На пешаходны канцэрт «Рэха» прыехаў аўтазак

Гарадзкія ўлады беларускай сталіцы працягваюць пазытыўны экспэрымэнт зь пешаходнай вуліцай ў цэнтры гораду, які быў задуманы, каб прыцягнуць увагу турыстаў. Пакуль гасьцей у беларускай сталіцы няшмат, адмыслова запрошаныя адміністрацыяй горада музыканты прыцягваюць на вулічныя канцэрты сваіх прыхільнікаў, аплядысмэнты якіх прыцягваюць заадно і міліцэйскі спэцназ.

Такім чынам, з траўня, кожныя выходныя з 10.00 да 23.00 кавалак вуліцы К.Маркса ад Камсамольскай да Валадарскага перакрываецца ад руху транспарту і перадаецца ў «валоданьне» пешаходам, музыкам і мастакам. Праўда, апошніх на шурпатай паверхні горада ў адведзеным дыяпазоне пакуль няшмат. Але адміністрацыя Ленінскага раёну Менска не губляецца, і сама запрашае музыкаў сьпяваць на вуліцы. Гэтымі выходнымі на вуліцу запрасілі гурты «Рэха» і «Маланка Аркестр».

Таму суботнім вечарам мінулых выходных музыкі гурта «Рэха» спакойна расчахлілі інструмэнты ля ганку Музэю гісторыі і культуры Беларусі і пачалі дарыць слухачам першыя акорды. Людзі ўсё падыходзілі, хто папярэдне даведаўся з сацыяльных сетак і адмыслова ішоў паслухаць любімы гурт, а хто — выпадковы мінак, зазірнуў паслухаць вясёлыя мэлёдыі, ды застаўся. Так назьбіралася пару соцень чалавек: ад дзетак да пэнсіянэраў.

Але неўзабаве да музычных хвалях з боку Камсамольскай вуліцы далучыўся галоўны атрыбут сучаснага Менску — зялёны аўтазак, а ў шэрагах слухачоў зьявіўся міліцэйскі спэцназ.

Андрусь Такінданг спачатку запрасіў прадстаўніка адміністрацыі Мінгарвыканкама патлумачыць нэрвовым спэцназаўцам, што імпрэза санкцыянаваная. Але ў выніку і сам пакінуў мікрафон, каб супакоіць міліцыю. У выніку перамоваў і тэлефоннага званка імпрэза змагла працягнуцца, а міліцыя згубіла інтарэс да музыкі і зьехала. А Андрусь вярнуўся да мікрафона.

Канцэрт працягнуўся: музыкі гралі, Андрусь сьпяваў, людзі жвава ўсьміхаліся ды падпявалі тэксты, вылучыўся нават самы яры прыхільнік завадной мэлёдыі — маленькі хлопчык з чырвонай кепкай, што ў танцы абышоў не адно кола. І, канешне ж, усе карысталіся мажлівасьцю папляскаць у далоні.

Па ідэі, цяпер стаць удзельнікам вулічнага канцэрту на Карла Маркса можа любы музыка. Толькі папярэдне трэба патэлефанаваць у аддзел культуры Адміністрацыі Ленінскага раёна Менска, і дамовіцца з куратарам, які адказны за гэты праект.

Болей здымкаў з гэтага канцэрту. А таксама рэпартаж з вулічнага канцэрту Recha каля гарадзкой Ратушы ўвесну 2010. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.