Упершыню ўвесь конкурс маладых гуртоў «Басовішча» пройдзе ў Беларусі
Сёлета ўпершыню конкурс маладых гуртоў «Басовішча» праходзіць у Беларусі, а на сам фэст паедзе толькі адзін яго пераможца. Канцэрт, па выніках якога абяруць лепшых, пройдзе ў Менску з удзелам 5 гуртоў 24 чэрвеня.
«Мы атрымалі амаль 40 заяваў. На жаль, змаглі выбраць толькі 5 гуртоў, якія будуць змагацца 24 чэрвеня ў менскім клюбе Rocker Bar», — тлумачыць прадстаўніца БАС Кацярына Максімец.
І так, сьпіс гуртоў, якія сёлета прымуць удзел у адборачным туры на «Басовішча»:
- Acid Head (відэа)
- Inside Us (суполка ў vk)
- PANaNieba (soundcloud)
- PAWA (суполка ў vk)
- SONIKA (суполка ў vk)
Традыцыйна конкурсная частка самага старога беларускага рок-фэсту праходзіла ў Гарадку (Польшча), дзе на легендарнай сцэне сярод лесу выступалі лепшыя маладыя беларускія гурты, на думку журы фэсту. Самы лепшы атрымліваў узнагароду ў выглядзе запісу альбому альбо іншыя каштоўныя прызы.
Цягам некалькіх год у Менску адбываліся адборачныя канцэрты на фэстываль «Басовішча». У 2006-м каманда Studenty.by правяла такі канцэрт упершыню пад назовам «Адборышча».
На сёлетнім «Басовішчы» 13-14 ліпеня выступяць шэсьць гуртоў зь Беларусі: IQ48, «Сьцяна», Znich, :B:N:, Terrakod і «Кальмары», а таксама польскія калектывы: беларускамоўныя Rima ды Ilo&Friends і польскамоўныя Farben Lehre i Raggafaya. Апроч таго ўначы забаўляць прысутных будуць беластоцкія ды-джэі Majki ды Dtekk і гарадзенскія Kreep i Nobel. Пры гэтым імя яшчэ аднаго польскага гурта пакуль не раскрываецца.