Х'ю Лоры: «Месяц жыцьця ў аўтобусе роўны году нармальнага жыцьця»
Х'ю Лоры ня любіць пытаньняў пра доктара Хаўса. У жыцьці актор ўсьмешлівы, харызматычны, і любіць блюз — настолькі, што прысьвячае жыцьцё падарожжам у аўтобусе з музыкамі па ўсім сьвеце: ад Паўднёвай Амэрыкі да Беларусі. Варта ўслухацца ў блюз Х'ю Лоры і выкінуць з галавы доктара Хаўса назусім, як стары Грэгары раптам сам усплывае ў размове. У эксклюзіўным інтэрвію арганізатарам менскага канцэрту Х'ю Лоры раскладвае галаву доктара на дзьве паловы і падбірае да кожнай адпаведную музыку.
Х'ю, у траўні вы пачалі канцэртны тур і ўжо выступілі з гуртом «The Cooper Bottom Band» у многіх краінах. Які канцэрт запомніўся вам больш за ўсё і чаму?
Яны ўсе пацешылі нас. Спадзяюся, публіцы таксама спадабалася... Аднак Буэнас-Айрэс, мабыць, быў самым захапляльным. Па-першае, памер самога горада (заўв: Буэнас-Айрэс ўваходзіць у лік 20-ці найбуйнейшых гарадоў сьвету). Публіка ў залі была маладая, эмацыйная і поўная энэргіі настолькі, што нам прыйшла думка зайграць ім танга. Шоў атрымалася цудоўным — мабыць, мы пакінем танга ў праграме.
Ці ўплывае блюз на характар чалавека? Ці адчуваеце вы ў сабе зьмены з тых часоў, як сталі блюзмэнам?
Я ня думаю, што запіс блюзавага альбому мяне моцна зьмяніў. Я пачаў граць і слухаць гэтую музыку, калі быў хлопчыкам. Я ўжо тады быў зьмененым. Паверыў у тое, што блюз можа выказваць любую эмоцыю: радасьць, смутак, каханьне, лютасьць — усё, што заўгодна.
Як вы зьбіралі музыкаў для «The Cooper Bottom Band»? Вы былі знаёмыя зь імі раней?
Усе, акрамя саксафаніста Вінсэнта Генры, гралі са мной. Дакладней, іх знайшоў мой музычны прадусар і ў цяпер добры сябар Джо Генры (ён ня мае роднасных сувязяў з Вінсэнтам, не). Джо заўсёды ведаў, хто нам патрэбны, і меў рацыю. Наагул, я сябрую з гэтымі музыкамі ня так даўно — крыху больш за год. Але калі ты жывеш з кімсьці ў адным аўтобусе, табе не застаецца нічога, акрамя як пазнаёміцца бліжэй¸ прычым, даволі хутка. Месяц жыцьця ў аўтобусе прыкладна роўны году нармальнага жыцьця.
У вас наперадзе яшчэ паўгады сумеснага жыцьця ў аўтобусе, плюс самалёты, гатэлі, канцэртныя пляцоўкі — ці цяжка будзе правесьці столькі часу разам?
Ды не! Прынамсі, пакуль. Мы з музыкамі ўяўляем сабой шчаслівы братэрскі калектыў — хаця не, ёсьць адна сястра Джын Маклейн. Мы атрымліваем асалоду ад часу, які бавім разам. Асабліва прыемна граць разам канцэрты.
А што больш займальна: граць канцэрты жыўцом або запісваць тыя ж песьні ў студыі Новага Арлеану разам зь Ірмай Томас і сэрам Томам Джонсам?
І тое, і тое хвалюе. Проста па-рознаму. У студыі быў выбух пачуцьцяў, накал страсьцей, а гульня на сцэне дае адрэналін. Мне дык дакладна дае — спадзяюся, гледачам таксама перападае.
Хто прыдумаў назву альбома «Let them talk»? Вам сапраўды важна, што кажуць вакол?
Гэта зноў прадусар Джо Генры. Яго ідэяй было назваць увесь альбом па імені песьні Джэймса Букера «Хай кажуць», і мне гэта адразу спадабалася — таму што фраза характарызуе і мой пэрсанальны запал да музыкі, зь якім нічога нельга зрабіць, хто б што ні думаў. Я стараюся быць сумленным з сабой, і мяне ня моцна турбуе тое, што кажуць людзі.
Што сказаў ваш сябар Стывэн Фрай пра альбом «Let them talk»?
Ён сказаў, што яму па-сапраўднаму падабаецца — хоць ён добры сябар, і можа быць, ён павінен быў гэта сказаць?
Ці ёсьць розьніца паміж клясычнай ангельскай і брытанскай песьняй?
Я думаю, яны зьвязаныя адна з адной. У амэрыканскім блюзе куча элемэнтаў ангельскага фольку, камэрнай, нават царкоўнай музыкі. У той жа час у блюза пэўны гук. Некаторыя ноты ў яго структуры не зьяўляюцца больш ні ў адным музычным стылі.
А як наконт сэнсу песень Новага Арлеану? Ці не падаецца вам, што яны нерэальна сумныя, аж да сьлёз?
Гэта адныя з самых выдатных словаў, калі-небудзь напісаных, і адныя з самых выдатных гукаў, калі-небудзь сыходзячых ад чалавецтва. Некаторыя зь іх сапраўды заганяюць мяне ў смутак, а іншыя робяць мяне шчасьлівым, як нішто іншае ў сьвеце.
Вы аднойчы згадалі матэматычны кампанэнт у музыцы. Што вы мелі на ўвазе? Яго строгую формулу? Немагчымасьць імправізацыі?
Я мяркую, гаворка ішла пра матэматычна вывераную частку мозгу Грэгары Хаўса — што некаторыя віды музыкі, а дакладней клясычная, дэманструюць тое, як працуе яго галава. Але ў доктара Хаўса два бакі: другі больш вольны, інтуітыўна і больш схільны да імправізацыі. Я б сказаў, гэта бок джазу.
Пісьменьнік Хантэр Томпсан распарадзіўся, каб песьня Боба Дылана «Mr. Tambourine Man» грала на яго пахаваньні. Ці лічыце вы, што саўндтрэк для гэтай цырымоніі трэба выбіраць загадзя?
Напэўна, я павінен выбраць, каб пазбавіць сваю сям'ю і сяброў ад гэтага? Але ў мяне зусім няма ідэй аб тым, што гэта можа быць. Чамусьці ня хочацца думаць аб гэтым занадта шмат.
Вы казалі, блюз быў вашай марай. Вось мара спраўдзілася — вы запісалі блюзавы альбом. Што зьяўляецца вашай марай цяпер?
Яшчэ адзін блюзавы альбом :)
Х'ю Лоры выступіць 22 чэрвеня ў Палацы Рэспублікі, пачатак у 20.00. Квіткі па тэлефонах: (029) 650 11 33 і на сайце allstars.by. Электронныя продажы ў сістэме ticketpro.by.