«Прыдумай сабе свой сьвет» на Басовішчы

Гэта былі мае другія БАСы. І я абсалютна ня ведала, чаго ад іх чакаць. Маім галоўным спадарожнікам, як заўжды, быў здымач – зь ім разам мы і рушылі ў дарогу да суседняй Польшы на фэстываль бліз Беластоку.

Шмат ад каго чула, што БАСы сталі ня столькі музычным фэстывалем, колькі нязьменным мейсцам і нагодай для сустрэчы з добрымі сябрамі ды знаёмымі за шкляначкай пеннага Жубра.

Некаторыя толькі на Басовішчы і бачацца — адзін раз на год. Таму паляна сярод лесу для шматлікіх набыла статус «мейсца сустрэчаў». А што да музычнага складніку фэсту, то гэтым годам праграма была ня дужа багатай. Нават адсутнічала традыцыйная конкурсная частка фэстывалю, дзе зь нейкай інтрыгай сябры журы пад гэтымі самымі магутнымі дрэвамі раней дыскутавалі і абіралі лепшы малады гурт. Але гэтая адсутнасьць сёлета, падавалася, ні кроплі не засмуціла слухачоў. Яны з бывалай прагай атакавалі шапікі зь любімым напоем і вясёлыя ляцелі да сцэны, каб патрэсьці патламі пад цяжкія хвалі музыкі. Праўда, калі параўноваць зь мінулым годам, то фанатаў і слухачоў тым годам было больш.

Аднак недахоп людзей не зьмяніў традыцыяў мясцовай запраўкі, што ўжо таксама стала культавым месцам як мімімум басовішчных начэй і раніцаў. З прыбыцьцём у мястэчка наведнікаў фэсту прыбіральня і душ зноўку сталі платнымі. Ну і калі пайшла гаворка, дык насамрэч вельмі парадавалі прыбіральні непасрэдна на паляне — кожны дзень яны былі прыбраныя, чыстыя, з належнай паперай. Побач месьціліся боксы з вадой і сурвэткамі, што давала паўнавартасную магчымасьць умыцца ды прывесьці сябе ў прэзэнтабельны выгляд перад новым фэстывальным днём.

Вяртаючыся да фэстывалю. Першы дзень зь беларусаў на сцэне выступалі берасьцейскі гурт TerraKod, эстафэту перахапілі хлопцы з :B:N:, і завяршальныя акорды пад дажджом праводзіла Sciana.

Ранкам разьведка на запраўцы выявіла наяўнасьць палякаў зь вялікай колькасьцю пустой тары з-пад піва. Смачным сьняданкам там і не сьвяціла, таму хлопцы павезьлі мяне знаёміць з кавярняй «Promyk».

Мажліва гэта будзе рэклямай, ну і хай сабе :)

Цудоўнае мейсца! Мала таго, што там танна й смачна можна перакусіць, дык яго гаспадар яры прахільнік Басовішча. Крысьціян Альжбэта ўжо шмат год сочыць за фэстывалем. Пра што сьведчаць сьцены яго па-свойму ўтульнай кавярні: іх упрыгожваюць плякаты фэстывалю розных гадоў, фотаздымкі Вольскага і «Крамы», якія Крысьціян зрабіў сам. Чалавек ён ветлівы, уважлівы ды гасцінны. Бонусам да ўсіх пералічыных рысаў ідзе той факт, што калі да яго завітвае беларуская кампанія, яго прайгравальнік пачынае чытаць плытку NRM. Раніца ў «Promyk» была незвычайная, атмасфэрная. Паразглядала плякаты з «Басовішча» розных гадоў — усе такія розныя і адметныя, з густам. Чытала склад артыстаў, якім давялося браць удзел у папярэдніх фэстах, і шкадавала, што не давялося папрысутнічаць на іх. Маўчу пра тое, як здорава было піць гарбату, калі тваё сэрца падпявае «Прыдумай сабе свой сьвет, прыдумай сабе сьвятло, прыдумай…»

З такім настроем набліжаўся вечар другога канцэртнага дня на сцэне Басовішча. Больш людны і жвавы. Усё больш палякаў прыбывала на бясплатны канцэрт пад адкрытым небам. Усё больш было выпіта піва. Дзіўнае спалучэньне мацёрых байкераў у чорным з маленькімі дзяўчынкамі ў ружовых убраньнях — гэта Басовішча.

Шэрагі ля сцэны запаўняліся шчыльней, усё больш бел-чырвона-белых сьцягоў лунала над галовамі слухачоў. Завялі публіку IQ48 – «Здаровыя лосі» :) У прыгожых строях і з прыгожым спалучэньнем музычных інструмэнтаў выступілі Kalmary. Моц голасу паказаў беларускі Znich. А самае «смачнае», як дэсэрт, пакінулі на завяршэньне фэстывалю — трывалыя Neuro Dubel.

Параўноваць мне пакуль моцна няма з чым. Але, спадзяюся, што Басовішча яшчэ будзе жыць, будзе запрашаць крутых музыкаў, а тыя будуць згаджацца сьпяваць на традыцыйнай сцэне сярод лесу! Бо, наслухаўшыся гісторыяў пра фэст: як жа без Басовішча?

 → Фотарэпартаж з Басовішча-2012 (частка 1), (частка 2)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.