія размаўляюць па-беларуску, пераадолелі нешта вельмі вялікае. Проста жыць у такім утульным для сябе сьвеце, складана зрабіць такі контр-крок, які прымушае ўсіх на цябе глядзець і не пакідае ў такім утульным куточку, дзе ніхто не чапае. Людзі, якія перайшлі на беларускую, перайшлі да штодзённага змаганьня ў сваім жыцьці. Таму я зь вялікай павагай стаўлюся да ўсіх беларускамоўных людзей.

Але я стараюся не рабіць гэта канфліктным момантам. Ёсьць у мяне сябры, якія, едучы ў тралейбусе, калі іх не зразумелі, будуць гэтыя 15 хвілін даказваць нешта. Я так не магу, я перажартую, перакладу нешта, усьміхнуся і паеду далей. Я стараюся не ствараць канфліктныя сытуацыі на пустой глебе, тым болей хочацца, каб людзі паважалі і любілі беларускамоўных людзей, але не лічылі іх нейкімі выпедрёжнікамі ці людзьмі, якія лічаць сябе вышэй над усім сьветам. А я сустракала такіх людзей. Гэта глупства. Беларуская мова ня робіць твае чалавечыя якасьці лепш, яна робіць цябе адметным, ты сапраўды зрабіў крок наперад. Аднак трэба глядзець не па словах, а па ўчынках, і ня важна, на якой мове ты прамаўляеш.

Мама учительница русского языка, папа политрук ...и такая дочь

У мяне чамусьці не было ніякіх герояў, не было ніякіх куміраў у дзяцінстве. Калі ўсе зьбіралі нейкія плякаты, фотаздымкі музыкаў, групаў, якімі яны захапляюцца і абвешвалі свае пакоі, я глядзела на гэта: як гэта так, усе фанацеюць ад кагосьці, а ў мяне няма нейкага свайго куміра. Трэба відаць штучна яго стварыць, каб не адрозьнівацца ад усіх :) Але насамрэч праблемы такой не было. Я адкрыты чалавек і заўсёды знаходзіла нешта добрае ў людзях побач, сябрах, мне іх хапала.

Я ў дзяцінстве хацела быць настаўнікам, таму што ў мяне маці была настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Яшчэ кіраўнік СІЗА хапаўся за галаву і казаў: «Мама учительница русского языка, папа политрук ...и такая дочь». На што я адказвала, што мама правільныя кніжкі прывучвала чытаць, ня важна, на якой яны былі мове.

Санаторый «Іншыя»

Хацела быць настаўніцай, чаго менавіта - ня важна, хацела вучыць. Пасьля я хацела сьпяваць прафэсійна. І, дарэчы, бацька ў мяне адбіў усё жаданьне сьпяваць. У нас быў гурт, нават мы прайшлі першы адбор на «Басовішча» ў 2005 годзе, мусілі ехаць. Гурт называўся «Іншыя». Трэба было сьпяваць у клюбе «Акварыюм», і бацька вырашыў, што ягоная дачка ня будзе сьпяваць, і запёр мяне ў нейкі санаторый на Нёмане. Зараз я думаю, што бацька вельмі шкадуе і думае, лепш бы я сьпявала, таму што ў прынцыпе для мяне было важна проста нешта рабіць на гэтай глебе беларушчыны. Для мяне важна было дэманстраваць, што беларусам быць проста, лёгка, актуальна і што ёсьць такія тэмы, пра якія нельга маўчаць. Тады мы абіралі такі шлях сьпеваў, каб казаць пра тое, што адбываецца ў краіне. Калі сьпяваць перасталі, то сталі больш актыўнымі ў Маладым Фронце.

Увайшла ў камэру і падумала, што я тут ужо была

Рэакцыя бацькі на мяне ў Маладым Фронце была жахлівай. Дома была вайна. Усё выносілася з дому: усе значакі, сьцягі... Я памятаю, што ў парыве злосьці крычала, што «вось гэтага я табе не дарую». Ён выкінуў усе лісты ад Дашкевіча, ён яго ненавідзеў. Дашкевіч пасьля вельмі так асьцярожна заходзіў да нас у кватэру :) Бацька - вайсковы палітрук, і яму было ўсё зразумела, што адбываецца ў нашай краіне і ён не хацеў, каб я стала ахвярай гэтага, а іншага шляху ён ня бачыў. Ён разумеў, што ў любога чалавека, які будзе высока падымаць галаву, галава будзе адсечаная, неаднойчы мне пра гэта казаў.

