У Горках выкладчыцу арыштавалі за хабар у $100

Загадчыца адной з катэдраў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках трапілася на хабары ў $100. У такую суму яна ацаніла пасьпяховую здачу іспыту двума студэнтамі. Цяпер бліжэйшыя 10 гадоў жанчына рызыкуе правесьці ў турме.


Адзін з навучальных карпусоў БДСГА. Фота zeml.ru

Гучнай для Горак карупцыйнай справай займаецца маёр мясцовай міліцыі Андрэй Лапеза. Паводле ягоных словаў, выкладчыцы Акадэміі скарысталася сваім службовым становішчам і прыняла ад мясцовага жыхара 100 даляраў ЗША. За гэтыя грошы яна паабяцала, што для двух студэнтаў БДСГА здача экзамэну скончыцца ўдала.

Як піша газэта «УзГорак», празь некалькі дзён пасьля апісанага эпізоду хабарніцтва быў усталяваны яшчэ адзін падобны факт. Гэтая ж выкладчыца не адмовілася прыняць «у падарунак» яшчэ $50 ад іншага чалавека. Зноўку папрасілі «дапамагчы» ў вырашэньні праблемы з іспытам для яшчэ аднаго студэнта.

Падазраванай пагражае тэрмін ад трох да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, а таксама забарона займаць пэўныя пасады на адведзены законам тэрмін. Цяпер выкладчыца ўтрымліваецца пад вартай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0638 seconds.