«Бацькі не разумелі, куды я грошы аддаю» — пошукі дамоў для бяздомных жывёлаў

У сонечную, а для герояў усёй задумы яшчэ й чаканую і ўрачыстую нядзелю 9 чэрвеня, болей сотні катоў і сабак у суправаджэньні часовых гаспадароў ці валанцёраў сабраліся ў Парку Чалюскінцаў. Усе жывёлкі чыстыя, прышчэпленыя, стэрылізаваныя і ўсхваляваныя прадчуваньнямі сустрэчы новых гаспадароў.

Сёньня тут можна абраць сабе сябра на любы густ. А для тых, хто ня можа ўзяць жывёлу дадому, аднак дапамагчы хоча, стварылі адмысловы пункт, дзе можна было пакінуць корм ды іншыя неабходныя для жывёл рэчы.

Людзей і ўвагі да акцыі шмат. І ўсе неабыякавыя маглі на месцы пакінуць подпіс за замену адміністратыўнага пакараньня на крымінальнае за жорсткі абыход з жывёламі. Нагодай для такой ініцыятывы стаў жудасны выпадак з забойствам трохгадовага дабэрмана.

Грамадзкае аб’яднаньне «Эгіда» працуе з 2006 году. Удзельнікі хочуць зьмяніць сучасную праграму адлову і зьнішчэньня жывёл, іх утрыманьня ў пункце часавага знаходжаньня на вул. Гурскага і выстапаюць за прыняцьцё заканадаўства, якое б рэальна ахоўвала правы жывёлаў. Афіцыйна прытулкаў для жывёл у Беларусі няма, «Эгіда» арэндуе невялікую хатку, куды мясцуе 15-20 катоў і ўсяго некалькі сабак. Астатнім жывёлам даводзіцца шукаць часовая хату — «ператрымку» — сярод знаёмых і на сайце ініцыятывы. Ніякіх дзяржаўных датацыяў аб’яднаньне ня мае, уся праца трымаецца на аланцёрах і ахвярваньнях.

Generation.by таксама завітаў на акцыю. Пра тое, што штурхае моладзь дапамагаць жывёлам, а не людзям, дзе набрацца столькі дабрыні і як да гэтага ставяцца сваякі — размаўляем з Ксеніяй Бука.

Эгіда — гэта людзі, якія дабраахвотна жадаюць дапамагаць жывёлам: лякуем, апякуемся, стэрылізуем, вакцынуем бяздомных жывёл. Афіцыйна зарэгістраваных у «Эгідзе» чальцоў ня так шмат, большасьць — проста валанцёры, якія дапамагаюць, чым могуць. Не абавязкова станавіцца чальцом арганізацыі, каб дапамагаць жывёлам. Мы імкнемся працаваць больш у інфармацыйным кірунку, распавядаць пра жывёл, займацца іх рэклямай.

Пачалося ў 17 год

Да «Эгіды» я далучылася ў самым пачатку, калі ў ёй было зусім мала людзей. Калі я пайшла працаваць, мне было 17 год. Я тады вырашыла, што зь першага заробку абавязкова нешта куплю для жывёл. Так я пачала ездзіць у прытулак, дапамагаць ім. Хтосьці абірае дапамогу дзецям, хтосьці — жывёлам, каму што бліжэй. Быў час, што гэта была як другая праца, бо пасьля сваёй асноўнай я адразу ехала ў прытулак. А цяпер я займаюся менавіта арганізацыйнамі пытаньнямі. Кожны бярэ на сябе роўна столькі, колькі можа вытрымаць.

У мяне свой сабака і на ператрымцы яшчэ два

Іх кінулі гаспадары, яны былі на Гурскага і іх павінны былі хутка ўсыпляць. Калі бачаш, што ніхто іх не забірае, то адказнасьць за іх жыцьцё бярэш на сябе. Я іх доўга лекавала. Цяпер яны здаровыя зусім і вельмі цешыць, што аднаго забралі на сёньняшняй акцыі. Я шчасьлівая, што ў яго будуць сапраўдныя гаспадары.