Памятаю пераломны момант, калі бацька мяне падтрымаў, калі на мяне завялі першую крымінальную справу. Гэта была настолькі вялікая шызафрэнія: мне 16 год, а на мяне ўзбудзілі крымінальную справу, нібыта я ўяўляю небясьпеку для рэжыму. Калі ў мяне быў вобшук, бацька вельмі моцна злаваўся, ня мог знайсьці сабе месца. А мяне гэта ўсё трошку весяліла, бо не хацелася прадэманстраваць, што мне ад нечага страшна. Па-другое, наагул хацелася прадэманстраваць свае грэбаваньне усёй гэтай абсурднай сытуацыяй. І па-трэцяе, я была непаўнагадовай і разумела, што нічога страшнага са мной не адбудзецца. Хаця Дашкевіч ужо сядзеў на той момант.

Для мяне было важна быць часьцінкай усяго таго, што яму прыйшлося перажыць, іншым палітвязьням. Паказаць, што ёсьць людзі, якія не баяцца гэтай сытуацыі і лічаць яе абсурднай. І ў першай крымінальнай справе, і ў другой я не баялася самога факту крымінальнай справы. Я баялася, што зьнішчаць грамадзянскую супольнасьць, што людзі будуць маўчаць, звыкнуцца да ўсяго гэтага. Я не баялася свайго зьняволеньня асабістага. Я разумела, што любы чалавек, які актыўна займаецца палітыкай, у Беларусі рана ці позна можа з гэтым сустрэцца. Нават калі мяне першы раз пасадзілі на трое сутак на Акрэсьціна, я увайшла ў камэру і падумала, што я тут ужо была, бо з 14-ці гадоў насіла туды перадачы маладафронтаўцам.

Не-не-не, я ў гэта не ўляпаюся

Тое, што я займаюся палітыкай, зразумела не адразу. Увогуле прыходзіла ў Малады Фронт з такімі моцнымі анархічнымі перакананьнямі. Дашкевіч зь мяне рагатаў і казаў «паразмаўляю-ка я з табой на гэту тэму праз гады два». Што такое рэлігія, што такое хрысьціянства, што такое палітыка і дэпутаты? Я казала, што ўсё гэта лухта, займацца справай беларушчыны гэта важна, а гэта... МФ тады зьбіраў подпісы на парлямэнцкія выбары за сябе і іншым дапамагалі. Я казала, што не, я ня буду з вамі хадзіць, усе дэпутаты аднолькавыя. Не-не-не, я ў гэта не ўляпаюся.

І ў царкву мяне запрашалі, я казала, што не-не-не, я туды не нагой. Дашкевіч глядзеў на мяне і прыгаворваў «Насьця-Насьця, ты губляеш час». Памятаю добра гэтую фразу, бо ён мяне ні ў чым не пераконваў, нікуды не цягнуў, а проста казаў, што губляю час. І сапраўды я згубіла вельмі шмат часу. Мне здаецца, што людзі, якія асэнсоўваюць і трымаюцца тых каштоўнасьцяў, якія зьяўляюцца законамі жыцьця, будуць жыць значна прасьцей. Таму што прымаеш ты гэтыя законы ці не прымаеш, іх дзеяньне ніхто не адмяняў. Усё роўна сьвет будзе жыць паводле гэтых законаў. Лепш гэта зразумець рана, чым позна.

Надзежкіна і Міласердава

Я бачыла людзей, якія вельмі моцна зьмяняюцца. Для мяне, напэўна, першы крок да Бога такі моцны быў празь людзей. Я бачыла людзей, якія кідалі самыя шкодныя свае захапленьні. Тых жа наркаманаў, якія ў выніку прыходзілі нават у Малады Фронт. І Дашкевіч вельмі шмат часу ім надзяляў, нават болей, чым любой палітычнай абстаноўцы. Ён удзяляў увагу людзям. Сам Дзіма, я бачыла, як ён зьмяняецца. Як ён сталее. Як ягоны характар стаў гартавацца. Я бачыла, што гэта проста так не бывае, што людзі самі па сабе ня могуць быць такімі моцнымі. Людзі самі па сабе ня могуць ахвяроўваць усім, што яны маюць дзеля чагосьці, што яны ня бачаць.

