Беларускія спэцслужбы знайшлі яшчэ 50 порнасайтаў

У Беларусі цяпер «прыкладна 80 сайтаў», якія па вэрсіі спэцслужбаў утрымліваюць парнаграфію альбо экстрэмісцкія матэрыялы. За апошні год лічба гэта вырасла ў чатыры разы. Працэс пошуку «порнасайтаў», у лік якіх трапілі і навінныя рэсурсы «Хартыя’97» і «Беларускі партызан», суправаджаўся ўзмацненьнем тэхнічных магчымасьцяў Белтэлекаму па цэнзуры Інтэрнэту.

Сьпіс забароненых сайтаў цяпер улучае 80 пазыцый. Большасьць зь іх публіцы невядомыя. Аднак паводле інфармацыі, што ў розны час трапляла ў прэсу, у беларускі «чорны сьпіс» трапілі найпапулярнейшыя навінныя сайты: «Хартыя’97» і «Беларускі партызан».

Праўда, забаронена іх праглядаць толькі дзяржаўным службоўцам і студэнтам і іх настаўнікам і толькі на працоўных месцах альбо ва ўнівэрсытэтах, школах і ўстановах культуры. Такія правілы карыстаньня Інтэрнэтам у дзяржаўных і навучальных установах прадугледжваў скандальны Ўказ № 60, што быў падпісаны яшчэ 2 гады таму.


Фота it.tut.by

Цяпер стала вядома, што Белтэлекам — арганізацыя, што мае магчымасьць кантраляваць фактычна ўвесь Інтэрнэт-трафік у Беларусі — завяршыў наладку абсталяваньня, якое дазваляе блякаваць любыя сайты на тэрыторыі краіны. І цяпер такіх можа быць не 80, а, да прыкладу, 80 тысячаў.

Па словах генэральнага дырэктара РУП «Белтэлекам» Сяргея Папкова, «Белтэлекам» завяршыў будаўніцтва сыстэмы спэцыялізаваных DNS-сэрвэраў.

«Асноўная яе задача — абараніць спажыўцоў ад трафіку, які не патрэбны ні ім, ні іх дзецям. Перш за ўсё гэта тычыцца сайтаў зь дзіцячай парнаграфіяй і інтэрнэт-рэсурсаў, якія належаць тэрарыстычным групоўкам», — заявіў БелТА гендырэктар.

Праўда, і звычайныя карыстальнікі могуць вырашыць, што 80 невядомых сайтаў ім таксама «не патрэбныя» і добраахвотна папрасіць Белтэлекам перакрыць ім да іх доступ.

Акрамя гэтага, новая сыстэма DNS-сэрвэраў дазволіць спэцслужбам у любы момант прыняць рашэньне аб блякіроўцы непажаданага сайту, што прывядзе да імгненнага зьнікненьня доступу да яго ва ўсіх беларускіх карыстальнікаў.


Дакумэнт, што тлумачыць, як правільна карыстацца сэрвісамі цэнзуры ад Белтэлекаму

Апошні раз намаганьні беларускіх спэцслужбаў па цэнзуры Інтэрнэту прыцягнулі сусьветную ўвагу ў студзені гэтага году. Тады правайдэрам за адмову ад блякаваньня непажаданых сайтаў стаў пагражаць судовы перасьлед. Вал публікацый у замежных мэдыях прымусіў заходніх бізнэс-партнэраў задумацца: а ці варта надалей супрацоўнічаць зь беларускімі кампаніямі. У выніку дзяржструктурам прыйшлося па-сур’ёзнамі паёрзаць: над амаль адзіным артыкулам беларускага інтэлектуальнага экспарту навіс дамоклаў меч абмежаванасьці айчынных цэнзараў і законатворцаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0586 seconds.