Менская адукацыя названая самай карумпаванай

Менскія ўнівэрсытэты і каледжы — сапраўднае логава беларускіх хабарнікаў і карупцыянэраў. Прынамсі такую выснову можна зрабіць пасьля знаёмства з дадзенымі пракуратуры гораду.

«За 5 месяцаў 2012 году ў Менску зарэгістраваныя 189 карупцыйных злачынстваў. І 49 зь іх зьдзейсьненыя супрацоўнікамі сфэры адукацыі», — паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» старэйшы памочнік пракурора Менска Сяргей Балашоў.

Як перадае БелаПАН, найчасьцей такія злачынствы зьвязаны з хабарам, часам службовыя асобы парушаюць закон злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі.

За апошні год у прэсу прасачылася інфармацыя аб некалькі буйных эпізодах хабарніцтва. Найчасьцей выкладчыкаў ловяць на хабары за пасьпяховую здачу іспыту. Звычайна пытаньне вырашаецца за $250–300.

Найбольш карумпаваным сярод іншых менскіх ВНУ выглядае Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт. За апошні год там злавілі двух выкладчыкаў адной катэдры, што бралі са студэнтаў за іспыты ад $45 да $70, а таксама загадчыцу інтэрнату, што «вырашала пытаньні» з засяленьнем студэнтаў за 650 тысячаў.

Пракуроры кажуць, што часьцей за ўсё злачынцы неаднаразова бяруць хабар, і парушыць такім чынам закон можна амаль у любой сфэры. Акрамя адукацыі, карупцыя ў Менску асабліва расквітнела ў прамысловасьці, дзяржаўным кіраваньні і гандлі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.