Я такіх людзей шмат у чым не разумела, бо вера - гэта тое, чаго насамрэч ня бачна часта. Я проста не разумела, нашто ісьці на гэтыя бясконцыя затрыманьні, турмы-арышты, ахвяроўваць сабой да апошняга часам. Я іх падтрымлівала, але ўнутры не разумела, мне было шкада іх, бо бачыла, што яны нішчаць сябе. Але я не разумела, што гэтыя людзі робяць гэта зь вялікай упэўненасьцю ўнутры, бо ня маюць адчуваньня, што робяць шкоду сабе, не, яны ідуць наперад. Я бачыла шмат людзей вакол сябе, якія кідалі паліць, кідалі піць і не станавіліся менш цікавымі ад гэтага. Шмат розных цікавых рэчаў было вакол. Калі я трапіла ў Амэрыканку, у мяне ў камэры сядзелі побач дзьве жанчыны з прозьвішчамі Надзежкіна і Міласердава :) Было вельмі шмат такіх сапраўды цудаў у маім жыцьці, якія паказвалі, што ўсё ў парадку.

Больш сумнага за рэлігію нічога не існуе

Гэта не інтымнае жыцьцё. Для мяне наадварот было заўсёды зьдзіўленьнем, чаму людзі лічаць веру ў Бога інтымным жыцьцём. Ты ж не хаваеш тое, што ў цябе ёсьць дзеці ці ты жанаты, гэта частка твайго жыцьця. Вера - гэта лекі для многіх, якія і табе дапамагаюць. Прамаўчаўшы, ты нашкодзіш чалавеку, якому гэта трэба, які побач з табой. Я не хаваю веру.

Але я не рэлігійны чалавек, таму што вера ў Бога - гэта не рэлігія. Больш сумнага за рэлігію нічога не існуе. Я вельмі не люблю слова «рэлігія». Усё значна прасьцей: ёсьць Бог і ты, ёсьць тваё жыцьцё, ёсьць тваё сэрца, ёсьць тваё сумленьне, як ты паступаеш штодня ў сваім жыцьці - вось твая вера, нічога болей.

Я ня буду нікога пераконваць у нечым. Жыцьцё пераканае.

Рэлігійнасьць Маладога Фронту мяне адштурхоўвала, але не адштурхнула, што таксама вельмі дзіўна. Бо, калі мне было 12 год, мая маці памерла ад хваробы. Для мяне пытаньне Бога было вельмі балючым. Я старалася, каб да мяне ніхто не падыходзіў на гарматны стрэл з гэтымі пытаньнямі. Можна сказаць, я была вельмі моцна пакрыўджаная.

Мінуў час, мяне гэта адштурхоўвала, раздражняла, але я не адыходзіла. Таму што я бачыла, што гэта той стрыжань, у якім я магла сумнявацца, раздражняцца, але не магла аспрэчыць, што гэта было тым, за што трымаліся людзі. Што гэта дапамагала многім. Хоць сапраўды многія адыходзілі праз гэта. Але я прыйшла ў 2004-м, калі гэтая частка людзей ужо адышла. Я прыйшла ў такі Малады Фронт, які ўжо сфармаваўся з гэтым. Як паказала практыка, вера - гэта адзінае, што дапамагло выжыць.

Мяне дастала чытаць пра сэктанцтва Маладога Фронту, заўжды хочацца параіць людзям пазнаёміцца з жывымі людзьмі. Паразмаўляйце, схадзіце зь імі куды-небудзь і пабачыце, што гэта звычайныя людзі, яны нічым не адрозьніваюцца. Так, яны на пытаньне пра веру ў Бога, адкажуць цьвёрдае «так». Хаця ў МФ ёсьць і іншыя людзі, якія пра гэта ня хочуць чуць, але таксама дзейнічаюць для пераменаў у Беларусі.

