Дыягназ: блюз. Х'ю Лоры ў Менску

Брытанскі актор, парадыст і музыка Х'ю Лоры (Hugh Laurie) дасьць у Менску сольны канцэрт. Гэта адбудзецца 22 чэрвеня на сцэне Палаца Рэспублікі. Гледачы ведаюць Х'ю Лоры ў першую чаргу як актора, які адыграў доктара Хаўса у вядомым сэрыяле. Між тым, сьвету ён вядомы як шалёна добры блюзавы музыка.

Яго нядаўна выпушчаны дэбютны альбом «Let Them Talk» ужо праз тыдзень пасьля выхаду заняў першыя радкі брытанскага нацыянальнага гіт-параду і трапіў у Hot 100 музычнага часопіса Billboard. Х'ю Лоры прызнаваўся:

«Музыка заўсёды была для мяне велізарным суцяшэньнем, і калі акторская гульня – у тым, каб надзець маску ці вобраз, то музыка – гэта зрываньне маскі і агаленьне сябе».

Для запісу кружэлкі «Let Them Talk» Х'ю Лоры адправіўся ў Новы Арлеан. «У маім уяўленні Новы Арлеан літаральна струменіць музыку, рамантыку, радасьць і адчай», – прызнаецца Х'ю Лоры. Як сапраўдны актор, ён выкарыстоўвае ў песнях новаарлеанскі акцэнт. Акрамя фартэпіяна, Х'ю Лоры валодае губным гармонікам, саксафонам і гітарай. Яго называюць ангельцам, па вушы закаханым у амэрыканскі блюз. У запісе пласьцінкі ўдзельнічалі сэр Том Джонс, легенда рытм-энд-блюз Ірма Томас і гуру псыхадэлікі 60-х піяніст Dr. John. Аб апошнім Х'ю Лоры кажа:

«Я вывучаў гадамі яго сольны альбом Dr John Plays Mac Rebennack і навучыўся граць яго цалкам, нота за нотай. Гэта падобна на музычнага маніякальнага перасьледу, таму што гэта яно і ёсьць».

Альбом Х'ю Лоры «Let Them Talk» прадусаваў джазмэн Джо Генры, муж сястры Мадоны і сябар Х'ю Лоры.

Ёсьць жарт музыкаў: калі вы хочаце зрабіць мільён на джазе, пачніце з двух мільёнаў. Х'ю Лоры, самы высокааплочваемы актор на амэрыканскім тэлебачаньні, блізкі да гэтай праўды. Х'ю Лоры вырашыў перайграць вялікую блюзавую клясыку. У альбом увайшлі і «St. James Infirmary» – каронная рэч Луі Армстронга, і «Swanee River » – песьня чорных амэрыканцаў з плянтацый, і «Buddy Bolden's Blues» – кампазыцыя, прысьвечаная трубачу, які зьмяшаў рэгтайм і блюз, і, па сутнасьці, вынайшаў джаз.

«Я абраў вельмі вядомыя рэчы, якія шырокая публіка не надта добра ведае. Асабліва моладзь. Па мне, гэта злачынства».

Х'ю Лоры прызнаецца: «Я заўсёды марыў быць блюзмэнам. Гэта была мара, адкладзеная ў бок, таму што я заўсёды баяўся думкі навакольных. Потым мне стукнула 50, і мне стала напляваць».

Афіцыйны сайт Х’ю Лоры: hughlaurieblues.com. Канцэрт у Менску адбудзецца 22 чэрвеня ў Палацы Рэспублікі. Пачатак у 20.00. Кошт квіткоў ад 250.000 да 1.500.000 рублёў. Квіткі праз тэлефон (029) 650 11 33 і сайт allstars.by. 

16:00, 16/04/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.