Бацькі не разумелі, куды я грошы аддаю

Усе добра ставіліся да маёй дзейнасьці: і сябры, і бацькі. Праўда, напачатку не разумелі, куды я грошы аддаю, а потым пачалі цікавіцца, хвалявацца за маіх сабачак.

Калі агулам казаць пра грамадзтва, то некаторыя не разумеюць, чаму я дапамагаю жывёлам, а не дзецям. Некаторыя не любяць жывёл, але ж цешыць, што зьяўляецца ўсё больш людзей, гатовых дапамагаць жывёлам.

У нас свабода на катаваньне

Нам не хапае рук, бо ёсьць домікі для жывёл, дзе жывуць сабакі і каты, якіх патрэбна выгульваць, карміць, займацца зь імі, раздаваць улёткі, рэклямаваць.

Усе ідзе зь сям’і, там фармуецца стаўленьне да жывёл. Тым, у каго сабака, напрыклад, на ланцугу каля дома жыве, будзе складана зразумець, як гэта — мой ляжыць на канапе.

Нашай краіне не хапае закону, які прэдугледжвай бы крымінальнае пакарньне за жорсткі абыход з жывёламі, гэта б стрымлівала людзей. У нас жа свабода на катаваньне. Мы дасылалі шмат прапаноў для ўнясеньні паправак у сучасны закон, нам амаль ва ўсім адмовілі. Заканадаўцы ж думаюць не пра жывёл, а пра людзей перадусім, каб ім было зручна. У сучасным законе зьмешчаны нормы ўтрыманьня жывёл, а ня нормы, якія б забясьпечвалі іх абарону.

Вельмі добра, што нам дапамагаюць людзі, як грошамі, так і нейкімі рэчамі, шмат дамоваў з вет-клінікамі маем, ёсьць падтрымка, праўда дзяржава ў гэтым не зацікаўленая, а мы б хацелі, каб яна нам вылучыла нейкі будынак, дзе мы зрабілі б паўнавартасны прытулак. Бо мы фізычна ня можам прымаць жывёл ад людзей, якія ад іх проста адмаўляюцца.

Шчасьліўчыкі: 7 сабак і 10 катоў

Гэтыя ўдзячныя вочкі выратаваных сабак, котак акупаюць усю працу і высілкі. Валанцёры не праседжваюць штаны на канапе пасьля вучобы ці працы, а займаюцца сапраўды карыснай справай, пасьпяваюць рабіць усё. Сапраўдныя жывыя людзі з добрым сэрцам. Вось і на акцыі сёньня забралі 7 сабак з 60-ці і 10 катоў. Гэта зусім няшмат, але ж мы цешымся, калі хоць аднаго забіраюць.

Азіраемся ў пошуках валанцёраў. Распавядае Юра, у абдымках з сабакам:

Гэта быў сардэчны парыў — бачыць жывёл на вуліцы было невыносна. Я са сваёй дзяўчынай шукаў нейкі прытулак для жывёл у Менску, каб празь яго дапамагаць. Так і знайшліся з «Эгідай». Калі першы раз прыехалі да іх, было неверагодна: натоўп сабачак бяжыць на цябе. Гэта быў пераварот! Кагосьці кінулі гаспадары, хтосьці нарадзіўся такім. Калі яны падбягаюць да цябе, машуць хвосьцікам — гэта шчасьце.

Юра ўжо чатыры месяцы дапамагае жывёлам, а Надзя Голад ужо сапраўды спэц — стаж у 4 гады.

Я проста хацела адчуць, што мы жывем у сучасным грамадсве. Усе крычаць, што Беларусь у цэнтры Эўропы, але ж пры гэтым у нас няма прытулку для жывёл. У мяне ў самой чацьвёра: 2 коткі і 2 сабакі. Я зразумела, што якой бы маленькай не была мая дапамога — гэта унёсак у агульную справу.


Аўтар фота Юля Сакалоўская

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0634 seconds.