Людзі павінны адчуваць нешта такое, за што баліць у іх сэрца

Калі людзі лічаць, што яны мусяць абараняць сабачак - няхай абараняюць сабачак. Гэта лепш, чым яны будуць ляжаць на канапе з паднятымі нагамі. Чым больш будзе людзей, якія займаюцца абаронай сабачак ці вырашэньнем іншых сацыяльных праблемаў, чым актыўней яны будуць прымаць нешта да свайго сэрца, тым лепш. Таму што грамадзянская супольнасьць - гэта рэч, без якой перамены ў Беларусі не адбудуцца. Людзі павінны адчуваць нешта такое, за што баліць у іх сэрца. Чым шырэйшае сэрца будзе ў беларусаў, тым болей шанцаў, што тут нешта будзе адбывацца.

Хоць часам так здаецца, што гэтае пытаньне ня самае важнае, што лепш бы яны нам дапамаглі. Навошта яны займаюцца лухтой? Але шмат хто зь іх глядзіць і на нашу дзейнасьць ды думае, што вось яны змагаюцца з паветранымі млынамі. Лепш бы яны змагаліся з гэтым ды мелі б хоць нейкі мінімальны посьпех. І гэта, магчыма, праўда. Але кожны павінен займацца сваёй справай. Я з павагай стаўлюся да ўсіх неабыякавых людзей, якія вялікую частку сваёй справы ахвяруюць на нешта агульнае. Я перакананая, што сваё асабістае я пачынаецца з агульнага.

Турма рана ці позна скончыцца, а эміграцыя можа зацягнуцца надоўга

Я ведаю, што я адсюль нікуды ня зьеду, у мяне было вельмі шмат такіх магчымасьцяў. Думаю, што і з амэрыканкі мяне вызвалілі з надзеяй, што я адсюль зьеду.

Я не хачу зьяжджаць. Я была неяк перад выбарам, ці буду я абіраць турму, калі тут усё будзе кепска, ці эміграцыю. Я вырашыла, што я абяру турму, бо турма рана ці позна скончыцца, а эміграцыя можа зацягнуцца надоўга. А мяне тут сям'я, сябры, у мяне тут будучая сям'я, якую я бачу толькі ў Беларусі. Таму зьяжджаць я ня буду ў любым выпадку. Ці буду я займацца грамадзкай дзейнасьцю, палітычнай? Мне здаецца, хутчэй за ўсё, так. Але на першым месцы я пастаўлю сям'ю.

Пакуль пра гэта складана размаўляць, таму што хацелася б мець нейкую пэўнасьць у канкрэтных рэчах: цяпер Зьміцер у турме, хочацца нарэшце расьпісацца, хочацца мець дзяцей і г.д., хочацца мець заробак спакойны. Але пры гэтым мне здаецца, што калі чалавек аднойчы ўжо стаў займацца грамадзкай дзейнасьцю ў Беларусі, пабачыў шэраг праблемаў, ён сапраўды перажывае за ўсё, што робіцца. Ён ніколі не адмовіцца ад свайго. Прынамсі, будзе выхоўваць сваіх дзетак па-беларуску.

Людзі-мінімумы

Я бачу розных людзей, каторыя згаджаюцца з тым, што маюць тут нейкі мінімум. Як правіла, гэтыя людзі - мінімумы па жыцьці. Іх задавальняе мінімальны заробак, іх задавальняе сытуацыя, абы іх не чапалі. А ёсьць людзі прарыву, якія імкнуцца жыць па максымуме. Яны зьяжджаюць, атрымліваць адукацыю, вяртаюцца, адчыняюць свой бізнэс тут, а то і некалькі.

Эўрапейская спакуса

Ёсьць розныя людзі: нехта вяртаецца, а нехта - не. Насамрэч, рэальна зьехаць па праграме імя Каліноўскага і дапамагаць людзям, якія засталіся тут. Рэальна прыяжджаць на вакацыі і нешта рабіць. Рэальна працягваць займацца беларускай справай зь іншай краіны. Аднак ёсьць вельмі шмат людзей, у каторых зьнікае гэтае жаданьне, зьяўляецца нейкая эўрапейская спакуса спакойнага жыцьця, дабрабыту. Ёсьць рэчы, якія мне даражэйшыя за дабрабыт, а яны знаходзяцца тут, таму я спакойна да гэтага стаўлюся.

