Адбылася вечарына гурта RAHIS
Учора, 25 красавіка, ужо стаўшы легендарным гурт RAHIS вячэраў са сваімі прыхільнікамі у піцэрыі “Казачны замак”, што на Варвашэні. Сказаць, што вечарына ўдалася – не сказаць нічога. Але ўсё па парадку. Для тых, хто ня здоліў прыйсьці:)
Канцэрт мусіў распачацца а 18.00, але крыху затрымаўся, бо слухачам трэба было разьмясьціцца. А гэта аказалася няпроста. Па-першае, заля невялікая, а па-другое, прыхільнікаў гурта прыйшло шмат.
Першай, пакуль RAHIS’ы рыхтаваліся і стрымлівалі апошнія хваляванні, выступіла Таццяна Беланогая. Як заўжды на самым высокім узроўні. Ды і што было яшчэ чакаць? Таню і яе спевы любяць усе! Ды і як можна не любіць такую дзяўчыну, што спявае пра самае каштоўнае для кожнага сапраўднага беларуса?.. Дзякуй табе, Таццянка!
Ну, а пасля выйшлі рахісаўцы… І хуценька разагналі лірычны настрой слухачоў сваім “Горадам N”. Усё як заўсёды: хлопцы крычалі, дзяўчыны пішчалі. Па дэнсах:) Дарэчы, склад гурта парадаваў бас-гітарыстам Яўгенам.
RAHIS’ы выглядалі рамантычна і натхнённа, як і належыць сапраўдным музыкам. Гралі самааддана, сьпявалі шчыра. І як у сапраўдных музыкаў, ладзіўся аукцыён. Лоты – іх уласныя рэчы: раздрукоўкі з тэкстамі і акордамі, унікальныя (у адным экземпляры!) фотаздымкі выступаў і нават знакаміты рахісаўскі медыятар. Дарэчы, за гэты маленечкі беленькі фэндэр прапанавалі аж дзве піцы! Астатнія лоты разышліся па прыхільніках, папоўніўшы грашыма аранжавую скрыню з надпісам “Ахвяраванні музыкам – на піва – на піцу”.
Паміж сьпевамі, каб рахісаўцы крыху адпачылі, праводзілася віктарына, прысвечаная іх творчасці. Усе прыхільнікі гурта мелі магчымасць за правільны адказ атрымаць падстаўку пад піва (вельмі дарэчы!). Пытанні былі кшталту: “Які сумарны памер абутку ўсіх удзельнікаў гурта?” (пр. адказ – 171), “Якога колеру вочы ў Зьмітра?” (той заплюшчыў вочы) альбо “Як называецца першая напісаная песня” (“Стронцый”). Ну, а дзяўчына, адказаўшая на большую колькасць пытанняў, атрымала тую самую знакамітую струну, якую рахісаўцы парвалі, выступаючы ў Польшчы.
Уразілі сваім выступам хлопцы з гурта "Велярыб" - выдатнейшыя музыкі, што граюць фольк. Незвычайны па прыгажосці і шчырасці свайго гучання. Раман, Уладзімір, вы малайцы! Вялікі вам дзякуй! Спадзяваюся, вы не адмовіцеся граць нам яшчэ.
І зноў граў RAHIS. Ізноў сьпявала ўся заля. На развітаньне музыкі прасьпявалі песню пра город, а ўдзячныя слухачы на тры-чатыры пракрычалі “Вялікі дзякуй!”
Усё. Скончыўся яшчэ адзін канцэрт гурта. Але ж ён не апошні!
Спадарства, чакайце, абяцаем наладзіць яшчэ не адзін! RAHIS! Выдатных вам поспехаў у вашай плённай працы! І рашучасці бачыць толькі добрае. Шчыры дзякуй за ўсё!