Частка рэальнасьці ў тым, што пасьля пераменаў кіруючыя пасады будуць займаць людзі, якія цяпер спакойна вучацца за мяжой, а не змагаюцца за Беларусь тут. І маладафронтаўцы гэта разумеюць.

Тыя, хто сядзіць зараз па турмах, замест таго, каб атрымліваць магістэрскую адукацыю за мяжой, пасьля пераменаў яны самі сябе праявяць. Яны ня проста добрыя сумленныя людзі, яны прафэсіяналы ў сваёй справе. Іх досьвед жыцьцёвы, іх патэнцыял ня менш важны за іх магчымыя эўрапейскія дыплёмы. Калі яны вытрымліваюць такія выпрабаваньні, хіба яны не вытрымаюць выпрабаваньні ўладай? Я, канешне, разумею, што шмат людзей, атрымаўшы эўрапейскую адукацыю, вярнуўшыся ў Беларусь, будуць на многае прэтэндаваць, але яны будуць карыснымі краіне.

Бац! І няма ніякай пэўнасьці

Не магу адказаць, кім бы я хацела стаць у пэрспэктыве, бо перакананая, што такія складаныя пытаньні трэба вырашаць на сямейных саветах, а я яго не магу цяпер зрабіць. Я буду займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, але перш за ўсё хачу быць жонкай і мамай. Беларусь сёньня такая краіна, калі ня хочацца загадваць надоўга. Я была перакананая, што Дашкевіч выйдзе празь пяць месяцаў, і ў мяне таксама былі свае пляны па ўладкаваньні жыльля, шмат было плянаў. Але момант... бац! і няма ніякай пэўнасьці. Не разумею лёгікі ўладаў, з пункту гледжаньня чэкістаў было б прасьцей аддаць Дашкевіча на свабоду і даць нам магчымасьць пабудаваць сям'ю, разумеючы, што пэўны пэрыяд яны будуць будаваць сям'ю і ім не патрэбен будзе аніякі навакольны сьвет.

Рынгтоны КДБ

Да адчуваньня пастаяннай «сьлежкі» за сабой не магчыма прызвычаіцца, але мяне гэта не падкошвае, бо я ведаю, што не раблю нічога кепскага, не раблю ніякага крымінальнага злачынства паводле свайго сумленьня, ды і паводле беларускіх законаў таксама. Тут пакуль нічога ня зробіш. Беларусь - не дэмакратычная краіна, у якой можна было б спакойна жыць і будаваць пляны на будучыню, таму не скажу, што я звыклася. Але пры гэтым самым жыву спакойна.

Я са сьмехам слухала ў сьледчым камітэце свае размовы, якія мне давалі пераслухаць, якія ішлі пад запіс. Я жывы чалавек, звычайная дзяўчына, і шматлікія размовы, якія, аказваецца, уяўлялі цікавостку для КДБ, яны былі мякка кажучы пацешнымі. І сьледчы сьмяяўся, я сьмяялася, усе разумелі маразм сытуацыі: трэба слухаць, даваць камэнтары. Пагаворвалі, што некаторыя падслуханыя размовы цяпер на рынгтонах у супрацоўнікаў дзяржбясьпекі. Мне званілі людзі і казалі «Наста, мы едзем на плошчу, нас 15-20 чалавек. Я казала «ок», там пабачымся. А скажыце, а, квіткі будуць праплочваць? Я кажу: што ты, якія квіткі? ты на рэвалюцыю едзеш. Якая рэвалюцыя? Ды народная. Ідзі да сваіх прэзыдэнтаў, для якіх ты подпісы зьбіраў, можа яны табе квіткі праплоцяць. Чэкісты ад гэтай фразы проста клаліся. Размова была сьмешнай, але на выраз «ты едзеш на рэвалюцыю» яны рэагавалі сур'ёзна, у іх ажно рукі трэсьліся.

Здадуць усіх і ўсё забудуць

Зьнешне цынікі падаюцца такімі ўпэўненымі ў сабе, бо каб з усяго кпіць, трэба мець сілы, каб пераўтварыць кранальную рэч у нейкі жарт. Часам гэта карысна, добра сьмяяцца з розных рэчаў. Але калі гэта пераходзіць нейкую мяжу... Я пабачыла, што гэтыя людзі не вытрымліваюць ніякіх мінімальных выпрабаваньняў.

Такіх цынікаў шмат працуе і ў КДБ. Дарэчы, разумных людзей там мала, цынікаў шмат, а разумных вельмі мала. Хаця, здавалася, б такая структура. Прынамсі з тых, каго я бачыла, разумных адзінкі, але яны ёсьць. Назірала за такімі і думала: ты малады пэрспэктыўны чалавек, працуеш у такой сыстэме і разумееш, што ў прынцыпе, як толькі тут нешта адбудзецца, у цябе няма будучыні, будзеш бегчы адсюль, ці адстойваць гэты рэжым. Ці што ты будзеш рабіць?

І я пабачыла, што гэтыя людзі ня будуць адстойваць рэжым. Як і цынікі зь беларускай тусоўкі. Яны пры любым выпрабаваньні, там дула да віска, здадуць усіх і ўсё забудуць. І нават хвалявацца ня будуць, таму што ўнутры няма нечага. Усё вельмі павярхоўна, усё вельмі іранічна. Але пры выпрабаваньнях гэтыя людзі робяць крок назад. Так і гэтыя людзі ў камітэце, пры першых сур'ёзных хваляваньнях купяць квіток на Маскву і зьбяруць чамаданы. Яны ня будуць адстойваць гэты рэжым.

Я вельмі не люблю крывадушнікаў, але стараюся не судзіць людзей. Калі выйшла з «амэрыканкі», мне спрабавалі казаць: тыя там здаліся, тыя напісалі ліст, тыя далі паказаньні... Я ўсіх гэтых людзей затыкала, хаця мела маральнае права сказаць, што: так, той там, да прыкладу, кепскі чалавек. Я затыкала ўсіх абвінавачвальнікаў, бо яны не былі Там. Час расстаўляе ўсё на свае месцы. Сам чалавек па сабе слабы, і зламаць яго дастаткова проста. Людзі ў беларускай палітыцы - не супэрмэны і не супэргероі.

Дапамагчы замест таго, каб сядзець і ныць

Ёсьць рэчы, якія мяне трымалі і я буду вельмі радая, калі такія рэчы ёсьць у іншых людзей. І ёсьць такія, кім я захапляюся бясконца. Напрыклад, Андрэй Пачобут, якога ламаюць, ламаюць. У гэтай сытуацыі мужны ня толькі Пачобут, але і ягоная жонка, каторая трымае гэта ўсё. Зьміцер такі самы. Для яго ўнутраная годнасьць, унутраны супакой, унутраная пэўнасьць і змаганьне з сыстэмай, якое ідзе ўнутры яго, важней за ўвесь навакольны сусьвет, за фізычныя перашкоды. Я ведаю, што Зьміцер, калі яго паставіць у нейкую такую сытуацыю, калі яму трэба будзе зрабіць крок, за які яму будзе спакойна ўнутры, але ён трапіць пад неверагодныя фізычныя катаваньні, ён яго зробіць. Вось чым адрозьніваюцца тыя людзі, якія да ўсяго павярхоўна ставяцца, іранізуюць і лічаць сябе такімі супэрмэнамі. Яны скажуць: не-не-не, навошта мне так рабіць, калі мне будзе горш.

Адчуваю адказнасьць і хочацца людзей натхняць. Не люблю казаць, што ўсё кепска, усё складана, рэпрэсіі, што мне цяжка, але я такая крутая, я з усім спраўляюся. Ведаюць толькі блізкія сябры, калі я часам вырубаю тэлефон - усё, не чапайце мяне. Самае страшнае - расчараваць людзей зусім. Калі і я скажу, што ўсё, гамон, то, падумаюць людзі, што ж пра нас думаць. Я чалавек аптымістычны, таму што веру і ведаю, што ня ўсё залежыць ад чалавека.

Мяне прымушае мабілізавацца сытуацыя, што ёсьць людзі, каторым горш. І я ім магу дапамагчы замест таго, каб сядзець і ныць.

Натхняюць людзі. Вандроўкі? Я больш за ўсё хацела б паехаць у ПК-13 у калёнію ў Глыбокім, каб мяне запусьцілі ў камэру :) Хацела б наведаць Іерусалім, але абяцала Зьмітру, што паедзем туды разам.

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0668 seconds.